Не, Ганна невінаватая. Яна не магла яго пачуць. Гэта цяпер ён праявіў сваю існасць. Пасля забойства. Пасля Купалля, калі гаспадары паслалі яго па Кветку. Як паслалі і таго бамжа... так, і бамжа...
...Лобач патэлефанаваў каля адзінаццатай. Уладзімір трохі здзівіўся — апошнія падзеі добра аддалілі яго ад праблем універсітэта, сесіі, экзаменаў. Яшчэ падносячы слухаўку да вуха, згадаў, што збіраўся з Лобачам, прынамсі, прасіўся, у этнаграфічную экспедыцыю. Але цяпер удзел у такой экспедыцыі падаваўся яму простай забаўкай. І калі Лобач нагадае пра экспедыцыю, трэба шукаць нейкія праўдападобныя адгаворкі. Паспеў прыдумаць найпрасцейшае: уладкоўваецца на працу, дык не зможа...
— Дабрыдзень, Алесь Паўлавіч, — прывітаўся першы Уладзімір.
— Дабрыдзень, Уладзімір, — адказаў Лобач. — Зараз я займаюся рыхтаваннем палявых работ... У вас застаўся “хвост”, як вы помніце. Мне ва ўніверсітэце не будзе калі прымаць, то можаце пад'ехаць да мяне. Я сёння буду дома. Вы памятаеце адрас?
— Так, запісваў. Калі можна пад'ехаць?
— А хоць у які час. Залікоўку не забудзьцеся. І ў мяне ж таксама “хвост” застаўся — помніце, вашая кветка-абярэг дагэтуль у мяне. Трэба вярнуць яе вам...
— Ага... — безэмацыйна адказаў Уладзімір.
Залік для яго зусім не здаваўся важным, але ён разумеў, што задачы “другога плану” трэба таксама развязваць, каб не павісалі “хвастамі”. Нельга ж забыцца на ўсё дзеля аднаго...
Выходзіў з дому, калі зноў заспяваў мабільнік. Зірнуў і здзіўлена націснуў “адказаць” — тэлефанаваў галоўны інжынер гаспадаркі, Андрэй Пятровіч, пенсійнага веку мажны, таўсматы мужчына.
— Што там здарылася, Пятровіч? — адразу запытаўся Уладзімір, з цяжкасцю прапускаючы ў сябе тое, што гэтулькі гадоў было ягоным домам: вёску, гаспадарку, сваю працу, сваю згарэлую хату, Алену ўрэшце. Яно было не проста далёкім, яно існавала ў нейкім іншым жыцці, да яго нельга было датэлефанавацца. А вось жа, глядзі, Пятровіч знайшоў яго тут...
— Ды тут пытаннечка адно, дарагі, — сіпата пачаў Пятровіч. — Ты казаў узімку, што ў бабулькі жывеш і, падаецца, на лета яна з'язджае... Тут мне ў адкамандаванне на два дні трэба будзе. А для мяне той гатэль як турма. Мо ў тваім дамку можна будзе пераначаваць? Ці ты кабету якую да сябе падсяліў? — рагатнуў у канцы інжынер.
— Прыязджай, няма жанчын, — адказаў Уладзімір, назваў адрас. — Толькі тэлефануй, як збярэшся, каб удома заспеў...
— Ага, дзякуй.
Уладзімір вымкнуў тэлефон, стаяў у роздуме з хвіліну. Трэба ж, за ўвесь час ён нават не ўспомніў пра свой колішні дом... Ні пра што, ні пра каго не ўспомніў. Хіба добра гэта?
6
Надзея заставалася на хутары ў Антося Зубеля, здаровая і, мабыць, шчаслівая. У яе была добрая перспектыва, прынамсі, Лобач быў заспакоены.
Падзеі апошніх дзён, іх значнасць і эмацыйная напоўненасць бачыліся сёння Лобачу як адмысловае выпрабаванне волі. У пустой кватэры, якая сваёй цішынёй вяртала яго ў будзённы штогадовы спакой адладжанага жыцця, ён успамінаў, прыгадваў і перадумваў тое, што адбылося, выносячы сябе цяперашняга за рамкі ўспамінаў. І на сябе самога ў тыя дні ён глядзеў са спакоем вонкавага назіральніка, канстатаваў дзе залішнюю эмацыйнасць, дзе паспешлівасць...
Такая звычка глядзець на мінулае дапамагала яму за раз пазбыцца перажыванняў, пачаць жыццё з заўтрашняга дня так, нібыта нічога і не здаралася.
Цяпер, гэта было вельмі патрэбна: пачаць жыць нанова, быццам не было ні паўзвар’яцелай сястры, ні Ганны...
Лобачу цяжка было развітацца менавіта з Ганнай, але памог Уладзімір Жабрун, сам таго не ведаючы. Для Алеся Лобача Ганна была простая, прыгожая, разумная і цалкам зразумелая жанчына. Яна ўвайшла яму ў сэрца і розум менавіта такой: прывабнай, няхай і мела яна нейкія асаблівыя здольнасці, нейкую ўрочлівасць — дык жа колькі гадоў прапрацавала ў вясковым медпункце, тут міжволі станеш псіхолагам.
Але Уладзімір Жабрун паказаў на Ганну з іншага боку... Гутаркі пра таямнічы талісман-крыж, пра забойства нібыта дзеля гэтага крыжа схілялі Лобача думаць пра тое, што Ганна была ўдзельніцай нейкай невядомай ці то секты, ці то групы, якая мела свой асаблівы патаемны рытуал, сваіх ворагаў, сваю вайну. Сапраўдную вайну. І відавочна, Ганніна група і тая, удзельнікам якой быў стары Ўладзя — той самы культ.
Алесь Лобач не быў атэістам, ён быў рэалістам. Для яго як навукоўца, блізкімі і зразумелымі былі самыя розныя праявы светаўспрыняцця людзей, ён ніколі не ставіўся залішне крытычна да веры бабулек ці то ў Хрыста, ці то ў Хатніка, ён прымаў існаванне ў вёсках шаптух і лячэнне зёлкамі, замовамі. Але як рэаліст, ён бачыў карані існавання забабонаў.