Выбрать главу

Людміла нібыта адгадала ягоныя думкі, хоць цалкам можа быць, што яна і гуляла ў сваю, схаваную ад яго гульню. Але на чацвертую ноч яна першая прыпала да яго. І была ўжо сапраўднай каханкай — такой, якіх Генадзь бачыў на экране манітора: бессаромнай, адгукалася на кожны яго рух, адгадвала жаданні і, галоўнае, стагнала, ускрыквала, і, урэшце, забілася пад ім у канвульсіях асалоды.

Пасля ночы, калі Людміла гатавала канапкі ў кароценькай ночнай кашулі (купіла два дні таму), Генадзь зведаў сапраўдную асалоду ад спазірання яе вытанчанай фігуркі і ўсведамлення таго, што гэтая дзяўчына належыць яму. І сказаў тады:

— Слухай, у цябе ж нармальная фігура, на твар ты не пачвара. Чаго ты ходзіш, як хурлядзь якая калгасная? Адзявацца не ўмееш?

Людміла ўспыхнула чырванню, нічога не адказала. Але за два наступныя дні яна змяніла амаль увесь свой гардэроб. Высока адкрыла свае сапраўды прыгожыя ногі з круглявымі каленямі. Можа, крышку велікаватыя, але дужа прывабныя грудзі цяпер спакусліва выглядалі ці то з глыбокага выразу цішоткі, ці то з-за расшпіленых гузікаў блюзкі. Яна пабыла ў салоне — прафесійны макіяж разам з новай фрызурай да непазнавальнасці змянілі яе твар. Колішні “хвост” пераўтварыўся ў модную стрыжку, валасы змянілі невыразны цёмна-русы колер на яркі каштанавы. У яе хадзе і паставе з’явіліся плаўнасць рухаў, адкрытасць, а з імі — прывабнасць і нават больш: тое, што мужчыны называюць “сэксапільнасцю”. Цяпер яна зусім не нагадвала тую сціплую, безгустоўную вяскоўку. Што праўда, яна не дэманстравала свае дачыненні з Генадзем ва ўніверсітэце. Але і ў вочы, і за спінай Генадзь чуў галасы захаплення не так ёй, як ім: “Ты глядзі, што зрабіў з калгасніцы...” Гэта грэла. Генадзь і сам заўважыў, як зусім па-іншаму стаў выглядаць і Людмілін твар — яго асвячала нейкае нутраное святло сваёй асабістай значнасці і... шчасця.

Аднак, хоць Генадзь і адносіў змены на свой асабісты рахунак, пакідаў і мажлівасць для трывіяльнага разліку самой Людмілы: вельмі магло быць, што яна здумала, быццам мае шанцы застацца ў Генадзевай кватэры сапраўднай жонкай, скарыстоўваючы сваю пекнату і паслужлівасць. Мажлівасць такіх практычных планаў не засмучала Генадзя — ён іх разумеў і прымаў. Але пасміхаўся ў думках: прапісваць Людмілу ён не збіраўся, апрача таго, кватэру маці аформіла як падарунак сыну, так што хвалявацца не было падстаў: калі хочаш ён мог вышпурнуць дзяўчыну з кватэры.

Але пакуль што — няхай будзе. Яна цалкам адпавядала уяўленню добрай жанчыны з барадатага анекдота: гаспадыня на кухні, каралева на людзях, прастытутка ў ложку. І, да ўсяго, служка ў кватэры — Людміла ўжо праз два тыдні іх супольнага жыцця незаўважна для самога Генадзя цалкам узяла на сябе ўсе хатнія абавязкі. Генадзь быў здаволены, з ёй было яшчэ бестурботней, чым раней з маці, да таго яна была яшчэ і жанчына ў ягоны ложак.

2

Менавіта праз машыну і Людмілу ў ёй, у Генадзева жыццё ўварваўся першы ўсвядомлены кавалак памяці маленства.

Быў травень, гарачы, выбуховы, у квецені і зеляніне. Людміла папрасіла-прапанавала: з'ездзіць на гарадское возера — немажліва сядзець у кватэры ў такую гарачыню. Генадзь згадзіўся. На момант у яго ў галаве бліснула думка пра тое, што пляж — выдатнае месца для знаёмства. Вось паедзе, можа, сустрэне каго... цікавейшага. Бо Людміла, калі шчыра, пачынала яму не тое што надакучаць, а рабіцца прэснай. Карцела прайсці яшчэ раз гэтым шляхам заваявання, адкрыцця новага цела, новых (павінны ж быць) пачуццяў.

Аднак, з задавальненнем для сябе, Генадзь мусіў прызнаць, што на пляжы яго Людміла выйгравала ўва ўсіх жанчын і дзяўчат: акуратныя, цудоўнай формы сцёгны, як пляшачкі лыткі, аніводнай складкі тлушчу на жываце... Генадзь глядзеў на чужыя жаночыя фігуры з непрыемным адкрыццём: ён і не падазраваў, што гэтулькі жанчын маюць нізка апушчаны азадак, ці то кавалерыйскай формы сцёгны, худыя, або тоўстыя, у лытках ногі, непрыгожую паверхню скуры, а то і скулкі на грудзях...

І ў дадатак, ён адзначаў тое, з якой прагай пазіраюць на ягоную Людмілу мужыкі. О, яна тут была каралевай, гэта факт...

Людміла была ўмелай плыўчыхай, усё ніяк не магла насыціцца вадой, як для Генадзя — дык і вельмі халоднай. Сталі збірацца назад.

Тут і здарылася.

Салон угрэўся, было невыносна задушна ў першыя хвіліны. Людміла на сядзенні побач адкінулася ў крэсле, мужчынская сарочка, якую замест сукенкі яна адзела на пляж, была не зашпіленая, толькі трохі затуляла яе грудзі вольным крыссём.

Нешта ў крыссі сарочкі, пасцы цела між імі падалося знаёмым, даўным, надзвычай важным, але незразумелым і ад таго невыносным. Са злосцю на пачуццё (ён ледзь не крыкнуў Людміле: “Зашпілі! Вываліла цыцкі, разляглася!”, але стрымаўся, болей з таго, што існавала нейкая кволая надзея: ён успомніць...), Генадзь стаў круціць люк у салоне.