Выбрать главу

А Уладзімір са злой пэўнасцю яшчэ ступіў наперад. Бомж завыў тонка і працягла, пабег, потым крутануўся ў завулак і знік за паваротам.

Жанчына-бамжыха, пахістваючыся, няўцямна ўзіралася ўслед свайму напарніку. Зірнула на Уладзіміра, і ён пабачыў дурнавата-п’яны твар, шэры, непрыгожы. І чужымі, украдзенымі падаліся яе вочы — вясёлага, насычана васільковага колеру.

Жанчына правяла Уладзіміра вачыма, потым няпэўна рушыла за сваім напарнікам. Прыпынілася і гукнула, скрыпучым рэзкім голасам:

— Санёчак! Пача-а-ка-ай!

Больш да самага дома Уладзімір нікога не сустрэў. Як зайшоў, прыхапіў дзверы на замок, завесіў шчыльна вокны. Адчыніў падмосце. На кухні ўзяў з шафкі невялікую бляшанку, дзе была некалі гарбата. Зняў з сябе крыж, загарнуў яго ў чыстую сурвэтку, потым уклаў у бляшанку, зачыніў. У падмосці выкапаў ямку і там схаваў бляшанку з крыжам. “Тут будзе пэўна”, — падумаў супакоена. Сустрэча з бамжом не на жарт узрушыла яго. Уладзімір разлічваў на тое, што бомж нічога не мог зразумець — проста яго пагнала ад Уладзіміра хваля страху. Але непакоіла іншае: колькі ж іх? Колькі, калі ў першы дзень на такой бязлюднай вуліцы ён адразу сустракае аднаго з іх?

Ад раскладзенай і засланай Ірынай канапы ішоў няўлоўны пах. Уладзімір без думак нейкі час глядзеў на месца іх кахання. Ён усё разумеў — яе вымусілі. Чалавека лёгка вымусіць, калі ён адказвае не толькі за сябе, калі ў яго ёсць блізкія і дарагія яму людзі.

Дастаў свой ноўтбук.

Думка пра гэтую работу стрэмкай сядзела з таго моманту, калі ён адчуў у тым цёмным зверы Ганнін пах.

Калі Ганна ў той вечар выйшла на двор, значыцца, яна ведала таго, хто яе клікаў.

Напярэдадні яна казала, што атрымала нейкі ліст з фотакарткай. Інакш кажучы, ліставалася ў сеціве. Яна магла быць зарэгістраваная ў нейкіх сацыяльных сетках. Не дзіва: маладая сучасная жанчына, якая жыве ў такой глухой вёсцы, мусіла мець нейкія яшчэ стасункі з навакольным светам.

Успамін пра той дыск, на якім ён стварыў копію сістэмы Ганнінага кампутара, жыў ва Уладзіміры пякучай надзеяй. Пякучай, бо цяпер ён меўся залезці ў асабістае жыццё жанчыны. І няхай яна была мёртвая... тут мёртвая. Няхай Уладзіміру тое было патрэбна, гэта зусім не змяншала сораму ад таго, што ён меўся рабіць.

“Прабач, Ганна, інакш мне яго не знайсці”, — у думках папрасіў ён прабачэння, увамкнуў ноўтбук з устаўленым дыскам.

Нізкі гарлавы птушыны крык за акном прымусіў яго здрыгануцца. Гук быў дзіўны, бо такі пачуць у горадзе практычна немажліва. Уладзімір пазнаў яго, успомніў, што за птушка можа так спяваць. Дзікі голуб, туркаўка...

Уладзімір выйшаў, закурыў і асцярожна стаў набліжацца да старых яблынь. Зноў пачулася нізкае гарлавое спяванне, і Уладзімір пабачыў самую птушку: меншую за голуба, шаравата-ружовую, з чорнай паласой на шыі, нібы на невідомым адсюль матузку павешаны медальён. Нейкі час птушка адным вокам пільна ўглядалася ва Уладзіміра, потым махнула крыламі і бязгучна паляцела ў суседні сад.

Уладзімір вярнуўся на ганак, прысеў. Дакурыў і цвёрда накіраваўся ў пакой. Яму прабачылі, падумаў ён.

Успомніў, з якіх антывірусных праграм пачынаў, калі “ажыўляў” Ганнін кампутар, усталяваў сістэму з дыску, пачаў працаваць. Ён быў пэўны, што Ганна карысталася аўтаматычным захаваннем пароляў у браўзеры — так робіць мо дзевяноста адсоткаў карыстальнікаў. Але ўсё адно хваляваўся, калі сістэма запрацавала і можна было зайсці на які сайт. “Аднакласнікі” прызналі адразу — не спатрэбілася і пароля ўводзіць. Прагледзеў запісы. Потым адкрыў асабістае ліставанне.

І слова яшчэ не прачыталася, яшчэ незразумелае было яго значэнне, але адзін выгляд слова выцяў па вачох — і Уладзімір зразумеў, адчуў, і нават здалося, што павеяла нейкім пахам, хоць тое было ўжо занадта, — вось ён. Ён, чорны і невядомы.

Віконт.

Уладзімір уважна чытаў ліставанне, выпісваў паасобныя звесткі пра Віконта, якія ён зрэдку, вельмі зрэдку, пакідаў сам сабе.

Скончыў універсітэт. Жыве адзін. Амаль што ўсё.

Уладзімір чытаў і дзівіўся: чаму Ганна не адчувала яго? Хіба ж не відавочна, што Віконт намагаўся пазнаёміцца з пэўнай мэтай? Ён так настойліва запрашаў у госці... Цікава, што ніколі пры запрашэннях не заікаўся пра сваю кватэру. Казаў пра ўтульныя кавярні і рэстарацыі. Вось адзінае месца, якое сведчыць пра месца жыхарства: «За пяць крокаў ад мяне — шыкоўны “Палац”». І ён жа настойліва прасіў у Ганны дазволу прыехаць да яе... Мабыць, нешта Ганна ўсё ж адчувала, бо ўсяляк стрымвала Віконтавы намеры. Але ж прызналася, дзе жыве. І нават дзе яе дом у Карчавасе.