Выбрать главу

І ўсё.

Але расчаравання не было — адно стома. І крыўда. Што нічога не выйшла. Што тое, у што ён гэтак паверыў, было проста ўспамінам маленства.

Падняў той самы дручок, якім збіваў галінастую крапіву на шляху, калупнуў без асаблівай цікавасці мёртвае мышынае гняздо. Невялікі шарык з сухой травы, смецця, кавалачкаў матэрыі, нітак, выкаціўся на чорную, прыбітую дошкамі зямлю, амаль рассыпаўся.

І цьмяна засвяціўся ў гэтай парахні кавалачак металу. Можа, срэбра.

Генадзь не паспеў здзівіцца гэтаму свячэнню, а гарачая хваля ўзбуджэння наструніла ногі, цёпла сціснула жывот, апаліла грудзі і падымалася вышэй — да горла, якое раптам зрабілася сухім.

Борзда прысеў, разварушыў рэшткі гнязда, узняў знойдзенае.

На тоўстай суровай нітцы чорнага колеру боўтаўся срэбны (так, цяпер Генадзь быў пэўны, што срэбны) кружок дыяметрам сантыметры два. У цэнтры кружка на адным баку была выява пяці круглых пялёсткаў, падобных да кропелек, вострымі канцамі ў сярэдзіну. Другі бок быў чысты.

Генадзь за нітку трымаў сваю знаходку перад вачыма, потым падставіў разнятую далонь і стаў павольна апускаць кружок. Ён быў пэўны, што першы дотык яму скажа... нешта важнае скажа.

Але кружок неспадзявана абпаліў скуру рукі холадам — быццам на далонь паклалі прамерзлую жалезіну ды яшчэ прыціснулі. Генадзь стрываў і адчуў, як срэбны кружок, усмактаўшы цяпло ягонай рукі, неахвотна нагрэўся.

І нешта ўваходзіла ў яго, Генадзя — халоднае, разважлівае. Але не страшыла зусім. Яно было сваім, жаданым...

Без усякай гідлівасці Генадзь, ледзь праціскаючы галаву ў вузкую пятлю, адзеў матузок са срэбным кружком на шыю.

4

Адным з улюбёных заняткаў на форуме ў Генадзя было стварэнне тэмаў з назвай: “Душа патрабуе”. Ніколі не забудзе, колькі дадатных эмоцыяў яна яму прынесла, калі запосціў такую першы раз: “Душа патрабуе паклапаціцца пра бліжняга. Ёсць 15 даляраў Веб-Мані, якія аддам таму, хто першы пакіне ў тэме нумар свайго партманета”.

Што пачалося! Адразу спрабавалі адгадаць: у чым тут ашуканства? Ведалі, што засвяціць у “пабліку” свой нумар партманета — стаць мішэнню для спамераў і хакераў. Але ж пасля таго, як атрымаеш грошы, пост можна адрэдагаваць і зацерці нумар. Не, мабыць, мэта нейкая іншая...

Генадзь чытаў пасты, часам кідаў якія рэплікі — і рагатаў амаль уголас. Як жа ўсім карцела вось так, на халяву, атрымаць 15 даляраў. А адначасна — баяліся ўсе. І нават больш чым баяліся: кожны, хто зазіраў у тэму, хацеў бы атрымаць, але каб не прызнавацца! У першыя хвіліны на Генадзя звалілася, можа, з дваццаць лістоў у асабістую скрыню на форуме з нумарамі партманетаў.

“Не, сябры, не! Не шліце нумары партманетаў уасобку — толькі тут, прылюдна пішыце свае партманеты. 15 даляраў — хто напіша першы”.

Адно праз гадзіну нехта напісаў. І тут пачалося: шчаслівага смеляка сталі гнобіць і ўпікаць у сквапнасці. Маўляў, мог бы пачакаць. І пры ўсім патрабавалі праз тыдзень паведаміць, ці не здарыцца якіх непрыемнасцяў.

Праз месяц Генадзь прапанаваў усяго 10 даляраў Веб-Мані. Але гэтым разам так, каб ахвотны атрымаць грошы пакінуў запіс: “Я хачу задарма атрымаць на свой партманет №... 10 даляраў”. Гэта ўскладняла сітуацыю: усе ведалі, што такое прызнанне можна скарыстаць у скарзе ў Арбітраж Веб-Мані: вось, маўляў, займаецца выпрошваннем грошай. Рэакцыя Арбітража была заўсёды аднолькавай на падобныя скаргі: партманет блакаваўся. Месяц-другі ішло разбіранне такіх выпадкаў... Зноў былі нібыта разумныя пасты, у якіх спрабавалі адгадаць тыя прычыны, з якіх Генадзь аддаваў проста так свае грошы першаму сустрэчнаму. Генадзь смяяўся ў адказ: “Людзі, вы мяне не ведаеце? Я сур'ёзны чалавек, от з’явілася ў мяне такое жаданне — даць некаму грошай. Таму і даю”. Пачалі ўпікаць: хочаш аддаць, дык аддай у які фонд, пойдзе дзіцяці на лячэнне. “Чаму вы тут уздумалі, што можаце мне дыктаваць: каму, куды і колькі мне аддаваць грошай?” — адрэагаваў Генадзь, спрэчка разгарэлася з новай сілай. Урэшце з'явіўся нехта малавядомы і запасціў нумар партманета. Генадзь пералічыў грошы, запатрабаваў пацверджання ў тэме і дадаў потым: “Чакайце. Акцыя носіць заўсёдны характар”. Грошы ў Генадзя былі: бабуля падаравала на дзень народзінаў суму, частку якой Генадзь надумаў выдаткаваць на “асабістыя маленькія капрызы”, як казаў пра свае забавы на форуме.