Уладзімір знайшоў тых, каму Віконт пераводзіў грошы. Іх было трое. Напісаў адразу ўсім, стаў нервова чакаць адказу. Нервавацца было чаго: цяпер Уладзімір бачыў, што і праўда, гэта адзіная нітачка. Парвецца, і шанцаў больш амаль няма. Бо за апошні месяц актыўнасць Віконта ў сеціве была амаль нулявая. Пісаць яму і спрабаваць знаёміцца — няпэўны спосаб. Яшчэ можна было б паспрабаваць пайсці на правакацыю — на тым самым форуме, дзе Віконт размяшчаў свае абвесткі, дзе быў ягоны пост з апісаннем бабулінага талісмана, зарэгістравацца самому. Напісаць, што таксама знайшоў талісман — і даць апісанне сваёй шасціпялёсткавай кветкі. Ці нават Крыжа.
На яго, Уладзіміра, абавязкова б выйшлі. Але не факт, што выйшаў бы Віконт. Маглі б выйсці і не з Цемры, а простыя збіральнікі розных старадаўных рэчаў. А пакуль што патрэбен менавіта Віконт. Бо ён сам — не проста забойца. Ён — адна з прыступак, ён служка Цемры. Але ж ён, відавочна, ведае яшчэ некага, хто стаіць над ім, хто загадвае яму...
Хацеў выйсці ды прайсціся, пасядзець у якой кавярні, можа, і выпіць чаго, бо галава была цяжкая і не ўдавалася сканцэнтравацца. Адпачыць бы...
Ноўтбук выдаў кароткі гук — паштавік інфармаваў, што прыйшоў ліст. Уладзімір кінуўся ў пакой, глытаючы не перажаваны кавалак.
Так, ліст быў ад аднаго з тых, хто атрымваў грошы ад Віконта. Уладзімір як мог пераканаўча напісаў сваю просьбу, падмацаваў яе тым , што добра заплаціць за такую дробязь, і прасіў паведаміць нумар Віконтавага партманета. Ведаў, што яго просьба супярэчыла этыцы дачыненняў у сетцы, але ж... “Я шукаю чалавека вельмі даўно. Апошнім часам ён не выходзіць у сеціва. А мне зараз з’язждаць адсюль, з Аўстраліі я наўрад ці калі патраплю зноў у Еўропу”, — пісаў Уладзімір у лісце.
Ён атрымаў адказ — фотаскан партманета гэтага юзера, дзе быў чырвоным падкрэслены прыход і ад якога партманета, з каментам: “Самаму смеламу і бессаромнаму фарумчаніну”. “Калі ласка! Шукай. Мне нічога не трэба”, — стаяла прыпіска да ліста. “Адно што, калі знойдзеш, дай яму пры нагодзе ў пысу. Ад мяне”.
За што даваць, Уладзімір не стаў пытацца.
Не стаў гуляцца сам з сабою: думаў пайсці пасядзець, а потым праверыць нумар партманета ў сістэме Веб-мані. Праверыў адразу. Так, было імя, было прозвішча. Рэшта дадзеных схаваная. Што ж, і так велізарны поспех.
Генадзь Колтун.
Уладзімір прагаварыў словы ўголас, у поўнай цішыні дома. І яны прагучалі, нечакана для яго самога, з непрыхаванай пагрозай і небяспекай.
“Я знайду цябе, Генадзь Колтун”, — паабяцаў Уладзімір літарам на маніторы і стаў збірацца ў кавярню.
Калі вяртаўся назад, патэлефанаваў Антось.
— Тут такія справы, Валодзька... Думаю, табе трэба ведаць. Дзеда завёз я ў бальніцу, у раён. Падазраюць інсульт — мова аднялася, рукі не слухаюцца.
Нешта абарвалася ўнутры ў Уладзіміра, гарачая пустэча запоўніла яго. Ён тады не мог не паверыць старому, але не мог і ўявіць, што ўсё адбудзецца так імкліва, хутка...
— Я заўтра прыеду! — выгукнуў ён.
— Ну, прыязджай, вядома... ты нешта з'ехаў так... І не пагаварылі мы добра. Што рабіць будзеш? Знайшоў тое, што шукаў?
— Вось прыеду, і пагаворым, — паабяцаў Уладзімір.
Назаўтра Уладзімір быў у Карчавасе. Над вёскай імчалі парваныя на шматкі шэрыя хмары, зрэдку сыпала дажджом. Вёска схавалася ад непагадзі пад шаты ліп і бяроз, і цяпер Уладзімір зразумеў звычай вяскоўцаў садзіць вялікія дрэвы пад хатамі: быццам і ў іх ёсць нейкая абарона.
Бачыць вялікі стары замок на дзвярах Уладзявай хаты было нязвыкла, гэта трывожыла, было знакам нейкае бяды. На другім канцы вёсачкі стаяў аўтамабіль, кешкаліся затуленыя ў дажджавікі людзі. Акурат насупраць былога Ганнінага дома. Уладзімір падышоў, пабачыў: некалькі прамоклых рабочых закідвалі ў машыну абгарэлыя чорныя бярвёны.
Грушы не было. Ёкнула ўсярэдзіне, Уладзімір падышоў бліжэй — так і ёсць — на зямлі ляжалі адно парэзаныя кавалкі.
Да Антосявага хутара Уладзімір пайшоў пешкі.
Яго чакалі, і чакалі з незразумелай вінаватасцю, якая прарывалася ў рухах і лішняй ветласці. Надзея ўвішна накрывала на стол, Антось выглядаў штучна-бадзёрым.
— Ды не трэба так... клапаціцца.
— Ты ж галодны! — адказаў Антось, упікнуў: — Мог бы і патэлефанаваць, я пад'ехаў бы. Не біў бы ног.
— У Карчаваху заходзіў...
— Чаго?
— Не ведаю... Проста зайшоў...
— З'ездзім заўтра да дзеда, разам, — паабяцаў Антось. — Сядай во, пакуль гарачае.