— А пра што спявалі? — успомніў выкладніка Уладзімір, перапыніў гаспадыню.
— От далібог, не памятую, нешта сваё, дзявоцкае.
— А толькі моладзь была, ці старэйшыя?
— Ля вогнішча толькі моладзь, а старэйшыя выходзілі на ўскрай вёскі, стаялі, глядзелі, ці мо што і рабілі, дык я не ведаю... Як я вырасла, улада распарадзілася, што нельга той май чапляць ды потым паліць... От, было: сцямнее добра, чакаем апоўначы. Глядзім на ўсход — там пачынаюць успыхваць вогнішчы, зарыва на нас коціцца. Як у бліжэйшай вёсцы ад нас на ўсход успыхне полымя, то і мы падпальваем. І на захад глядзім цяпер — як у нас разгарыцца, то там цяпер ўспыхвае... І далей коціцца. Потым да ракі спускаемся, вянкі пускаем, а раніцой беглі глядзець: чый да берага прыбіла, чый у балаціну зацягнула. От так было. Полымя дагарае — пачыналі скакаць цераз агонь.
— Скажыце, Марыя Фамічна, — Уладзімір павагаўся дзеля прыліку, спытаў: — А вось кажуць цяпер, што ў гэтую ноч... ну, любошчы ўсялякія былі, распуста... Ці праўда?
— Ат, хто яго ведае, можа дзе і так. У нас начай было. Тады як жаніліся ці замуж ішлі? Каб выкараскацца з беднасці, на зямлі жанілі, за багацце замуж аддавалі. А як у нас сям’я з дзевак, то хоць за вала, абы ўдома не была. А любіліся ж з іншымі хто. То на Купалу дзеўка як пабудзе з тым, каго кахае, але за якога замуж ёй не ісці, дык гэта не лічылася грахом. Так то грэх вялікі быў, каб без замужжа з хлопцам быць, а на Купалу дазвалялася...
— Дык... — Уладзімір запнуўся, але запытаў: — А як жа цнатлівасць? Муж законны даведаецца, што... сапсаваная, што тады?
— І-і, дурненькі, — хітра прымружылася Марыя Фамічна. — Не вер каню ў дарозе, а бабе ў ложку. Баба, калі разумная, пяць разоў за ноч мужыка падмане. Ды табе такія сакрэты не трэба. То дзеўкам казаць буду, як запытаюць, — і засмяялася, потым раптам засмуцілася, прымоўкла.
Уладзімір зразумеў, што старая ўспамінае нешта сваё, можа, і вельмі асабістае, і не памыліўся — гаспадыня пачала гаварыць ціха, з сумам:
— І мне на Купалу адна ноч была... Любіліся мы з ім, крадком сустракаліся. Хоць і вайна адбыла, і гадоў нямала мінула, а ніхто не забываўся, што татку майго забралі як ворага. А мой жа каханак у сельсавеце быў, пры пасадзе... Ніяк нам не жаніцца. Тут стаў да мяне адзін сватацца, мне сямнаццаць, ісці трэба, мама просіць, бо надта ж цяжка... От і падаравала я свайму сельсаветаўцу тую ноч на Купалу. Потым ён ажаніўся, паехаў ад нас, вялікім начальнікам стаў. А харошым чалавекам застаўся. Ён мне і прывёз праз дзесяць гадоў паперу, што татку апраўдалі. Пасмяротна, значыць. А дзе магіла — не знайшоў, хоць і казаў, што шукаў. Дзе ж знойдзеш — Сібір вялікая...
— Марыя Фамічна, а Папараць-кветку хадзілі шукаць?
— Дык, дурэлі хлопцы, пацягнуць дзявок, лес недалёчка быў, так, гарэзілі. А папраўдзе ніхто не хадзіў. Страшна ж.
— А чаго страшнага? Што ноч і цёмна? — пад’юдзіў Уладзімір старую, але тая нечакана пасур’ёзнела:
— Ноч не страшная, і лесу няма чаго баяцца. Папараць шукаць — гэта страшная рэч.
— Чаму страшная? Што, можна сапраўды Папараць-кветку знайсці? — не змог стрымаць здзіўлення Уладзімір.
— Можна. Толькі, хлопчык мой, такое казаць страшна, не тое, што рабіць.
— То раскажэце... Можа, мне пашчасціць.
— Ой, грэх на душу бяру... Не жартачкі гэта. Спакусішся яшчэ... Але слухай, нехта ж мусіць ведаць, а то памру — і з сабой панясу. Дык от. Папараць простаму чалавеку не знайсці, не пабачыць. Трэба не простым чалавекам стаць, на той бок перайсці. Людзі на гэтым баку, а табе туды, на той бок. Каб перайсці, за гадзіну да поўначы трэба зняць з покуці найстарэйшы абраз. Нож навастрыць і на парозе адсячы ад мезенца на левай руцэ акурат там, дзе пазногаць пачынаецца. Тым абсечаным пальцам, кры-вёй напісаць праз увесь абраз: “Я выракаюся Бога”. Кроў павінна адразу спыніцца. Як спынілася — прынялі цябе напалову. Цяпер той абраз з сабой бяры і ідзі да лесу. Абраз пад першую асіну кінуць. Сам — бяжы па кветку.
— Куды ж бегчы?
— О, тады якраз усё пабачыш — колькі ўсялякага бяжыць па яе! Ведзьмакі ды чэрці, вупыры ды іншая пошасць... Кожны хоча Папараць сарваць...
Уладзімір слухаў, заварожана маўчаў — ён не чакаў пачуць пра такі незвычайны шлях да Папараці. Колькі ўсяго перачытаў — а пра такі “метад” не траплялася ніколі.