— Не бойся, дурнічка, як ты сюды трапіла? — ціха і пранікнёна загаварыў Алесь, прычыніў за сабой дзверы. — Зараз я цябе выпушчу...
Засаўка ў дзвярах бразнула як стрэліла, птушка спуджана ўзляцела на насценную шафку.
Лобач хутка зрабіў тры крокі да акна, расчыніў яго максімальна шырока, пасунуў вазон з вялікім калючым кактусам, каб акно не зачынілася. Адышоўся зноў да дзвярэй, потым махнуў рукой на птушку:
— Кыш! Ляці ў акно!
Птушка не рэагавала, адно тупала па беразе шафкі і пазірала на Лобача.
— Ну, дурніца, ляці! — Лобач хапіў з пачапельніка кухонны ручнічок, махнуў на птушку.
Тая ўзляцела і апусцілася на іншую шафку, што была на другім баку кухні.
— Сляпая ты, ці што? Акна не бачыш? — Лобач нервова махнуў ручніком, і бераг ручніка сцёбнуў бы птушку, каб тая зноў не ўзляцела. І села на тую шафку, дзе і першы раз.
— А каб на цябе! — Лобач замахаў ручніком моцна, птушка ўзлятала, сядала то на адну, то на іншую шафку, але ўпарта не хацела ляцець у акно, як не бачыла яго. Некалькі хвілін Лобач ганяў туркаўку з аднаго месца на другое, пакуль яна, урэшце, не села на падаконне.
Лобач замёр — вось, ляці.
Птушка датупала да берага, павярнулася, але не ўзлятала.
— Ды ляці ты! — Лобач скамячыў і шпурнуў ручніком у птушку.
Тая ўзмахнула крыламі і вылецела.
Ён шпарка прычыніў акно і нервова зашмаргнуў на замок.
Задрыжаў і заспяваў мабільнік у кішэні. Лобач з раздражненнем дастаў яго, зірнуў і скрывіўся — тэлефанаваў Уладзімір Жабрун.
— Вельмі перапрашаю, — пачаў Уладзімір. — Я вось што хацеў вам сказаць яшчэ, неяк не выйшла адразу.
— Кажыце, слухаю, — як мог мякка запрасіў Лобач, пазіраючы ў акно — яму здалося, што там нешта мільганула.
— Я казаў, што ўсе ахоўніцы Крыжа мелі сваё, радавое імя...
— Так, казалі, — пацвердзіў Лобач, сочачы за акном — ён пабачыў на даху дома насупраць туркаўку і цяпер сачыў за ёй.
— Я хацеў вам сказаць, якое імя было ў Ганны...
— А вы ведаеце? Яна вам казала?
Туркаўка раптам сарвалася з даху і ляцела цяпер да Лобачавага акна.
— Не, Ганна мне не казала, — адказаў Уладзімір Жабрун. — Але я цяпер ведаю. Яе сапраўднае імя — Галуба...
І ў гэты момант імклівае цельца туркаўкі з усяго размаху, быццам птушка не бачыла перад сабой шкла, урэзалася ў акно.
Лобач уздрыгнуў, ледзь не выпусціў з рукі тэлефон, які раптам стаў слізкім і цяжкім.
Птушка на імгненне распласталася на шкле, яе чорнае вочка, падалося, зазірнула ў пакой. Запаволена, усё адно як шкло было нашмаравана чым клейкім, птушка спаўзла долу, сарвалася і знікла.
На шкле засталася няроўная вадзяніста-ружовая дарожка.
Алесь Лобач сеў — раптам пачало агідна торгацца пад каленямі.
У гэты момант яму страшэнна захацелася аднаго: каб усё адышло як мага хутчэй, забылася, каб жыццё стала па-ранейшаму акрэсленым, з выразнымі абрысамі задач і рэальнымі, а не ірэальнымі развязаннямі. Ды нешта гняло, падказвала, што забыцца — не выйдзе, бо стрэмкай засталася ў ім часцінка нечага. “Кветка! Я ж не аддаў Жабруну яго абярэг!” — Алесь шчаслівы, што намацаў канчар той самай стрэмкі, знайшоў у шуфлядзе стала ўкладзеную ў цэлафанавы пакецік срэбную шасціканцовую кветку.
Неспадзявана яна набыла на далоні вагу, а потым Лобач адчуў цяпло, нават гарачыню. Вось цяпер трэба патэлефанаваць Жабруну, пакуль далёка не ад'ехаў... Але Лобач чакаў. Яму не здавалася, не, ён невядомым веданнем ведаў цяпер, што Жабруну гэтая кветка ўжо не патрэбная. Калі б ён меў у ёй патрэбу, ён бы спытаў, абавязкова спытаў. І яшчэ стала зразумела, быццам вось толькі ў ладнай кнізе аўтарытэтнага аўтара прачытаў, што калі ён, Лобач, верне кветку — ён зробіць нешта непапраўнае для свайго асабістага кону.
7
За дзень, аж ачмурэла галава, Уладзімір пабываў мо на сотні самых розных сайтаў, ён заходзіў на кожны, дзе, паводле звестак шукальніка, сустракалася слова “Віконт”. Ён пазнаваў, адрозніваў “свайго” Віконта ад усіх іншых юзераў, “ягоны” Віконт аж свяціўся з манітора варожасцю. Віконт быў зарэгістраваны шмат на якіх сайтах і форумах, але нідзе не пакідаў пра сябе ні слова. Паўсюль яго профіль заставаўся фактычна пустым, а калі і трэба была якая інфармацыя для рэгістрацыі, яна была жартаўлівай, насмешлівай нават: “ненавіснік тупасці”, “кавалер са стажам”, “кашак, які гуляе сам праз сябе”. Сапраўдная нітачка, адчувальная, знайшлася на форуме, дзе Віконт прапаноўваў грошы таму, хто выкладзе партманет у паблік, хто лепей за іншых папросіць гэтыя грошы. Гэта быў шанец. Але ж, як сведчыла статыстыка форума, Віконт заходзіў сюды апошні раз болей за месяц таму. Чакаць яго тут? Колькі чакаць? Дый дзе гарантыя, што Уладзімір будзе першы, каму дасць грошай Віконт. Трэба шукаць тых, каму ён выдаткоўваў сумы раней. Такі актыўны і абазнаны ў сеціве чалавек, з такой пыхай і ўпэўненасцю ў сабе, пэўна ж, будзе мець партманет электронных грошай хоць з фармальным атэстатам...