Выбрать главу

І вось гэтая дзяўчына, трэба заўважыць, без асаблівай сарамлівасці, хутчэй са сваёй, ужо легендарнай, сціпласцю, падышла да Генадзя і прапанавала яму зарабіць на фіктыўным шлюбе з ёй.

Генадзь толькі паабяцаў “падумаць”, як пабачыў у вачох у дзяўчыны пакорлівасць і гатовасць ці не да ўсяго. Не ўсцешыўся, а нібыта паставіў недзе ўнутры сябе “птушачку” — не памыліўся. Грошы, якія ён атрымваў ад дзяўчыны за “шлюб” былі не галоўным, грошай ставала: маці з вёскі пераводзіла яму ўсю пенсію, яшчэ і бабулінай частку. Генадзь, стоячы перад невысокага росту дзяўчынай з простым, без макіяжу тварам, гледзячы ў яе невыразныя, зусім не намаляваныя вочы, дзе адбіваліся надзея і страх, прапанаваў проста і недвухсэнсоўна: ён жыве цяпер адзін, харчуецца па страўнях ды канапкамі, начамі яму сумна — то чаму б ёй не сыграць ролю жонкі больш грунтоўна?

Дзяўчына, яе звалі Людай, спалохана міргала вачыма, потым каўтнула і сказала:

— Ты... хочаш, каб я жыла з табой як жонка? І... у ложку?

— Чаму б і не? Калі не хочаш — я ж не настойваю, — знарок абыякава адказаў Генадзь. — Ахвотныя знойдуцца. І за большую суму. Дый раптам мне да смаку прыйдзецца жыццё з табой? — амаль гулліва дакончыў ён.

Люда пачырванела — так моцна, што ён здзівіўся, і ціха сказала:

— Я паспрабую... Але... ты ведай, што ў мяне няма... досведу. Ніякага.

Генадзь усміхнуўся куточкамі вуснаў, а недзе яшчэ адна “птушачка” стала і ўскінула свае крылцы: ён зноў не памыліўся.

— Ува ўсіх на пачатку не бывае досведу, — амаль суцяшаючы, адказаў ён.

Праз дзень — “А чаго адкладаць?” — яны падалі заяву, і ўвечары Людміла прыехала да яго з невялікай торбаю: халат, пантофлі, нешта з бялізны і дробязныя рэчы. І засталася нанач.

Генадзь разумеў, што для яго гэта першы досвед, і можа быць фіяска: але як толькі Людміла пераступіла парог, яго ўзбуджэнне стало імкліва нарастаць, ён ледзь стрымваў сябе, каб не пачаць загадваць ёй распранацца адразу ж, ісці ў спальню. Таму выпіў набытую ў аптэцы пігулку і дазволіў Людміле пайсці ўзяць душ, сам паставіў віно — няхай усё будзе неяк хоць крышку аформлена...

Упэўненасць, якую надала яму выпітая пігулка, вера ў яе цудадзейную моц, дазволіла яму быць няспешлівым, не хвалявацца. І Людміла, якая і распраналася, і клалася на канапу так, нібыта рыхтавалася да страшэннага пакарання, наўрад ці падумала, што для Генадзя яна была першай жанчынай.

Генадзь кпіў нязлосна з яе сарамлівасці, і гэта дазволіла яму самому не адчуваць таго ж пачуцця. Ён сцягваў з яе прасціну, вымушаў ляжаць вольна — ён першы раз у сваім жыцці бачыў перад сабой аголенае дзявочае цела. Калі яна падпарадкавалася, выструнілася, Генадзяў шал на нейкі момант адступіў месца захапленню, якое ішло ад аголенага цела: Генадзь раптам пабачыў, што перад ім амаль бездакорнае хараство, вытанчаная фігура дзяўчыны, лялька, нібыта зробленая паводле ўсіх галівудскіх законаў сэксуальнасці. Потым амаль на паўгадзіны яна сапраўды стала для Генадзя жывой лялькай: ці не ўсё тое, што Генадзь бачыў у порнароліках, ён захацеў увасобіць сам. Людміла амаль не супраціўлялася, толькі часам жаласліва прасілася, калі ёй было нясцерпна балюча. Па-праўдзе, Генадзь трохі шкадаваў дзяўчыну, але не мог спыніцца, пакуль не здаволіць свайго юру, нягледзячы на тое, што дзяўчына пад ім уздрыгвала не ад задавальнення, а ад болю, што на прасціне з’явілася крывавая пляміна, што на Людміліных сцёгнах былі крывавыя пісягі, і яго ўласная пахвіна была ў дзявоцкай крыві першага жаночага болю. І пагатоў не мог спыніцца, бо ў тыя хвіліны быў прасякнуты не толькі першым пачуццём сапраўднай блізкасці, якое амаль па-шчанячаму падвывала ў ім, але і салодкім, да вар’яцтва, ўсведамленнем поўнай улады над дзяўчынай, яе целам і воляй.

Яны спалі разам, раніцай Генадзь адчуў яшчэ большае, як увечары, узбуджэнне. Нечакана для Генадзя яно было глыбокім і — з непажаданым ды прыкрым для яго адценнем пяшчоты, якое ён пастараўся прагнаць. Настрою дадало тое, што Людміла цяпер зусім не саромелася (а ў спальні было зусім светла) і не сціскала вусны ад болю — наадварот, ён адчуў, як яна сама асцярожна, сарамліва імкнецца яму насустрач. І ён пачаў жадаць, каб яна атрымала задавальненне, каб ускрыквала пад ім, салодка стагнала, не стрымвалася, прасіла “яшчэ” — каб урэшце яму самому пераканацца ў сваёй здольнасці даводзіць жанчыну да бяспамяцтва аргазму.