Выбрать главу

— Пра малітву не ведаю... Цвіце, — сказаў Уладзімір. — Але гэта не папараць. Гэта — Кветка.

Ён казаў спакойна, амаль абыякава, без хвалявання, але ў Лобача міжволі ўзнікала перакананне, што Жабрун кажа праўду — бо якраз так гавораць праўду: без усякага жадання пераканаць у нечым суразмоўцу.

— Камень — гэта брама на той бок. Бок, у якім звычайны чалавек можа бачыць Кветку і Цемру, яе служак, — працягваў Уладзімір. — Помніце: чорт у камені шые чалавеку новае адзенне? Так і ёсць: я патрапіў на той бок ваўкалакам. Мне далі іншае “адзенне”. Успомніце: апошні князь-паганец, полацкі Усяслаў. Яго звалі Чарадзеем, пра яго казалі, што ён можа абярнуцца ў ваўка. Адгалоскі таго, што князь быў апошнім абаронцам Кветкі... Ганна была ахоўніцай Крыжа. Крыж адчыняе камень.

— Дужа цікава, — цяпер задуменна прагаварыў Лобач — яго і па праўдзе зацікавілі Уладзіміравы словы. — А Кветка?

— Я не ведаю, што гэта, — без жалю прызнаўся Уладзімір. — Адно скажу, што цвіце не папараць. Гэта... гэта проста нейкае святло. Падобнае да... клубаватай маланкі, вялікай. Яно з’яўляецца, расце, нейкі час гарыць блакітна-белым святлом. У час яе цвіцення і чытаецца малітва каяты. У гэты ж час Цемра імкнецца задушыць Кветчын агонь. Я ахоўваў агонь. Я біўся з некім ці нечым. Іх было шмат. Нешта незразумелае, чорнае. Толькі гараць вочы і блішчаць іклы. Цяпер я ведаю, нашто яшчэ трэба купальскія вогнішчы...

— І навошта? — ціха пацікавіўся Лобач.

— Гэтыя стварэнні... яны бягуць на ўсякае святло. Іх шмат... І яны кідаюцца на кожнае вогнішча, здалёк яны не могуць адрозніць Кветкі ад простага агню. Гэта павялічвае шанцы абаронцаў. Кветка павінна зацвісці і адцвісці. Малітва мае быць прачытаная.

— І тады што? — усміхнуўся Лобач і ўпікнуў сябе, што не змог схаваць насмешлівасці ў голасе — яшчэ пакрыўдзіцца Уладзімір, а так цікава гаворыць...

— Не ведаю, — зноў проста адказаў Уладзімір, без ценю крыўды, зірнуў у вочы Лобачу. — Хіба трэба ўсё ведаць? Кожны на сваёй ступені нясе адказнасць за свае веды... Я — за свае. Уладзя — за свае. Ганна несла за свае.

— Выбачайце, а можна вас папрасіць расказаць пра ўсё падрабязней? Пра тую ноч?

— Ды я ж амаль усё расказаў, — сумна ўсміхнуўся Уладзімір. — Незвычайна выглядала зямля — быццам яна стала не пукатай, а ўвагнутай. І я бачыў на шмат соцен кіламетраў. Бачыў сотні вогнішчаў...

Уладзімір гаварыў няспешна: як сам прынёс крыж і паклаў яго на камень, як адчуў дрыжанне пад нагамі, як адпіў з біклажкі і абярнуўся ў ваўка, як біўся...

— Ведаеце, — асцярожна пачаў Лобач, калі Уладзімір замаўчаў, — як я зразумеў, Уладзя — вельмі добры зялейнік. Да таго ж, няблагі псіхолаг. А сярод нашых зёлак ёсць і алкалоіды, ёсць расліны, якія ўтрымваюць псіхатропныя рэчывы. Так што той самы глыток настою зёлак з біклажкі мог быць ключавым момантам, вы не лічыце?

Уладзімір усміхнуўся, зірнуў у вочы Лобачу — зірнуў з усвядомленанай перавагай, зірнуў так, як глядзіць дасведчаны чалавек на невука, як прафесіянал на аматара.

— Што, думаеце, я там нажлукціўся і ўсё прысніў? Вас не здзівіла, што сёння, у такую гарачыню, я надзеў кашулю з доўгімі рукавамі? Мог я такое прысніць?

Уладзімір няспешна расшпіліў некалькі гузікаў на кашулі, агаліў свае плечы і павярнуўся імі да Лобача.

Лобач маўчаў.

— Прабачце за такі натуралізм, — Уладзімір зашпіліў гузікі. — Джынсы здымаць не буду, паверце на слова, там не менш укусаў і драпінаў. Гэта ўжо загаілася крыху... Не верыце?

Не надзея нават, а толькі просьба на надзею мільганула ўваччу ў Уладзіміра.

Лобач маўчаў. Потым спытаў ціха:

— Што цяпер?

— Цяпер? — Уладзімір адпіў з кубка, пацепнуў плячыма. — Цяпер позна ісці назад. Трэба ісці далей. Буду шукаць таго, хто забіў Ганну. Я сустрэў яго там... мы біліся. Я даведаўся, што ён — жывы і рэальны чалавек, ён пісаў Ганне лісты, чапляўся да яе, прасіўся на гасціны. Маладзейшы за яе.

— Я ведаю, — не змог стрымаць у сабе ведання Лобач. — Ганна казала, што апошнім часам яе проста пераследуе адзін чалавек праз сеціва.

— Вось... Цяпер я яго знайду.

— Знойдзеце... І што — далей? — настойваў Лобач.

— Не ведаю, — першы раз з нейкай эмоцыяй — гэта быў жаль, уздыхнуў Уладзімір. — Думаю, як знайду, дык потым і веданне будзе. Я заўважыў, што веды, яны ў патрэбны час з’яўляюцца. Я — абаронца. Але няма ахоўніцы крыжа, а яна мусіць быць.

— Чаму абавязана быць? — прафесійна пацікавіўся Лобач.

— Бо Крыж дае веды ахоўніцы. Ахоўніца дае мажлівасць прачытаць малітву. Крыж... многа чаго дае. Таму на яго так палююць.

— Так... вельмі ж усё нечакана і неверагодна. Пакуль што я не магу нават і сказаць чаго наконт пачутага...

— Вы дапаможаце мне? — раптам запытаў Уладзімір.