Выбрать главу

У галаве рыхтык круцілася старая, з шчэрбамі кружэлка, па якой скакала з дарожкі на дарожку голка, і ў свядомасці ўсплывалі нават не абрыўкі фраз, а пачаткі ці канцоўкі гукаў, кароткія ўсхліпы мелодыяў.

— Ляж тут, — хрыпла загадаў ён.

Людміла азірнулася, гуллівая нясмелая ўсмешка сходзіла з яе твару — яе напужаў Генадзяў твар.

— На... навошта? — асцярожна спытала яна, але апусцілася на калені. — Скідаць халат?

— Расхіні...

Людміла падпарадкавалася, легла, з неспакоем сачыла за Генадзем. Ён прысеў перад ёй на калені, глядзеў на паласу святла, на постаць дзяўчыны пад гэтай паласой.

Яна павольна, можа, каб хоць трохі супакоіцца самой, адчуць ягонае цела, узняла руку і дакранулася ёю да Генадзявай далоні.

Пальцы ў Людмілы былі халодныя ад кропель дажджу. Халодныя... як бабуліны.

Генадзь уздрыгнуў і заплюшчыў вочы.

Гэтым разам мінулае не ўварвалася, а працяло ягоную свядомасць, выклікаючы салодкую дрыготку.

...Ён зноў там — ля бабулі.

— Ты будзеш вялікім чалавекам, будзеш, — шэпча пераканаўча баба Дунька, нібыта загадвае яму, Генадзю, такім быць. — Табе будуць падпарадкоўвацца, ты будзеш наверсе, ты будзеш вялікім. Слухай і глядзі. Знакі глядзі. Не прапусці — цябе паклічуць. Пасля... потым... знайдзі пада мной... забяры — гэта тваё. Яно...

І нечакана Генадзя рве, уздымае ўгару нешта імклівае і дужае.

Яго нясуць на руках, ён з паху пазнае — маці, бачыць, як зачыняюцца за ім дзверы ў пакой, дзверы ў хату, потым галінка яблыні чапляецца, моцна драпае ягоную галаву, і ён плача...

Генадзь расплюшчыў вочы, уздыхнуў глыбока, выдыхнуў і ўголас сказаў:

— Буду...

Людміла няўцямна ўсміхнулася яму.

— Буду! — Генадзь адразу абедзвюма рукамі схапіў аголеныя дзявочыя грудзі, сціснуў моцна, аж скрывілася ад болю Людміла, і загадаў: — Уставай. Збірайся, заўтра паедзеш са мной. Да маці.

Калі б ён зазірнуў у Людміліны вочы, ён пабачыў бы там страх — ужо сапраўдны жаноцкі страх.

3

Але раніцай Генадзь змяніў намер: ён не павінен браць Людмілу з сабой. Паўночы ён думаў над бабулінымі словамі. Найперш — пра знакі. Людміла — гэта знак ці не? Бо і ў першым разе, і ў другім яна, Людміла, сапраўды падвяла яго пад тую рысу, за якой раптам настала прасвятленне памяці. Дык яна — знак?

Але куды яна можа паклікаць? Трэба ісці за знакам, ён жа добра ўсё зразумеў: ісці за знакам, яго паклічуць! Не, яна не знак. Яна памагла ўспомніць — і роля яе выкананая. У кожнага свая роля.

Прапанавалі застацца на прадпрыемстве... Не, там няма знаку, там маці паспрыяла, пабегала... От жа дзіўна: ніякай пасады ў яе не было, ніякай значнасці, а гэтулькі ў яе знаёмых, гэтулькі людзей ёй заўсёды былі абавязаныя, хоць па самых нязначных дробязях, але ж абавязаныя. І яна сама заўсёды кідалася кожнаму ў нечым дапамагаць, сама, ніхто яе часцей за ўсё не прасіў.

Не, маці — не знак, відавочна. Маці... маці не дала даслухаць бабу! Добра, ён запытае...

Людміла ўспрыняла яго пастанову ехаць аднаму амаль без эмоцыяў. Здаецца, яна здагадалася, што Генадзь збіраўся ў дарогу зусім не затым, каб пазнаёміць яе з роднымі.

Генадзь упярод патэлефанаваў, сказаў, што выязджае, каб маці была дома. Чаго, не сказаў. “Прыеду — скажу.” Ён збіраўся: складаў у пакет зробленыя Людмілай канапкі, тэрмас з гарачай кавай, старыя красоўкі, ношаную куртку-плашчоўку. Людміла нічога не пыталася — яна сама была адным вялікім пытальнікам пасля слоў: “Чаго яшчэ трэба”.

А Генадзь адчуваў сябе... шчаслівым. Можа, тое і не было шчасцем, але якое яно, шчасце, калі ты вось толькі цяпер, першы раз у сваім жыцці нешта робіш таму, што менавіта табе трэба? Гэта было неверагодным пачуццём: яно поўніла і п’яніла, Генадзь быў шчасліва-ўзбуджаны і ўвесь падабраны, справавіты. Менавіта з такім настроем і пачынаюць вялікія, значныя справы, думаў ён пра сябе, пра свой стан. Колькі ён пражыў, а ніколі нічога не рабіў адмыслова для сябе. Ён плыў з вадою? Так, ён плыў, вада несла яго, але ён сам падграбаў пакрысе да зручнага яму берага, сам ціхенька адпіхваў тое смецце і трэскі, што несла вада, ашчаджаў сябе ад чужых эмоцыяў, непатрэбных знаёмстваў, неабавязковых сустрэч. Не выходзіла адштурхнуць нешта — ён прытарможваў, каб плынь панесла далей той чужы яму вэрхал турбот і неспакою.

І ён слушна рабіў! Слушна, бо не было яму знака, яго і не магло быць, бо ён не ведаў тады пра знак. Каб быў знак, каб прыйшоў ягоны час — ён бы ўспомніў раней бабулю... Але цяпер прыйшоў час. Праз два месяцы ён скончыць універсітэт, ён — цалкам забяспечаны, ён — на старце. І менавіта цяпер бабуля адтуль падказвае: пара.

Пяць гадзін дарогі не змаглі ні стаміць Генадзя, ні патушыць ранішняга ўзбуджэння. Маці чакала яго ля дома: нечакана маленькая ростам, адзетая па-простаму, па-вясковаму, сівая зусім. У выцвілай лёгкай хусцінцы, завязанай ззаду, за вушамі, яна была непрыгожай і чужой.