— Трэба шукаць...— спакойна запярэчыў Уладзімір. — Мэтна.
— Мэтна шукаць факты пад прыдуманую тэорыю? Выбачайце, мой дарагі — такім спосабам можна знайсці і давесці што захочаш. Хоць наяўнасць у нашай аўдыторыі іншапланецян. Гісторыя сведчыць, што калі навука ідзе такім шляхам, яна становіцца служкай ідэалогіі. І стварае базу пад якую хочаш тэорыю. Прыкладам, пад тэорыю звышчалавека, прасцей кажучы — пад нацызм.
— Дык... Дык я ж не пад тэорыю хачу шукаць... — зніякавеў Уладзімір і стаў зноў тым самым няўпэўненым вяскоўцам. — Я проста думаю, што калі вось заняцца адной справай, толькі адной, дык можна знайсці адказы... на пытанні.
— Не, так не бывае. І ўніверсітэт, расчарую ўжо Вас дарэшты, не дае адказаў на падобныя пытанні з вуліцы. Універсітэт дае вядомую базу, універсітэт вучыць, як здабываць веды. Вы гэтага зразумець не хочаце — тады, калі ласка, карыстайцеся сваёй асабістай методыкай, — ужо рэзка адказаў Лобач, бо ён адчуў сябе прыніжаным Жабруном. Вось так нахабна заявіць, што навука — няслушная, што ўсё сабранае не мае сэнсу, бо, бачыце, разыходзіцца з ягонай тэорыяй... Трэба ж мець такое нахабства. Цвердалобы...
— Выбачайце, — нечакана вінавата, але цвёрда паставіў кропку і Уладзімір — ён зразумеў Лобачава жаданне скончыць размову. — Я... не хацеў вас пакрыўдзіць. Мне здаецца, што вось калі біцца-біцца над адным нечым...
— Я думаю, мы з Вамі сустрэнемся яшчэ раз. Дзень пераздачы будзе на дошцы абвестак. Вы ж прыйдзеце на пераздачу? — хутка рассудзіў Лобач.
— Прыйду, — вырвалася ў Уладзіміра перш, чым ён паспеў усвядоміць пытанне.
— От і добра. Прыходзьце ў панядзелак. Я дам вам, ну скажам так, заданне. Менавіта для вашай, гм-м, методыкі. А пакуль што параю ўспомніць дакладна, з максімумам усіх падрабязнасцяў, святкаванне некалі ў вас таго ж Купалля і запісаць. Разам паглядзім.
— Ды звычайна ў нас было, — пацепнуў плячыма Уладзімір. — Апоны аўтамабільныя кралі... Я ў бабулі тут пакой здымаю, лепей у яе папытаю. Яна старэнькая, ёй каля васьмідзесяці, — аж захваляваўся Уладзімір — нечаканая перспектыва атрымаць сапраўднае заданне ўзрушыла яго.
— Выдатна, папытайцеся ў яе пра Купалле. Як адзначалі ў часы яе маладосці, якія песні спявалі. І запішыце. Але, калі ласка, пазначце абавязкова: у якім месцы святкавалася, у якія гады і цалкам імя-прозвішча бабулькі. Толькі тады запісанае будзе рэальным фактам, які можна далей неяк скарыстаць. Зразумелі?
— Зразумеў, дзякуй вам.
— Няма за што дзякаваць. У панядзелак знойдзеце мяне. Яшчэ. Ёсць мажлівасць для работы з электроннай копіяй тэксту?
— Так, так... Я ноўтбук сабе набыў... Камп’ютар згарэў тады...
— Вось і добра. Вазьміце з сабой.
Лобач павагаўся адно імгненне і падумаў запытацца пра тое, што яго зацікавіла ў той самы першы момант, калі Жабрун сеў за стол, і між крыссяў кашулі на ягоных грудзях цьмяна засвяцілася срэбрам шасціпялёсткавая кветка.
— Прашу прабачэння, адно асабістае пытанне, калі дазволіце? — спытаў ён.
— Так, пытайцеся, — паспешна дазволіў Уладзімір.
— У вас на грудзях, як гэта цяпер называюць, талісман. Я нешта не сустракаў такія ў крамах, хоць яны мне вядомыя... — і замаўчаў, запрашаючы Жабруна да пытання.
— А адкуль вядомыя? — не прамарудзіў Уладзімір.
Лобач усміхнуўся — ён не памыліўся, што спытае Жабрун.
— На тое і вучоныя, каб ім было вядома... Вы, думаю, самыя б маглі пацікавіцца: што за знак, чаму такі?
— Дык... не знайшоў пакуль што нічога, — пачаў апраўдвацца Уладзімір. — Нешта ёсць пра Перуна... — ён зірнуў на Лобача, пабачыў там сапраўдную цікавасць у вачох і надумаўся сказаць больш: — Калі нашу згарэлую хату разбіраў, дык пад апошнім вянцом ляжала, загорнутае ў тканіну. Я падумаў — гэта нібыта ахвяра.
— Во як? — шчыра здзівіўся Лобач. — А хата даўно будавалася? Не, не думаю, што гэтым ахвяравалі... Такі знак апісаны... называюць яго грамавым знакам, агнявіком. Выяву можна было раней сустрэць у аздабленні дамоў. На вільчыку, ліштвах...
— Ну, дык, калі грамавы знак, значыць, Пярун? — асцярожна прапанаваў Уладзімір. — А хаце больш за паўсотні гадоў...
— Вельмі ж цікавы тады ў Вас знак... Не, не Пярун гэта. Грамавы знак, на думку некаторых даследнікаў, — маланка.
— Маланка? Такая? Тады Пярун...
— Так, маланка. — пасміхнуўся Лобач з Жабруновай упартасці. — У біблійных тэкстах, дарэчы, сустракаецца апісанне анёлаў ці Бога, якія паказваюцца людзям, а замест твараў — маланкі. Ведаеце ж, што маланак дзве бывае, ёсць і шаравая. Шаравая маланка і дагэтуль, дарэчы, самая невывучаная з’ява... Такі знак, мяркуюць, — знак шаравай маланкі. Шасціканцовая зорка сімвалізавала нябесны Род...