Выбрать главу

Але нічога не здарылася ні на заўтра, ні за два дні, ні за тры. Напружанае чаканне нечага незвычайнага спакваля ўлеглася, Генадзь усё часцей задумляўся над тым, што на ўсё свая пара.

Жыццё амаль вярнулася ў звыклае рэчышча, хіба што адно змянілася: Генадзь накіраваў Людмілу спаць у вялікі, агульны пакой — ён не мог больш трываць яе цела побач з сабой цэлую ноч. Калі іх рукі ці ногі судакраналіся, ён адчуваў гарачыню, потым — непрыемную вільготнасць ад поту. Уначы ён міжволі стрымваў сябе, не мог, як карцела калі, раскінуцца, ці перакаціцца на другі бок. Людміла зноў не выказала ніякіх эмоцыяў: яна цалкам ужылася ў ролю бездакорнай служкі ці нават хатняй нявольніцы, і яе здавальняла яе месца. Прынамсі, Генадзь не заўважаў, каб яна праявіла хоць кроплю нейкага супраціву ці элементарнай незадаволенасці.

Іншым разам Генадзь задумана спыняў вочы на Людміле, калі тая пыласосіла падлогу ці мыла посуд, гатавала ці кахалася з ім. Бабуліны словы пра тое, што Генадзь будзе над людзьмі, спраўджваліся вось у гэтай дзяўчыне. Генадзь разважаў: калі ёсць такія, якія гатовы служыць, пераўтварыць сваё жыццё ў служэнне, значыцца, павінны быць і тыя, каму служэнне прысвячаецца. І зразумела, што першых у разы, у дзясяткі і сотні разоў болей за другіх. Людміла абрала яго. А яшчэ сотні такіх людміл недзе шукаюць яго, Генадзя, яшчэ не зразумелі свайго прызначэння, як зразумела Людміла. І ён сам яшчэ нічым асабліва не паказаў свету, што гатовы прыняць іх. Пакуль што адна Людміла...

Праз тыдзень на форуме, пасля чарговай спрэчкі, а дакладней слоўнага баксёрскага раўнда, у якім Генадзь прафесійна і звыкла некалькімі кароткімі сказамі-аперкотамі заціснуў праціўніка ў кут і дабіў загадзя падрыхтаванай цытатай, ён заўважыў, што да яго ў асобку прыйшоў ліст. Не частая з’ява — Генадзь практычна ні з кім не падтрымваў такіх дачыненняў, якія давалі падставы весці схаваны ад іншых дыялог.

“Віконт, добры дзень! Колькі часу назіраю за вашымі слоўнымі баталіямі. Вы валодаеце рэдкім для нашага часу дарам разбіваць моўныя канструкцыі праціўнікаў імкліва, аргументавана і надзейна. Так, што праціўнік пачынае задумляцца над безсэнсоўнасцю таго, у што толькі што верыў. Колькі б ні казалі, што руйнаваць заўсёды прасцей, чым будаваць, аднак талент патрэбен і тут. Вось якая справа: ці не хацелі б вы ад забаў перайсці да больш прадметнай дзейнасці? Патлумачу: ёсць адзін аўтар, які напісаў адзін артыкул. Артыкул выкладзены ў сеціве. Трэба напісаць іншы артыкул, які б не тое што каменя на камені не пакінуў ад разважанняў аўтара (адразу не выйдзе, бо аўтар — доктар гістарычных навук), а каб паставіць пад сумнеў некаторыя аспекты артыкула. Вядома, такая работа будзе аплачаная. Калі якасць мяне задаволіць — 20 даляраў за тысячу знакаў без прабелаў (выбачайце, пустое месца не аплачваецца). Памер таго артыкула каля дзесяці тысяч знакаў. Вам не трэба пісаць столькі сама, ні ў якім разе болей. Скажам, 5 тыс. знакаў. Тэрмін — тры дні (Вам, зразумела, трэба будзе невялікая тэарэтычная падрыхтаванасць.) Асноўны кірунак вашай працы я паведамлю, калі вы прачытаеце артыкул і дасцё сваю згоду. Вось спасылка на артыкул. Я не прыспешваю, але пажадана адказаць сёння”.

Генадзь за хвіліну ўсхвалявана прачытаў тэкст ліста. Няўжо? Няўжо яго майстэрства слоўнага пікавання заўважылі — і ён мае шанец зарабляць на сваім уменні грошы? Вось жа, а яшчэ год таму нехта з удзельнікаў форуму казаў: падавайся ў капірайтары, з тваімі здольнасцямі будзеш зарабляць, седзячы дома, маючы вольны графік, і сам абіраць кліентаў. Не, капірайтарам працаваць Генадзь не збіраўся: атрымваць па 4-5 даляраў за старонку тэксту? Чаму ён не паступіў на філфак? Цяпер жа відавочна — мае ён талент пісання, мае! Так, таленты ва ўніверсітэтах не выдаюць разам з дыпломам.

Генадзь яшчэ раз перачытаў ліст. Пры ўсім тым, што ліст быў паважны, аўтар, адчувалася, чалавек справы: яшчэ Генадзь не згадзіўся з прапановай, а ўмовы ўжо выстаўленыя, і выстаўленыя жорстка. Цікава. Генадзь прайшоў па спасылцы, пабачыў, што гэты сайт — электроннае выданне. Знайшоў артыкул. Найперш здзівіўся — не на рускай мове. Пачаў чытаць і здзівіўся яшчэ болей: гаворка ў артыкуле ішла пра значэнне для людзей у час паганства святаў. Ніколі нідзе раней на такія тэмы яму спрачацца не даводзілася. Адмовіцца? Але ж 20 даляраў за тысячу знакаў! Адно незразумела: як аспрэчваць, у які бок? Аўтар кажа пра тое, што само рыхтаванне да свята вяло да змены свядомасці чалавека, рыхтавала яго да святкавання — і вызначаны момант чалавек сустракаў з іншай свядомасцю, ачышчанай ад штодзённых клопатаў, вызваленай ад нудных турбот, і таму давала мажлівасць, імаверна, судакрануцца з нечым незвычайным, не штодзённым, адчуць і прыняць яго. Значыць, галоўным было не так само свята, як рыхтаванне да яго. І такім парадкам, адчуваючы ў адзін момант разам з усім родам, племем элемент незвычайнасці, чалавек усведамляў сябе як часцінку цэлага: свята было адно на ўсіх, больш таго, аднаму практычна і нельга было дасягнуць такога роўню змены свядомасці. Бо залучаліся музыка, скокі, полымя вогнішчаў, розная атрыбутыка...