Выбрать главу

— Што вас натхніла на такі занятак? І навошта?

— Неяк даўно глядзеў адну перадачу... У сеціве, на сайце. Там навуковец наважыўся расшыфраваць легенды інкаў. Іх было шмат, яны былі цікавыя, але часта, вось як нашая гісторыя з яйкам, мелі нейкія нутраныя супярэчнасці, бязглуздзіцу. Гэта яго і насцярожыла. Вось... Ён пачаў шукаць, параўноўваць, аналізаваць...

— І знайшоў? — Ірына прыпынілася — відавочна, яны дайшлі да яе дома.

— Так... Прыкладам, у адной легендзе гаварылася: “І калі лісіца памачала свой хвост, то...” і далей нешта там адбылося. Праўда ж, глупства выходзіць: якая ліса і чаго ёй мачаць свой хвост?

— Ну, хто ж яго ведае? Казкі — казкі і ёсць, — нясмела запярэчыла Ірына, здаецца, заінтрыгаваная гісторыяй.

— Дык вось, — працягнуў пераможна Уладзімір. — Ён знайшоў сэнс. Выявілася, што Лісіца — не простая лісіца, а так называлі старажытныя інкі адно з сузор’яў. І яно, сузор'е Лісіцы, у адну з начэй года апускалася сваімі зоркамі, якія інкі ўважалі за Лісіцын хвост, да паверхні акіяна. Вось такая простая разгадка ў бязглуздай на першы пагляд показцы: інкі зафіксавалі дакладную дату здарэння!

— Файна як, — пагадзілася Ірына. — Але мы ўжо прыйшлі. Дзякуй вам за каву і цудоўны настрой, які ў мяне з’явіўся. З вамі было вельмі цікава. Не крыўдуйце, я вам скажу шчыра, бо вы са мной былі шчырым. Дык вось, калі б на маім месцы сёння была іншая... Вас бы палічылі за вясковага дзівака, з якім ад суму можна памерці... А мне было цікава і не сумна.

— Я ведаю, — сумна ўсміхнуўся ў адказ Уладзімір. — То вам дзякуй. Усё так нечакана. І цудоўна. У мяне дзень быў сёння... незвычайны. І вось ён завяршыўся так шыкоўна — сустрэчай і размовай з вамі. А што іншыя... Я ведаю. У мяне з дзяўчатамі... рэдка бываюць супольныя тэмы. Дый не ўмею я... з гарадскімі. А заўтра Вы будзеце рабіць сваю фіззарадку? У гэты ж час і ў тую ж кавярню?

— О, не, — з лёгкай скрухай адгукнулася Ірына. — Мне паўночы яшчэ працаваць, а заўтра ў другой палове дня з сябрамі выязджаем за горад, там лецішча, рэчка. Так што толькі ў панядзелак. Можа, у такі ж час.

— Зразумела, — панура адказаў Уладзімір, і ад Ірыніных слоў “з сябрамі” на яго пыхнула прыкрым пачуццём рэўнасці і адначасна — сваёй асабістай вылучнасці, ізаляванасці ад яе свету, а значыць, ад свету ўсіх прыгожых і разумных жанчын.

— Не сумуйце, — усміхнулася ў цемры Ірына.

На яе твар падала размытае святло з вокнаў дамоў, адцяняючы вясёлыя ямінкі на шчоках, якія ўзнікалі тады, калі яна ўсміхалася. Уладзімір адчуў нязвыклую пяшчоту да гэтай амаль незнаёмай яму жанчыны.

— Бывайце, да сустрэчы, — Ірына падала яму руку. — Буду чакаць ад вас разгадкі якой іншай казкі. Скажам, пра дзедку і рэпку.

— Я пастараюся адшукаць разгадку рэпкі, — Уладзімір ціхенька сціснуў кволую жаночую руку ў сваёй, адчуваючы яе цеплыню і лёгкае трымценне.

Ён падыходзіў да сцішанага ў глыбіні старога саду дома зусім працверазеўшы. Дзівіўся сам з сябе: як лёгка ўдалося пазнаёміцца! Якая яна цікавая і... мілая. Побач з ёй утульна і спакойна. Яна не пазірае грэбліва, не кпіць з яго захаплення, з яго цікавасці.

Добрая ў бабулі самагонка!

Калі сон пачаў пакрысе прыгладжваць пікі вострых адчуванняў, рабіць усё раўнейшым і спакайнейшым, тут і вылезла, вытыркнулася, як галоўка невялікага цвічка, адно адчуванне, якому не надаў раней значэння, якое прапусціў паўз свядомасць, а яно, бачыш, не мінулася, засела... І цяпер вось набывае важкасць, прымушае ўспамінаць, шукаць аналогіяў, тлумачэння. А як яго патлумачыць? Проста ў той самы момант, калі ў сваёй руцэ адчуў цёплую Ірыніну руку, маленькая, на сотыя долі секунды, праскокнула думка-іскра: “Папаўся!” Ага, папаўся, — з мяккай радасцю пагадзіўся ён цяпер, засынаючы. Такой жанчыне за шчасце папасціся. Апошняя яго думка была пра Алену, нават не пра яе, а пра тое, што ён ні разу не ўспомніў сёння пра яе. Дык чаго яна ўлезла ў яго голаў цяпер? Адмахнуўся ад думкі...

Ранкам прыехаў сусед па вёсцы Марыі Фамічны, і яна, нечым падобная ў гэтыя хвіліны да спуджанай з гнязда курыцы, што прымасцілася несціся, бегала то з дома на двор, то адтуль у свой пакой.

— Цётка, усё давязу, нічога не растрасу, — казаў уладальнік старэнькіх “жыгулёў”, праставаты мужчына гадоў пяцідзесяці.

— Ай, каб жа не забыць нічога, — вохкала гаспадыня. — Дзівіся, тут во шкляное, Валодзечка, асцярожней тамака, чакай, я мо на рукі тое вазьму, — крычала гаспадыня Уладзіміру, бегла за ім на надворак.

Урэшце мітусня скончылася: заладаваліся — што ў багажнік, што на задняе сядзенне.

— Глядзі ж, дзеткі, каб усё ладна было, пакідаю табе найдаражэйшае, што ёсць — дом, то ж глядзі, глядзі на ўсе вочы. З газам асцярожны будзь, фортку не пакідай адчыненай, як куды ідзеш... Ды глядзі, з дзеўкамі пільным будзь: не маленькі, мусіш ведаць: чорт у лазу завядзе, а баба ў нетры.