Выбрать главу

— Навошта тым чарцям Папараць? — запытаў ён, калі старая задуменна змоўкла. — Яны ж і так золата маюць...

— Папараць — смерць іхная.

Уладзімір уздрыгнуў — так выразна, з такім акцэнтам сказала гэты сказ гаспадыня.

— Чаму... смерць?

— Таму... Не ведаю я... Ой, я тут з табой заседзелася, а там кіно маё зараз кончыцца, і папытаць не будзе ў каго...

Уладзімір выйшаў прайсціся ў бліжэйшую кавярню — захацелася папіць добрай кавы і, шпацыруючы няспешна, упарадкаваць думкі.

Дзень выдаўся як ніколі за апошні час насычаным, жыццё падавалася запоўненым, набывала сэнс. Вось, так шчыра пагаварыў з выкладнікам... І нечакана для сябе Уладзімір зразумеў, чаму размова была для яго такой важнай, чаму пасля яе ён, не думаючы, згадзіўся на пераздачу, значыцца надумаў вучыцца далей — выкладнік Лобач быў першым чалавекам, які выслухаў яго, Уладзіміравы, думкі пра жыццё і не высмеяў, зразумеў... І з бабуляй усё так добра выйшла, і гісторыю яна апавяла, і пачаставала так шчыра. Усё, здавалася, было добра, і ісці ціхай вуліцай да кавярні ў прыцемках было лёгка і прыемна. І толькі жыла недзе ўнутры трывога, нават страх, не адпускалі ад сябе гаспадыніны словы пра тое, што перш чым шукаць Папараць-кветку, трэба адрачыся ад Бога. І што Папараць-кветка — гэта смерць для нячыстай сілы. Не зразумець таго было. Каб забіць Богавых ворагаў, трэба спачатку ад яго адрачыся? Ці як?

6

Быццам нехта невядомы ўздумаў пасмяяцца з Уладзіміра — у той кавярні, якую ён палюбіў за прастэчу, у якой ужо навучыўся паводзіць сябе нязмушана, была якраз нейкая вечарына, і месцаў, зразумела, не было. Давялося ісці далей праспектам, які пачынаў жыць сваім вечаровым жыццём: менела машын, большала людзей на ходніках. У няспешнай плыні маладых, шчаслівых, закаханых было прыемна ісці, як плыць у добра вядомай рэчцы: ведаеш, якое дно, дзе вір, дзе вада можа абхапіць халоднымі мацукамі знізу, дзе плынь вынесе імкліва ўбок.

Уладзімір добра адчуваў настрой (ён у тым быў пэўны, яму нібыта падказваў нехта збоку, што і як) асобных купак моладзі. Без памылак вызначаў, каму трэба саступіць пры сустрэчы, хто саступіць яму. Дзе кіруе агрэсіўная ўпэўненасць, якая толькі і чакае нагоды для выхаду сваёй энергіі, дзе паважлівая абыякавасць... Ён адчуваў усё так, быццам ад розных людзей дзьмуў розны ветрык: ці то лёгкі павеў з пакошанага лугу, ці то ўладная пераднавальнічная хваля, ці лёгкае калыханне паветра ў хваёвым бары.

У кавярню, што мясцілася ў цокальным паверсе будынка і прыцягвала ўвагу сваёй някідкай, але выразнай рэкламай гарбаты і напояў з траў, Уладзімір раней не заходзіў. Спусціўся кароткімі сходамі і на імгненне прыпыніўся разгублены. Ён ніяк не мог даць рады сабе ў такіх выпадках — з’яўляўся на парозе незнаёмай кавярні і губляўся ад няведання таго, як сябе паводзіць: падыходзіць да стойкі бара (што ўся аблепленая наведнікамі) ці проста ісці і сядаць на вольнае месца, чакаць, калі да цябе падбяжыць кельнерка і возьме заказ. Хоць і ведаў, што такая работа ў кельнеркі — падыходзіць да цябе, пытацца, а потым прыносіць заказанае, ніяк не мог суладаць з пачуццём сваёй вінаватасці: сваім прыходам ён надае лішняга клопату якой мілай дзяўчыне, і пэўна ж яна думае пра яго: “Прыпёрся... Пытайся ласкава, усміхайся. Мог бы кавы і дома напіцца. Тут людзі віскі пляшкамі бяруць... Што я з тваёй філіжанкі кавы буду мець... Драбяза галотная...”

Толькі адзін столік на два месцы заставаўся вольным, Уладзімір яшчэ патрываў імгненне, як пачуў, што ззаду расчыняюцца дзверы, і зразумеў: не зойме месца, дык давядзецца ціснуцца ў шчыльнае кола вакол стойкі бара.

Пайшоў, прысеў.

— Ці вольна ля вас?

Голас быў трошкі нервовы. Уладзімір узняў вочы і пабачыў маладую кабету гадоў дваццаці пяці. Бялявыя густыя валасы да плячэй, твар з выразна акрэсленымі ротам, носам і вачыма. Прыемны твар, сімпатычны нават. Хударлявая. Яе кофтачка была вязаная з тонкіх зялёных нітак, праз карункі і кветкі прасвечвалася цела і белы станік. “А чаму не зялёны?” — нечакана падумаў Уладзімір, кіўнуў як мага прыязней:

— Калі ласка, калі вы адна, то тады вольна.

Жанчына адказала нейкай грымасай, і Уладзімір адчуў сябе дурнем: як можна было казаць пра нейкую яшчэ ўмову, калі месца каля яго — адно? Выпітая раней самагонка не тлуміла галавы, але прыспешвала думкі, надавала хуткасці словам, якія рабіліся вось такімі смелымі, зразумела ж, з якой прычыны. У наступны момант Уладзімір прапанаваў:

— Вы не будзеце супраць, калі я пачастую вас? Я яшчэ нічога не заказваў...

— Дзякуй, я завітала выпіць кавы, а на каву я знайду грошы, — не халодна, хутчэй нейтральна адказала жанчына.