Уладзіміра казытала неадольнае жаданне гаварыць з ёй, быць у гэты вечар патрэбным і значным хоць для каго. Бо дзень, такі быў дзень добры, не можа ён скончыцца блага! Ён быў на лёгкім падпітку, усведамляў гэта, але памятаў і пра тое, што невялікая колькасць алкаголю толькі і давала яму мажлівасці трымацца з незнаёмымі жанчынамі ўпэўнена і нязмушана. Раней яму не раз казалі як пра яго няўменне гаварыць з жанчынамі, так і пра тое, што ягоны воблік вельмі даспадобы жанчынам, а гарэлка робіць яго гаваркім і дасціпным.
— Выбачайце, але ж хіба я сказаў нешта пра ваш партманет? Я проста хацеў бы вас пачаставаць, тым больш, што і сам буду піць адно каву.
Мабыць, твар у яго выглядаў пакрыўджаным, бо жанчына ўжо цёпла ўсміхнулася і дазволіла, як павінілася:
— Калі ласка...
Якраз у гэты момант і падышла маладзенькая кельнерка. Заказалі каву. Уладзімір не ўпільнаваў моманту, каб афіцыянтка падціснула вусны ад невялікага заказу, употай ён абгледзеў залу і з яшчэ большай прыемнасцю для сябе зазначыў, што за шмат якімі столікамі сядзелі менавіта пры кубках, з кавай ці гарбатай.
Уважлівей паглядзеў на жанчыну насупраць сябе, знарок затрымаўшы вочы на твары. Яна не змаўчала ў адказ:
— Вывучылі? Будзеце варажыць будучыню?
Уладзімір любіў вось такія моманты. Звычайна так казалі ўсе, з кім яму раней давялося сустракацца на рэдкіх пагулянках у такіх вось абставінах — твар супраць твару.
— Будучыню чалавек сам сабе ладзіць, — паважна пачаў Уладзімір. — І з вашым характарам у вас усё павінна ўдасца.
— Авой, і які ж у мяне характар? — усміхнулася жанчына, адкінулася на спінку крэсла, быццам з палёгкай.
— Выразна акрэсленыя вусны, верхняя — тонкая. Значыць, любіце дабіцца свайго, упэўненая ў сабе, разлічваеце болей на сябе. Здольная на жорсткасць дзеля мэты. Просты нос, тонкі, крылы тонкія, трапяткія. Выснова: імпульсіўная, недзе і залішне крыўдлівая... Дарэчы, вы сёння не былі на працы...
— Цікава, — усміхнулася жанчына. — Гэта ваш такі стандартны набор для пачатку сустрэч з жанчынамі? Каб было чым заінтрыгаваць? А сёння я працавала. Хоць, скажу праўду: працавала ўдома. І з чаго на гэты конт ваша выснова — адзіна цікавая?
— Выбачайце, пазногці, — Уладзімір паглядзеў жанчыне на рукі. — Лак месцамі выцерся, відаць, што вы не сёння іх малявалі. То я падумаў...
— Назіральны які... І вы, пэўна ж, паспрабавалі ўгледзець, ці ёсць на пальцы правай рукі паласа ад шлюбнага пярсцёнка?
— Так, — вінавата ўсміхнуўся Уладзімір.
— А іншае адкуль? Хоць што я пытаюся, сёння такіх вось ведаў у сеціве — як смецця на нашай вуліцы пасля нядзелі... Мяне завуць Ірына, я не замужам, займаюся фрылансам.
— Дзякуй, вельмі прыемна, я Уладзімір, — заспяшаўся Уладзімір. — А да фрыланса чым займаліся?
— Навошта Вам? Ну, педагог, філолаг.
— І што пішаце? Вы ж пішаце?
— Так, пішу... Казкі... дарослыя. Генерую тэксты. Апісваю сцэны любошчаў, трапяткога кахання. Яны ў мяне выходзяць, кажуць, дужа добра. Аднаго разу знайшла сваю сцэну ў нейкай выдадзенай кніжцы.
— Зразумела.
Прынеслі каву. Кубачкі былі маленькія, кава пахучая і не надта гарачая.
Ірына дастала цыгарэты, закурыла. Уладзімір таксама падумаў закурыць — першы раз у кавярні. Дагэтуль ён нечага саромеўся, хоць і бачыў перад сабой на століку попельнічкі.
— Мо яшчэ возьмем? — прапанаваў Уладзімір, калі пабачыў, што Ірынін кубачак амаль парожні. — Ці, можа, віна?
— Не, віна не трэба, не сёння, — адказала Ірына чамусьці цёпла, як старому знаёмаму, нават як таварышу, празрыста намякаючы на мажлівасць новай сустрэчы. — А кавы можна... Мне сёння яшчэ шмат пісаць...
Уладзімір павярнуўся, каб пашукаць вачыма кельнерку, і тая, быццам чакала ягонага позірку, адразу падышла.
— Яшчэ па кубачку кавы, калі ласка, і разлік, так? — павярнуўся ён да Ірыны.
— Так, — кіўнула яна.
Кельнерка прынесла яшчэ два кубачкі кавы, паклала на бераг стала нешта накшталт невялікага нататніка, ці, больш слушна, вокладкі ад яго. Уладзімір разгарнуў, паглядзеў чэк, дастаў купюру, уклаў і загарнуў. Кельнерка, зноў жа, як назірала за ім, падышла адразу, узяла “нататнік” і праз хвіліну прынесла з рэштай.
— Паслухайце, Ірына, — з вінаватай усмешкай Уладзімір звярнуўся да жанчыны. — Я разумею, што не павінен згодна з добрым тонам забіраць усю рэшту, трэба крыху тут пакінуць. Але я... хлопец вясковы, я не ведаю, шчыра кажу, колькі пакідаць. Заўсёды бянтэжуся...
— Пяць-дзесяць адсоткаў ад цаны, — спакойна адказала Ірына. — Але, зразумела, у залежнасці ад заказу. За нашыя два кубкі кавы пакідаеце тысячу, будзе нармальна.