Выбрать главу

— Ну, тады добра, — Уладзімір узняўся і, болей ні слова не гаворачы, пайшоў у дом, выйшаў скора са сваім пляцаком, асцярожна закінуў яго на плечы.

— Ды чакай, чакай, што ты так крыўдзішся, як дзіця малое! — захваляваўся Антось, падышоў, хацеў пакласці руку Уладзіміру на плячо, але той адвёў яго.

— Баляць плечы... параніўся быў, — патлумачыў ён. — Я пайду, Антось. Я не крыўдую, ты не думай.

— Дык жа заўтра збіраліся да дзеда ў раён? Імжыць, змокнеш...

— Я патраплю, аўтобусы ж ходзяць. Гэта не дождж...

Дажджу і праўда не было: імжа вісела ў паветры драбнюткімі кроплямі.

Рыпнулі дзверы — з дома выйшла Надзея, разгублена застыла на ганку.

— Валодзя, ты пойдзеш? Што здарылася, Антось?

— Нічога не здарылася, — адказаў за Антося Уладзімір. — Проста мне трэба ісці...

— Дык хоць падкіну цябе! — прапанаваў Антось.

— Не трэба, дый выпілі ж, — адмовіўся Уладзімір. — Шчасліва вам. Не крыўдуйце, калі што не так...

Крыўды не было. Было пуста на душы. Уладзімір ніяк не мог зразумець, чаму раптам усё абрынулася? Чаму яшчэ колькі дзён таму ўсё было моцным, трывалым, мела сэнс і значэнне, а цяпер — стала нічым, разляцелася на аскепкі: жаданне спакою, баязлівасць, абыякавасць, страх?

Што рабіць і куды ісці?

Ён паспеў — да адпраўлення аўтобуса заставалася яшчэ пяць хвілін. Хутка набраў даведкавую службу, запытаўся нумар раённай бальніцы, куды Антось завёз старога. Доўга чакаў, пакуль да тэлефона падышлі, потым давялося ператэлефаноўваць.

— Алё, вы пра Макушына пытаецеся? — нервова пацікавіліся на тым канцы.

— Так, пра Уладзіслава Сцяпанавіча, — назваў старога па імю і імю па бацьку Уладзімір, бо толькі цяпер пачуў ягонае прозвішча.

— Памёр, сёння а пятай раніцы. Добра, што вы патэлефанавалі: хто прыедзе забіраць? А то прывезлі, нават тэлефона свайго не паведамілі...

— Я паведамлю... — Уладзімір вымкнуў тэлефон, пайшоў, сеў у аўтобус. Болей яму няма чаго тут рабіць. Ён успомніў словы старога: на хаўтуры не прыязджаць.

Хацеў патэлефанаваць, але потым набраў СМС-ку “Дзед памёр” і адправіў Антосю.

Ён не заўважыў, як прыехаў — час нібыта спыняў сваё існаванне, калі Уладзімір спыняўся сам.

Хмары разбегліся, сонца прарывалася кароткімі сполахамі між аблокаў. Бабульчын дом падаўся яму сумным і пакрыўджаным. Ішоў сцяжынкай вакол павольна, намагаючыся думаць пра тое, што рабіць цяпер, з чаго пачынаць. Засталося збочыць да ганка, як пачуў:

— А во, які пераборлівы, сасіску не хочаш? А як жа мне яе есці? А булку падабаеш? Ну, на яшчэ булкі. Еш, еш, хто цябе тут пакорміць...

Голас быў жаночы, знаёмы і неймаверна чужы тут. Тут мог гучаць голас адной жанчыны, але яна не прыйдзе...

Алена сядзела на ганку. У новых блакітных джынсах, падаслаўшы газету на прыступку, выцягнуўшы босыя ногі ў траву — побач скінула басаножкі. Яна ела сама і карміла шэрага ката, які сядзеў у яе каля ног.

Уладзімір спыніўся, моўчкі глядзеў на жанчыну, на ката.

Кот зірнуў на яго і зноў заняўся справай, няспешна еў. Алена сцягнула вусны ў вінаватую ўсмешку, паднялася, паправіла джынсы і саколку, абцерушыла на траву крошкі. Цеснаватыя нагавіцы падкрэслівалі яе вялікія клубы, грудзі ўладна тапырылі белую тканіну. Алена падалася Уладзіміру вялікай і дужай. І яшчэ падумалася, што так і трэба. Бо было не прыкра, што парушылі ягоную самоту — стала неяк дзіўна будзённа ўсё, знаёма і таму нястрашна. Алена моцная і свая...

— А сама патэлефанаваць не змагла? — Уладзімір узняўся на ганак і адамкнуў дзверы.

Кот даеў кавалак булкі, запытальна глянуў на Алену. Алена крышку нахіліла да яго галаву:

— Яшчэ даць?

Кот павольна пайшоў у садок.

— Не, не змагла б, — пацвельваючы з сябе, адказала Алена Уладзіміру, гледзячы ўслед кату.

— Страшна?

— І страшна.

— Ну, вітаю... Заходзь, — Уладзімір разнасцежыў дзверы.

— І ты будзь здаровы, — адказала Алена, але не рушылася з месца. — Я ж і праўда па справах тут — дзецям у школу ўсяго набыла во, — яна паказала на вялікую торбу, што стаяла па той бок ганку пры сцяне. — Ну... і падумала: калі ты адзін, дык, можа, і зайду. Раптам табе што памагчы трэба?

— Заходзь, памагай, — без усмешкі адказаў Уладзімір, сам падхапіў ейную торбу. — Заходзь. Я адзін, і госці да мяне не збіраюцца.

Алена яўна чакала менавіта гэтых слоў.

— Што памагаць? — пацікавілася яна на кухні. — Галодны?

— Ды не надта.

— А я галодная, — ніякавата прызналася Алена. — Во булку з катом елі.

— Пельмені ў лядоўні, — кіўнуў галавой Уладзімір. — Я апаласнуся...