Выбрать главу

Зноў казытнула: вось, не было ж дамоўлена напачатку, што Генадзь павінен адказваць на тыя каментары... Але ён змаўчаў — той факт, што ён не памыліўся з ацэнкай свайго артыкула, грэў самалюбства. Дык і праўда ж цікава: што будуць казаць тыя вучоныя дзядзькі на яго з'едлівы сцёб?

Генадзь адправіў нумар партманета, пераказ быў зроблены адразу ж: 150 даляраў. Прыемная сума! Але... пераказ быў з пратэкцыяй коду. Генадзь раптам адчуў у сабе халодную пустэчу: няўжо кідок? Не можа быць! Ён хацеў пісаць заказцы, калі пабачыў: прыйшоў ліст.

“Выбачайце, тэрміновае тэлефанаванне было, таму не адразу паведаміў код пратэкцыі. Вось ён... Дарэчы, неразумна з Вашага боку хваліцца на ўвесь свет такім медальёнам.”

Сэрца быццам спынілася, а потым затахкала так, што ўдары яго адчуваліся кожнай кропкай цела. Генадзь глядзеў на літары на маніторы, і адна думка білася, звінела ў ягонай галаве кароткім гукам: “Знак... Знак... Гэта знак!”

ЧАСТКА 3

1

Алесь Лобач добра ўсвядоміў, што непрыемнасці здараюцца заўсёды нечакана. І прывучыў сябе, здавалася, прымаць іх годна, прынамсі трымацца і не дазваляць свайму параненаму нутру праяўляць сябе праз вонкі. Аднак ва ўсім бывае вынятак, іначай правіла перастае быць правілам. Так здарылася і ў панядзелак, дзень, які зранку яшчэ поўніўся суботнім рыбацтвам ды нядзельным баўленнем са злоўленай рыбай, дзень, у якім яшчэ звінела камарэча і паплавок на тонкіх хвальках гойдаўся, і рукі памяталі слізкае срэбра рыбы.

Гэта было несправядліва — менавіта ў такі ранак даведацца, што фінансаванне палявых работ скарацілі не на траціну, не на палову, а аж на дзве траціны.

— Штогод усё меней і меней першакурснікаў, якія шчыра гатовыя ўзяць удзел у палявых работах. Іх збіраеш, іх натхняеш і абяцаеш ім сустрэчу з сапраўдным. Трэба бачыць і разумець, як балюча сустракаць пасля ўсіх размоў пустыя вочы, а больш такія, у якіх напісана: “Ідзі сам, калі дурны!”. Няма ў вас грошай? Дык дазвольце нам самым сябе прафінансаваць! Нельга! Мне што, сапраўды на лета напісаць мэту работ: “Шуканне сведчанняў пра роднасць суседніх народаў на базе народных прымавак і прыказак пра хлеб, радзіму і Сталіна”?

— Дык жа трэба будзе справаздачу пісаць, а потым яе надрукаваць папросяць... у якім папулярным выданні.

— Затое Алесь Паўлавіч стане адным з найбольш цытаваных этнографаў у ідэолагаў раённага роўню.

Лобач толькі роспачна махнуў рукою на рэплікі калег. Штогод фінансаванне скарачалася ад запланаванага, але каб нагэтулькі, каб вось так, каб у апошні літаральна дзень — такога даўно не было. І выйсця не было: трэба скарачаць колькасць студэнтаў, колькасць дзён, мяняць маршрут...

Тут і ўспомніўся ўчорашні выпадак на рыбе, і рыхтык цаглінка легла ў сцяну, якой якраз і не ставала. Што ўжо хаваць — чакаў Лобач непрыемнасці, чакаў. Хоць і супраціўляўся яго розум навукоўца-даследніка розным прымхам і прыкметам, не мог ён ніяк выкінуць са свядомасці ўчорашні трэці закід і трэцюю рыбіну.

Добра брацца пачало адразу. Ужо за пяць хвілін шмаргануў — і такі харашун лінок затрапятаў на лёсцы. Потым — акунь ладненькі. Трэцяя спроба была дзіўная: паплавок без аніякіх кіўкоў павольна пайшоў у ваду. Шмаргануў, нешта незвычайнае выцяла па вачох, і працягнутая да злоўленага рука інстынктыўна тарганулася ўбок ад гідлівасці: на лёсцы мёртва вісеў, не варушыўся зусім, карась велічынёй з далонь, амаль без лускі, а з бакоў у яго звісалі агідныя, тоўстыя п’яўкі. Алеся страсянула, ён нагой наступіў на мярзотнае відовішча, хуценька вызваліў кручок і нагой жа адкінуў цела рыбіны з прысмактанымі крывасмокамі далей ад вады, пад лазовы куст. Здаецца, адкуль у яго, хто маленства правёў у вёсцы, хто пазбываўся п’явак, як прысмокчуцца да нагі, з дапамогай прыпаленай цыгарэты, магло ўзнікнуць пачуццё гідлівасці? Але думкі тлумілі галаву: як яшчэ плаваў той карась, ён жа фактычна нежывы, як ён узяў прынаду? Кручок хапануў так, як ішоў на самазабойства. І ўвесь дзень, вышморгваючы рыбін з вады, Алесь баяўся зноў пабачыць якую плотку з п’яўкай, браў рыбіну асцярожна...

— Алесь Паўлавіч, Вас там пытаюць, — паклікалі ад дзвярэй.

Зразумела, цяпер Лобач акурат і не хацеў ні з кім бачыцца. Ідучы да дзвярэй, успомніў, што дамаўляўся пра сустрэчу з тым завочнікам, вяскоўцам. Можа таму і не напружваўся, не змог схаваць цалкам (дый надта не імкнуўся) сваю прыкрасць на твары.

Уладзімір Жабрун сустрэў яго асцярожнай, нават вінаватай усмешкай.

— Выбачайце, мы неяк не дамовіліся пра час... То я зранку, вось...