— Буду глядзець, Марыя Фамічна, усё будзе добра, — запэўніваў Уладзімір старую і ўпотай чакаў, каб хутчэй паехаў з двара аўтамабіль.
І вось ён застаўся адзін — адзін у такім вялікім доме.
Раптам стала трывожна.
Пачуццё, што тут яшчэ нехта ёсць, як выскачыла аднекуль з кутка ці выпаўзла гадзюкай з-пад дзвярэй бабульчынага пакоя. Уладзімір, сам сабе лаючыся — от жа, заблазнаваў, — абышоў пакоі: бабулін быў зачынены на ключ, у залі было пуста: канапа, шафа-“сценка” набытая гадоў трыццаць таму, стол з тэлевізарам, накрытым адмысловай вышыванкай. Калідор, яго пакой направа...
Уладзімір уздрыгнуў: у ягоным пакоі сядзеў кот.
І кот уздрыгнуў. Прыпаў да пярэстага ходніка, прыціснуў вушы, напружыніўся, паказваючы гатовасць у кожны момант скочыць проста ў твар.
— Ну, і навошта ты сюды прыйшоў?
Голас прагучаў неяк хрыпата, вельмі гучна для пустога дому.
Уладзімір ступіў крок у пакой і адразу ж адступіў убок ад уваходу. Кот не зводзіў з яго жоўтых вачэй.
— Прыбірайся, адкуль прыйшоў, — загадаў кату Уладзімір.
І той быццам зразумеў словы — узняўся і хутка, але з годнасцю, выбег з пакоя, крутануўся ў калідоры, і праз адчыненую вітальню выскачыў на веранду.
Уладзімір прайшоў за ім, пабачыў, як кот схаваўся ў густой траве пад плотам у глыбіні садка.
Зачыніў дзверы. Вярнуўся на кухню, але, падуладны незразумеламу пачуццю трывогі, зноў зазірнуў у пакой, нават нахіліўся і паглядзеў пад ложак — было пуста. Ды трывога не адпускала. Уладзімір і сам не разумеў, што адбылося незвычайнага: кот, шукаючы ежы, зайшоў у дом, бо дзверы былі адчыненыя, пакуль тут бегалі з клункамі.
“Пайшоў ты к чорту, чорны кот“, — паспрабаваў прагнаць сваю трывогу Уладзімір і спатыкнуўся на думцы: ён запомніў вялікія жоўтыя катовы вочы. А які быў сам кот — Уладзімір як не бачыў.
За гадзіну ён выправіўся ў кавярню — пад'есці, потым сеў занатоўваць гаспадынін аповед пра Купалле. Трэба было паспяшацца, каб паспець да пятай гадзіны схадзіць у бліжэйшы які пункт і раздрукаваць.
“Прынтар трэба набыць”, — падумаў Уладзімір.
У нядзелю праседзеў рыхтуючыся да чарговага экзамену — Уладзімір дакладна пастанавіў, што кідаць універсітэт не будзе.
Увечары, пасля таго, як схадзіў у кавярню (у той самы час, што і ў пятніцу, з кволай надзеяй, а раптам Ірына ўсё ж з’явіцца там), зайшоў у дом і разгублена спыніўся ў вітальні: у ноздры шыбануў моцны пах падлы.
ЧАСТКА 2
1
Недзе на трэцім курсе ўніверсітэта Генадзь Колтун пачаў сніць маленства. Невыразныя мроі, колеры і адчуванні. На іх можна было б і не звяртаць увагі, калі б не пачуццё незразумелай трывогі пасля такіх сноў. І гэта раздражняла. Класціся спаць упэўненым, здаровым, у гуморы — і прачынацца з разуменнем пэўнай пустэчы ў сваёй памяці, з усведамленнем нейкім замаляванага, зачыненага для цябе кавалка твайго жыцця.
Генадзь добра памятаў сябе гадоў з пяці — лета ў бабулі, дзіцячы сад. Выхавальніца, якая лаялася на яго за тое, што пасікаў міма гаршка, і яго крыўда на той крык, а потым — удар нагой па гаршку і жоўтыя ручаі на падлозе.
Але нешта было да бабулі. Бацька? Ён памятае не бацьку — памятае нейкую сілу, якая абхапіла яго маленькую ручку, некуды цягне. Памятае сапраўдны ўзлёт — і страх таго імгнення, калі сіла, якая яго падкінула, раптам знікла, і ён падаў, падаў, захлынаўся ў жаху, мярцвеў, і тады тая сіла зноў лавіла яго, утрымвала. І зноў кідала ўгару, дзе маленькі Генік заходзіўся ў крыку.
Ён сёння разумее, чаму не любіць вышыні. Страх ідзе адтуль — ад таго першага падкідвання.
Маці доўга не гаварыла з ім пра ягонага бацьку, і толькі раз, быццам загадзя рыхтавалася, запрасіла ў свой маленькі пакой. На яе ложку ляжала некалькі фотакартак. Маці сказала, што на здымках ягоны бацька. Расказвала, як яны пажаніліся, як ад першых дзён узненавідзела яе свякроўка, як законны муж з закаханага і ўважлівага чалавека пад паглядамі свае маці раптам ператварыўся ў дэспатычнага, грубага мужыка. Хоць так не мусіла быць: яна позна выйшла замуж, муж яе быў ужо не маладым чалавекам, і ягоная маці павінна была б радавацца, што ўрэшце прыпуціўся, што падаравала нявестка ўнука. Яны жылі ў вёсцы... на самай ускраіне. Нейкае глухое і страшнае месца, за гародам адразу пачынаўся змрочны альховы лес, мокры, балотлівы, мноства кустоўя. У суседняй вялікай вёсцы была школа, клуб, у які маладая жанчына магла б ісці працаваць, але муж не пусціў — памагай па гаспадарцы. Тры каровы, свінні... Ды цяжка было не працаваць, цяжка было вытрымваць штодзённыя едкія свекрывіны слоўцы, ненавісныя позіркі. Чым не дагадзіла нявестка — старая ніколі не казала. Почасту яна ляжала — ці то сапраўды хварэла, ці то прыдавалася хворай, каб яшчэ больш памучыць сваю нявестку. Памерла. Яе сын, Генадзяў бацька, праз месяц па смерці маці ў п’янай бойцы зарэзаў п’яную жанчыну. Тады маці забрала маленькага Генадзя, і яны з'ехалі да другой бабулі...