Выбрать главу

Генадзя сапраўды ведалі на форуме даўно. Сваё адасобленае жыццё ў універсітэце ён навучыўся кампенсаваць форумным віртуальным жыццём недзе на другім курсе — калі зразумеў, што ягоная будучая прафесія інжынера-тэхнолага не проста не цікавая яму, а глыбока варожая ягонай існасці. Форум з яго віртуальным светам раптам разбурыў грэблю таго жадання да камунікавання, якое, як выявілася, збіралася ўсе гады ў Генадзявай душы і вось — атрымала выйсце. Цудоўнае выйсце! Тут было галоўнае: мажлівасць адказваць не тут і зараз, а праз некалькіх хвілін ці нават гадзін. І за гэты час можна было прыдумаць ці знайсці ў сеціве адказ...

Ён знайшоў для сябе арыгінальную тактыку камунікавання на форуме, віртуальны партрэт заўзятара рэсурсу: ён ніколі не бараніў нейкіх ідэй ці думак, не расказваў і не даводзіў. Ён заўжды займаўся адным: разбурэннем, крытыкай, руйнаваннем. Неабмежаваная тэматыка размоў прывяла да таго, што Генадзь патроху стаў разбірацца ў шмат якіх праявах жыцця, самых розных тэмах. Бо без тэарэтычных ведаў нельга было знайсці ў выказваннях праціўніка слабых месцаў, скласці тонкую схему заваблівання суразмоўніка ў загадзя падрыхтаваную пастку, і Генадзь мусіў шмат чытаць, самага рознага кшталту: ад Бібліі да тэорыі касмічных струн, ад апошніх даследаванняў у археалогіі да эксперыментаў з калайдарам.

З’яўленне ў ягонай кватэры Людмілы істотна не паўплывала на яго вечаровыя гадзіны — іншым разам ён заседжваўся да глыбокай ночы: ці то смакуючы, прыціскаў апанента да сцяны сваімі пытаннямі, ці то шукаў у сеціве патрэбную інфармацыю, каб выказацца заўтра, пакінуць у тэме яскравы і выразны пост.

Генадзя і паважалі, і асцерагаліся, хоць, зразумела, знаходзіліся і тыя, хто яго не любіў. Дакладней, той вобраз, які ён стварыў: едкага, бязлітаснага забойцу чужых ідэй і думак, цынічнага разбуральніка. Пакрысе, але няўхільна, яго аўтарытэт разбуральніка рос, і нярэдка, калі які актыўны навік хацеў на форуме эфектна заявіць пра сябе, здзівіць суразмоўцу нечым арыгінальным і цікавым, апошняга папярэджвалі: “Чакай-чакай, зараз прыйдзе Віконт...”

Віконт — гэта Генадзяў нік. Больш яго ніяк не ведалі.

“Рэч 24 міліметры ў дыяметры, каля 1,6 міліметра таўшчынёй з берага. На адным баку — выпуклая кветка з пяці пялёсткаў. Другі бок чысты. Срэбра. Па-варварску праз верхні пялёстак зроблена дзірачка і прапушчаны ланцужок. Вось малюнак. Хто мне патлумачыць: што гэта?”

Генадзь пачаў тэму, а сам усё шукаў у сеціве хоць нешта падобнае. Зрэшты, нічога дзіўнага не было: пяціпялёсткавая кветка не рэдкасць. Усё як звычайна: талісман.

“Падобна да кветкі канюшыны, пяціпялёсткавай. Трохпялёсткавая — звычайны амулет, які сімвалізуе тройцу. Чатырохпялёсткавы — талісман кахання. Ну, а калі пяць — то дзеля грошай насілі...”

“Рэдкі амулет. Арыгіналаў не сустракаў, хоць цікавіўся. Адно бясспрэчна: лік пяць — не тройца Божая”.

“Баіцеся вы пяці, як чорт ладану”.

“Баяцца не трэба, а трэба ведаць: пяціканцовая зорка — сімвал таго, а не гэтага”.

“От зараз паклічам у тэму якога ветэрана, дасць ён за пяціканцовую зорку!”

“На пяціканцовую знойдзецца зорка Давіда”.

“Дык здолее хто падказаць мне: у якім кірунку шукаць?” — раззлаваўся Генадзь з таго, што ў тэме пачалі флудзіць.

“О, Віконт абураецца. Трымайцеся: колькі сябе памятаю, першы раз у нашага сябра няма адказу на пытанне))”

“Калі па справе пісаць, то казаць няма чаго. Хутчэй за ўсё, нейкі асабісты талісман, заказаны адмыслова для сябе. Ну, а кветку там намалявалі, ці яшчэ што — ніякай розніцы. Рэч не ў малюнку, галоўнае, каб ён розніўся, быў арыгінальным”.

“Вось, хоць нешта разумнае, дзякуй”, — адказаў Генадзь.

“А дзе знайшлі такую рэч? Шкада, што няма нідзе аналагаў, можа, яна каштуе нямала... Выкласці на аўкцыёне чорных археолагаў — яны ўмомант цану скажуць”.

“Не прадаю, — катэгарычна адмовіўся Генадзь. — Спадчына ад бабулі”.

Ён і не спадзяваўся знайсці адказу, зрэшты, і не абавязкова яму было ведаць, што за амулет у яго вось цяпер на грудзях, што значыць на ім кветка. Гэта было неістотным, другасным. Проста ўвесь вечар Генадзь адчуваў невытлумачальнае жаданне падзяліцца з як мага большай колькасцю людзей сваім набыткам. І калі напісаў апошнія словы — пра спадчыну, адчуў палёгку, нібыта завершыў пачатую справу: калі раней заставаліся невялікія сумневы, не сумневы нават, а так, лёгкія аблачынкі сумневаў, дык цяпер, пасля напісання сваіх слоў, як пасля асабістага роспісу на строгім дакуменце, Генадзь канчаткова ўпэўніўся: незразумелы талісман быў пакінуты бабуляй яму і толькі яму. Бо бабуля ведала: ён стане тым чалавекам, які будзе над людзьмі.