Выбрать главу

Марыя Фамічна збіралася ў вёску. Да гэтага часу яна не прызнавала ні торбаў, ні скрынак, усё, што ёй трэба было ўзяць з сабой, яна складвала і завязвала (прасіла Уладзіміра) у тугія клункі.

Бабулька планавала ад’язджаць назаўтра (“сусед будзе тут, то і забярэ мяне, дамоўлена даўно, анягож”). Яна прасавала нешта з адзення ў сваім пакойчыку, калі Уладзімір пачуў яе спалоханы ўскрык:

— Ай, Валодзечка, ратуй-ратуй!

Уладзімір не данёс да вуснаў кубак з кавай, падхапіўся з-за стала.

У бабульчыным пакоі, у самым куце ягоным, дзе стаяў ложак, з электрычнай разеткі на сцяне, у якой сядзела вілка праса, віўся дымок, чулася патрэскванне. Марыя Фамічна, перапалоханая, дзьмухала на разетку, стоячы крокі тры ад яе.

Уладзімір толькі зірнуў на разетку, адразу крутануўся ў вялікі пакой, падхапіў крэсла і стаў выкручваць засцерагальнікі ў электрашчытку. Зірнуў на адзін і другі і прысвіснуў у думках: тоўстыя “жукі” на абодвух.

Спакойна злез, зайшоў у пакойчык, выцягнуў гарачую вілку. Дымок віцца перастаў, але смурод па пакоі пайшоў.

— Усё нармальна, не хвалюйцеся... Хто гэта вам такія жукі паставіў?

— Якія жукі? — ачомалася бабулька.

— У шчыток хто засцерагальнікі ўкручваў апошні раз?

— Дык... Во кватаранты як былі, то нешта свет выбівала, дык хлопец паладзіў...

— Ага, добра паладзіў...

— Ай, дык што ж нарабілася... Я ж ледзь хату не спаліла праз іх! О, Божа, быў бы сыну падарунак... Аёй, дзякуй табе, Валодзечка, што б без цябе было!

— Усё нармальна, Марыя Фамічна... Тут крама недалёка, я зараз збегаю.

Вярнуўся хвілін праз дваццаць, з новай разеткай, кавалкам дроту і аўтаматычнымі засцерагальнікамі. Раскруціў разетку, вызваліў канцы, тады паставіў засцерагальнікі, праверыў — кароткага замыкання нідзе не было.

— Ну вось, зараз паставім Вам новую разетку, бе-ую, прыгожую, — казаў ён, завіхаючыся. — Дый праводку ўсю мяняць трэба...

— А то што ж, зноў загарыцца? Дык як жа хату кінуць? — спалохалася гаспадыня.

— Не, зараз дакладна нічога не загарыцца, — цвёрда адказаў Уладзімір. — Я паставіў аўтаматычныя засцерагальнікі. Як што — яны проста вымкнуць ток, і ўсё, нічога не будзе гарэць.

— Ай, разумны ты хлопец, дай табе Бог здароўя і добрую жонку... Напраў, Валодзечка, напраў, каб бяды ніякай не было...

— Не будзе бяды, не перажывайце, — усміхнуўся Уладзімір. — Гэта я ўмею рабіць, гэта мая праца...

Ён прафесійна зачышчаў абвугленыя канцы дроту, калі пачуўся кароткі асцярожны званок у дзверы.

— Каго там нясе? — знарок буркліва адгукнулася Марыя Фамічна, бо Уладзімір ведаў: яна ніколі не раздражнялася, што да яе ідуць людзі. — Ты працуй, працуй, я от цябе заслонай завешу, як да мяне хто наведаецца, — сказала яна і зацягнула заслону з дзвюх палос лёгкай пярэстай тканіны, якая схавала куток з ложкам і самога Уладзіміра.

— Мы да Вас па дапамогу, бабуля Марута, — пачуўся з вітальні вінаваты жаночы голас.

— Ой, дык я ж во збіраюся, еду да сваёй хаты, — з жальбой адказала гаспадыня. — Дык і зарана прыйшлі, трэба ж па трэцяй.

— Дык нам і сказалі, што Вы едзеце, бабуля Марута, — па голасе жанчына была яшчэ зусім дзяўчо, і ў Уладзіміра раптам здрыганулася нешта ўсярэдзіне, закарцела хоць куточкам вока зірнуць — хто там прыйшоў да бабулькі...

— Што, напужаўся хлопчык? — без лішніх роспытаў пачала гаспадыня. — Ад спуду дзесяць тысяч бяру.