Выбрать главу

Генадзь глядзеў фотакарткі. Выявы на іх яго зусім не чаплялі. Тут было не ягонае жыццё. Ён глядзеў на фотаздымак свайго бацькі з меншай цікавасцю, чым на здымак у газеце прэзідэнта якой краіны. Усё было чужым. Далёкім, такім далёкім, што памяць нават не захавала кропелькі адчуванняў, і чужым. Адзінае — страх вышыні.

Мы памятаем не пражытыя гады і падзеі, мы памятаем эмоцыі. Тыя, найяскравейшыя, якія ўзрушалі нашу свядомасць да такой ступені, што нервовыя клеткі ў мозгу складваліся ў пэўным парадку для іх захавання і захавання тых абставінаў, якімі эмоцыі былі народжаныя. Генадзь у свае васемнаццаць гадоў ведаў пра гэта. Ён аднаго не разумеў: навошта маці вось цяпер выклала пажоўклыя фотаздымкі і паказвае яму? Расказвае нашто?

— Каб не ўпікаў мяне. Можа, табе захочацца знайсці бацьку, — адказала ціха маці.

— За што ўпікаць? Што гэтулькі гадоў хавала? Не разумею, — пацепнуў плячыма Генадзь. — Шукаць бацьку, цяпер? Падзякаваць яму, што ў самым маленькім веку ўзнагародзіў мяне акрафобіяй? Адзінае, што я помню, што нітуе мяне з ім — як ён падкідае мяне, а я крычу. Было ж так?

— Але, было, — кіўнула маці. — Калі вяртаўся з работы выпіўшы, то лавіў цябе і падкідаў. Я хавала... баялася. Адзін раз ён ледзь паспеў злавіць цябе, ты выцяўся...

— Ну во... выкідвай свае фоткі, яны мне не патрэбныя. Ці ты сама хочаш знайсці яго?

— Навошта? — разгубілася маці.

— Ну, а я ведаю? Мо пахваліцца, якога сына выгадавала. Ці каб я яму пысу набіў.

— Генік... Што ты кажаш? — маці, было відаць, спужалася, пачала мітусліва збіраць фотакарткі. — Я ж во паказаць ды расказаць...

— Мяне не хвалюе маё галазадае маленства недзе ў балоце, — жорстка адказаў Генадзь. — І не думаю, што бацька стаў нейкім мільянерам. Ці стаў? Ты нічога не ведаеш больш пра яго?

Маці сцялася, падціснула вусны, быццам жанчыну схапілі за руку ў час яе непрыгожых, непрыстойных дзеянняў. Пасля невялікай паўзы яна адказала:

— Ён выйшаў праз сем гадоў... Шукаў нас. Прыехаў да маёй маці, патрабаваў адрас. Я паехала туды... Не заспела: ён паспеў абрабаваць саму маці і яе суседку, уцёк. Яго злавілі і зноў судзілі. Болей я нічога не ведаю.

— Выдатна! Цяпер усім маім знаёмым трэба паведаміць, што ў мяне бацька — забойца, рабаўнік, зэк і згніў у турме! Во якую дзіўную спадчыну я атрымаў ад сваёй роднай маці ў год паўналецця! Дзякуй!

Маці заплакала.

Генадзь выйшаў з пакоя.

Болей яны пра бацьку не гаварылі. Месяцы праз тры пасля гутаркі маці пастукала ў ягоны пакой, асцярожна зайшла.

— Вось, — яна прыўзняла руку з нейкімі паперамі, загорнутымі ў цэлафанавы пакет.

— Што “вось”? — Генадзь адарваў вочы ад манітора.

— Аблігацыі... Я збірала... Ты ўжо студэнт, ты малады... сёння цяжка без машыны. Тут... павінна ставаць на першы ўзнос. Возьмем крэдыт. Табе зручней будзе. І да бабулі калі пад'едзем. Яна зусім кволая стала...

Генадзь разглядаў паперы, як просьбу маці аб прабачэнні. Рэальная мажлівасць мець сваю машыну так узрушыла яго, што яшчэ цэлых паўгода, пакуль вучыўся і здаваў экзамены ў школе аўтамабілістаў, ён быў уважлівым і стрыманым: не грубіў, не адказваў аднаскладова — у тыя месяцы ў іх хаце было так, як было, калі яны былі разам на дварэ, і так, як малявалі сабе дачыненні маці і сына Колтунаў іхныя суседзі.

Пачуццё вінаватасці перад Генадзем у маці з’явілася неяк адразу, неспадзявана для яго самога. Яму не было тады яшчэ і шаснаццаці. У той летні вечар у іх кампаніі ў аднаго з сяброў быў дзень нарадзінаў, і бацькі шчодра забяспечылі яго грашыма. Набылі пляшку гарэлкі на чатырох і піва, як наймацнейшага. Генадзь, у якога ўсё хісталася перад вачыма, ледзь дабраўся пасля паўночы да сваёй кватэры. Мабільнік ён вымкнуў — каб маці не даставала званкамі. І яшчэ не паспела яна ў вітальні ці то напалохацца ад яго выгляду, ці то ўздыхнуць з палёгкай — сын жывы, хоць і выпіўшы, як Генадзь пачаў.

Ён крычаў, плакаў, дакараў, упікаў — ён выказваў ёй усе тыя крыўды, якія пазбіраліся за ўсе гады ягонага свядомага жыцця, якія ён сам ашчадна збіраў — можа, яшчэ тады думаў, планаваў вось такі дзень, калі ў твар маці выкажа ўсё. Пра адзенне і танны мабільнік, пра патрыманы кампутар, які з'явіўся ў яго пазней за ўсіх у класе, пра свой сорам, калі аднакласнікі прыходзілі да яго ў іх бедную кватэру... Хутчэй за ўсё, яго ніхто спецыяльна і не крыўдзіў, але самыя невялікія заўвагі, самыя бяскрыўдныя кепікі аднагодкаў Генадзь успрымаў як абразы, праўда, не адказваў ніяк, і ўсе думалі, што гэта нічога страшнага: трохі пацвельваць з сябра, “мамчынага сынка”.