— Ух, дзякуй, — выдыхнуў з палёгкай Уладзімір, прыемна ўражаны тым, што Ірына адказвала без ценю паблажлівасці, падказвала, як сябру. — Я вас за падказку гатовы правесці вуліцамі горада на якую хочаш ускраіну!
— Не трэба на ўскраіну. Я жыву недалёка, для мяне шпацыр сюды двойчы на дзень — як фіззарадка. Так што не разлічвайце, што я адмоўлюся, — яна хітравата прымружылася. — Заадно раскажаце, што вы за назіральны такі вясковец, які чытае характары жанчын па тварах, любіць частаваць іх кавай і адначасна не ведае, як паводзіць сябе ў звычайнай кавярні.
— Самы што ні на ёсць вясковец, — стаў гаварыць пра сябе Уладзімір, калі яны разам рушылі ад кавярні уверх па вуліцы. — Што ведаю — дык гэта з сеціва, і вы не памыліліся. Часу вольнага шмат было, што рабіць вечарамі?
— А як жа жанчыны, сябры, улюбёны занятак, гарод-гаспадарка?
— Ды не трымалі мы гаспадаркі... з братам. Жанчыны... Нешта не выйшла з былой каханай. Дый не было кахання. Так, пацалункі пад месячыкам, яшчэ да войска. Сябры? Ну, у карты гуляць, смаліць без перапынку ды гарэлку піць? У клуб ісці, дзе трынаццацігадовыя дзяўчынкі прыйшлі засведчыць свае цыцачкі перад вяскоўцамі? Улюбёны занятак вось і атрымаўся...
— І чым жа вы займаліся ў сеціве? — з гуллівым падтэкстам спыталася Ірына.
— Ды розным, — не пачуў падтэксту Уладзімір. — Фільмы глядзеў цікавыя, чытаў форумы розныя, дзённікі, блогі. Вучыўся казкі разгадваць.
— Казкі? І шмат разгадалі? — з лёгкім здзіўленнем запытала Ірына.
— Пакуль што няшмат. Дый не сам... Вось, прыкладам, найпрасцейшая, яе першую дзіцяці расказваюць, ну, вы ж ведаеце: жылі-былі дзед ды баба. Была ў іх курка Раба. Знесла курка яечка... ну і далей. Што цікава: чаму казка такая неўміручая? Чым яна так прываблівае?
— Сваёй прастатой для разумення, мабыць, — паціснула плячыма Ірына. — Ну, і якая разгадка казкі, які сэнс?
— О, тут далёка не ўсё так проста! — загарэўся Уладзімір. — Вось глядзіце, ад пачатку: курачка знесла яйка, ды не простае, а залатое. Навошта дзеду і бабе біць залатое яйка? Дзеля чаго? Далей — нечаканая лёгкасць, з якой яечка б'ецца, падаючы ад махання адно толькі мышынага хвосціка. І яшчэ больш незразумелы канец: курка суцяшае бабу і дзеда тым, што знясе яечка лепшае — простае. Хіба мала незразумелага?
— Ну, калі так ужо задумвацца над сэнсам, то можна дзе хочаш шукаць схаваныя загадкі.
— Не-не, загадкі трэба шукаць там, дзе ёсць нешта незразумелае, — запратэставаў Уладзімір. — Вам цікава, якая разгадка?
— Цікава, — шчыра прызналася Ірына. — Але кажыце хутчэй, бо мы неўзабаве прыйдзем, а гуляць я не магу, у мяне яшчэ шмат працы...
Яны ішлі ціхай вуліцай, паглыбляючыся ў квартал старой забудовы — тут стаялі трохпавярховыя дамы, з высокімі вузкімі вокнамі, з ляпнінай пад імі і над дзвярыма. Ходнік быў вузкі, адгароджаны ад дамоў тоўстымі стваламі ліп. Ірына і Уладзімір ішлі побач, часам кранаючыся плячыма. Але як ні карцела Уладзіміру ўзяць Ірыну пад руку, ён не мог адважыцца на такі просты жэст: не ўзяў адразу, то няма чаго цяпер...
— Добра, я зараз, — паабяцаў Уладзімір. — Успомнім Біблію, першыя тры раздзелы, дзе ідзецца пра стварэнне Богам Сусвету, Адама і Евы, іх зграшэнне і потым — выгнанне з Раю. Яшчэ раз чытаем казку і — шукаем аналогіі. Бог стварыў Зямлю, людзей і даў ім Рай. Што такое Рай для людзей, як не месца шчасця, залатое месца? Хіба не тое яйка, якое знесла курка? Цяпер дапусцім, што курка — гэта Бог, які дае людзям Сусвет, залаты, без граху. Што робяць людзі? Парушаюць запаветы Бога! Імкненне разбіць залатое яйка — хіба не акт непаслушэнства? І вось далей ідзе цікавы момант: у Бібліі пабіць залатое яйка значыць — страціць Рай, людзям памагае д’ябал. Стварэнне з хвастом. У казцы мы бачым шэрую мыш, якая нічога такога не зрабіла, толькі паварушыла хвастком — і канец, трагедыя! Напрасцейшая аналогія. Мышыны хвост тут — змяя там. У Бібліі д’ябал таксама практычна нічога не робіць, хіба што кажа Еве: еш, будзеш падобная да Бога. І вось яйка разбітае, Рай страчаны. Што кажа Бог у Бібліі? Ідзіце і потам і крывёю зарабляйце сабе свой хлеб. Залаты век скончыўся, пачаўся век працы і войнаў. І курка абяцае дзеду з бабай: знясу вам яечка простае. Вось так: не пажадалі шанаваць залатое — карыстайцеся простым...
— Ух ты, цікава, вельмі, — не стала хаваць свайго захаплення Ірына. — У вас на кожную казку такія вось нечаканыя аналогіі падабраныя? Самыя да ўсяго дапялі?
— Ай, што вы, — крыху зніякавеў Уладзімір ад слоў жанчыны. — Так, яшчэ пару казак ёсць... якія кладуцца на расшыфроўку. Бо часта казка — нейкія веды, факты, якія людзі хацелі ўсяго толькі данесці да нашчадкаў. Нешта сам дадумляю, нешта вышукваю ў сеціве.