Выбрать главу

Што тут можна сказаць супраць? Давядзецца дужа шмат шукаць і перачытваць усяго. Ды каб жа хоць які кірунак... Але чаму б і не паспрабаваць? Балазе, кірунак падкажуць...

“Пачытаў. Вельмі цікава і, не буду хаваць, незвычайна для мяне. Шчыра кажучы, не ведаю, як падступіцца”, — адказаў Генадзь на ліст.

“Прыемна пачытаць, што вас зацікавіла прапанова. Гэта галоўнае. Падступіцца зусім не цяжка, гэта толькі здаецца. Адразу давайце зробім з вамі так. Паглядзім на свята з іншага боку — з боку арганізатараў. Як вы думаеце, арганізатары, скажам, святочнага шэсця ў наш Дзень Перамогі маюць гэтакі ж святочны настрой, як тыя ветэраны, што ідуць у калоне? Відавочна ж, што і ў мінулым былі тыя, хто свята рыхтаваў, арганізоўваў — значыць, такім людзям нейкая там сакральнасць, што нібыта адкрывалася ў святкаванні, і непатрэбная была... Зразумелы ход маіх думак?”

“О, зразумеў! Значыцца, тыя, хто арганізоўваў святы, і не мелі ніякай патрэбы ў той сакральнасці, бо яе, хутчэй за ўсё, і не было! А далей можна паставіць пытанне: чаму ўсякая сістэма, у аснове якой ляжыць ідэалогія падпарадкавання меншасцю большасці, так імкнецца да масавых мерапрыемстваў: камуністы, фашысты, ды проста кожная таталітарная..." — адказаў Генадзь — яму стала цікава.

“Цудоўна, вы слушна ўсё зразумелі, але пра таталітарызм нічога казаць не будзем. Не трэба чапаць сённяшні час. А вось на камуністах трэба зрабіць акцэнт. Яшчэ лепей спрасціць разуменне камунізму да калгаснага ладу”, — пахваліў Генадзя невядомы суразмоўнік (у яго быў нейкі невыразны нік).

“Непраблемна. Тады ўсякае масавае мерапрыемства, арганізаванае зверху, скіраванае на дэманстрацыю нібыта еднасці... Адначасна існая сістэма кіравання правярае свае здольнасці: вывесці тысячы людзей, прымусіць натоўп дзеяць паводле зададзенага сцэнарыю, падпарадкаваць эмацыйны і псіхічны настрой натоўпу, кіраваць ім, мяняць згодна са сваім планам”, — падзяліўся Генадзь далей думкамі.

“Выдатна, кірунак той, які трэба. Я папрасіў бы вас зрабіць матэрыял як нібыта дыялог, але не злоўжывайце цытатамі аўтара артыкула. Сем з паловай тысяч знакаў, 20 даляраў за тысячу. Тэкст цалкам застаецца маім, самыя разумееце, ніякага аўтарскага права тут быць не можа. Чакаю праз тры дні ў гэты час артыкул на адрас...”

Нешта непрыемна заказытала... Невядомы адно з першага погляду падаваўся мяккім і ўважлівым. Генадзя непрыемна ўразіў канец ліста: да ўсіх умоў дадалася яшчэ адна, якая і не абмяркоўвалася на пачатку: пазбыццё аўтарства. І раптоўна зменены аб'ём, жорстка ўказана на памер тэксту... Але пры ўсім казытанні Генадзь адчуваў павагу да невядомага і ягоную сілу. Павага — гэта ад грошай. Можа, лянуецца сам пісаць артыкул у які часопіс... Але ж такія грошы! Дык колькі яму самому плацяць? Ат, не яго справа. А вось тое, што валявы, моцны чалавек... Дык выдатна: чаму б не завесці сяброўства з вось такім чалавекам? Нават калі Генадзь і будзе ў нейкай ступені не паўнапраўным, а малодшым сябрам. Галоўнае: невядомы заўважыў тыя здольнасці, якімі Генадзь употай мог ганарыцца.

Генадзь адразу, хоць было ўжо далёка за поўнач, стаў шукаць яшчэ якія артыкулы па тэме старажытных святаў і іх значэння. Нічога асаблівага не знаходзіў, альбо артыкулы былі такія велізарныя, складана-навуковыя, з мноствам тэрмінаў, значэнне якіх яшчэ трэба было шукаць, што Генадзь адмовіўся ад шуканняў. Усё патрэбнае ў яго ёсць: ён досыць добра ў свой час даведаўся пра ідэалогію камунізму ў СССР, нямала прачытаў рознай літаратуры, то “раскласці на лапаткі” таго доктара навук з яго наіўным меркаваннем пра шуканне і здабыванне сакральнага ў часы паганскіх святаў будзе не цяжка.

Артыкул Генадзь пісаў зранку, усе сем з паловай тысяч знакаў, не ўстаючы з-за клавіятуры. Людміла прыносіла паесці, потым каву, выкідала недакуркі з попельніцы.

Позна ўвечары Генадзь перачытаў артыкул, сам дзівячыся той лёгкасці і дакладнасці думак, якія нараджаліся ў яго наранку. Артыкул падабаўся яму самому. Ён ужо хацеў напісаць ліст да заказцы: гатова, маўляў, але перадумаў — трэба слухаць старэйшых: тэрмін ёсць тэрмін.

“Тое, што і патрабавалася. Калі ласка, партманет. Ваш артыкул будзе падпісаны вось такім імем... Сёння ён будзе размешчаны на адным рэсурсе. Вы зойдзеце туды і пастарайцеся дасціпна адказваць на каментары. Пазней я вышлю Вам дадзеныя для ўвахода”.