— Вады прынясеце...
— Дзе Марыя? Марыя дзе? Свякруха вады просіць! Марыя, го! Нясі піць свякрусе!
Генадзь бачыць постаць жанчыны са спіны, яна нахілілася над бабай.
— Руку адвяжы мне ету... Цяпер ідзі, — голас бабы Дунькі слабы, але ў ім па-ранейшаму гучыць уладная грэблівасць.
Ціхі шэпт жанчын перапыняе гэты ж голас, але ўжо з ноткамі зларадасці і з'едлівага смеху:
— А я ж усё-усёханькі чула... Што кожная казала... І ўсіх бачыла. Усіх... Усіх запомню...
Нехта першы з жанчын не вытрымвае і выскоквае за дзверы. За ёй — іншыя.
Настае цішыня. Генадзю робіцца страшна, яму расхацелася тут сядзець, ён думае пра тое, што баба яго бачыць — бачыць праз тканіну покрыва, і цела ягонае яшчэ болей дранцвее, ён адчувае, як пакрываецца пухіркамі спіна. І не памыляецца. Голас старой загадвае, але ласкава:
— Хадзі сюды, унучак, не бойся. Хадзі, баба табе нешта важнае скажа... Хадзі, не бойся. Ты станеш заможным, у цябе ўсё будзе. Толькі баба скажа...
Генадзю хочацца, каб у яго ўсё было. Былі цукеркі і цацкі. Ён сам не разумее, як апынаецца ля ложка старой. Зблізу твар бабы Дунькі яшчэ страшнейшы, скура ўся зморшчаная, жоўта-шэрая, у плямах і плямках, рудых і чорных, тонкія вусны амаль сінія, у барвовых кропках, але ў вачох яе блішчаць агеньчыкі, і тыя агеньчыкі не страшныя — можа, у іх адбіваецца сіняе неба.
— Можна мне зазірнуць?
— Зазірні...
Генадзь падыходзіць зусім блізка і зазірае ўгару: праз няроўны прастакутнік выдранай саломы ён бачыць сіняе-сіняе неба і кавалачак белай аблачынкі.
— Дай мне руку, — чуе Генадзь загад.
Яму не хочацца даваць сваю руку бабе, але адначасна ён ведае, што даць павінен. Бабу трэба слухаць.
Ягоная рука раптам кранаецца нечага невыказна халоднага, як лёду, і холад пранізвае ўсе пальцы, далонь — гэта бабіны тонкія крываватыя пальцы абхапілі яе.
Той даўны холад з маленства быў такім моцным, што Генадзь уздрыгнуў цяпер, тут, і зразумеў, што колькі часу сядзіць застыўшы, з задранай угару рукой — трымаецца за рэгулятар адкрыцця люка.
Не, часу мінула зусім не шмат — Людміла побач нават не павярнула да яго галавы. Ён не перажываў успаміну — ён уварваўся ў ягоную свядомасць тысячамі гукаў, фарбаў, адценняў і пачуццяў, і цяпер можна не спяшаючыся, павольна, успамінаць, нібыта праглядаць на маніторы хвіліны маленства... Маленства, якое ў яго ўкрала маці!
Генадзь не памятаў, як ён даехаў да горада — усе яго думкі былі занятыя. Ён засяродзіўся на сваім адчуванні там і зразумеў, што старая нешта сказала яму. Што? Баба клікала яго не дзеля таго, каб патрымаць за руку! Не таму! Ён ішоў слухаць — калі памяць вярнула той момант, значыць, баба нешта сказала. Важнае. Вельмі важнае... бо ў яго была асаблівая бабуля Дунька! Бач, як яе баяліся... І смерць яе не брала гэтулькі часу. Не, бабуля ведала шмат, бабуля шмат магла... Трэба ўспамінаць, успамінаць... Яна нешта мусіла сказаць.
У той вечар ён не сядаў за кампутар, не ўлучаў тэлевізара. Проста ляжаў на ложку, глядзеў у столь. Людміла паспрабавала было пацікавіцца, што з ім, ці не яна таму віной, але Генадзь адно махнуў рукой, каб зачыніла дзверы.
У кватэры да самай ночы было ціха.
Генадзь нічога не ўспомніў. Ён зноў прысніў маленства. Ён не бачыў там нічога выразнага: тыя самыя колеры, нейкія плямы-фігуры, адчуванне страху і захаплення. І цвёрдая ўпэўненасць у тым, што гэта менавіта маленства.
Мінула дні тры, Генадзь пастанавіў для сябе, што для ўспаміну трэба нейкі вылучны, асаблівы момант — накшталт такога, які адбыўся ў машыне ля возера. Трэба, каб для памяці была падсунутая карцінка, максімальна блізкая да таго, што было. Тады, у машыне, усё адбылося выпадкова: расхрыстаныя Людміліны грудзі, яе сарочка, нібыта падраная старая кашуля бабы Дунькі, адкрытая частка неба над жанчынай...
Наступныя дні былі занятыя шуканнем: што і дзе? Што можа вярнуць яго ў маленства? Дзе можна зноў сустрэць такі малюнак?
Зразумела, ён не аднаго разу, а двойчы (адзін раз ездзілі на возера) прымушаў Людмілу гэтаксама як тады, адкідвацца ў крэсле, расшпільваць кашулю. Круціў люк... выніку не было.
У той дзень неспадзеўкі надышла навальніца, прагрукатала, пасляпіла маланкамі, абдала горад кароткаю залевай. Людміла выйшла на балкон, расхінула рамы, гукнула яго:
— Генік, ідзі, падыхай свежым! Так цудоўна пахне!
Генадзь выйшаў.
Людміла працягвала рукі пад кроплі, што зрываліся з верхняга балкона.
Падлога балкона быццам падзеленая напалам: адна цёмная частка ля яго пярэдняй сцяны, і другая — светлая, шчодра залітая сонцам.
Генадзь застыў, гледзячы на гэтую вузкую паласу святла ля сцяны.