Выбрать главу

— Нічога, усё нармальна... Адыдземся вунь у той куток, пагаворым. Хоць мне, папраўдзе, асабліва няма часу, раптоўныя праблемы...

— Ды я хутка, — заспяшаўся Уладзімір, расшпіліў торбу, у якой ляжаў і ноўтбук, дастаў аркушы:

— Вось, аповед пра Купалле маёй гаспадыні. Мне здалося, там цікава вельмі... Незразумелае ёсць у адным месцы.

— І ў якім? — Лобач узяў аркушы з тэкстам, заўважыў, што аформленыя яны так, як ён і папярэджваў: з указаннем месца дзеяння, аўтара аповеду, яго дадзеных.

— Ну... Там пра тое, як шукаць Папараць-кветку, — выказаў свае сумненні Уладзімір.

Алесь Лобач нічога не адказаў, хутка прабег вачыма дзве старонкі тэксту, потым вярнуўся, стаў перачытваць асобныя месцы больш уважна.

— А мяне напачатку іншае зацікавіла, — зірнуў ён на Жабруна. — Вам вось парадак запальвання купальскіх вогнішчаў нічога не кажа?

— Не, бадай што, — ніякавата пацепнуў плячыма Уладзімір.

— Дрэнна, малады чалавек, дрэнна! — Лобач казаў рэзка і асуджальна. — А гэта тое, пра што я казаў раней: спроба шукання нечага без навучання і базавых ведаў. Калі б у вас былі гэтыя базавыя веды пра Купалле, дык звярнулі б увагу на такую акалічнасць. Бо ўва ўсіх вядомых крыніцах пра такі парадак не ўзгадваецца.

— А пра што ён... сведчыць? — асцярожна запытаў Уладзімір, цешачыся ўнутры: яго запіс у нечым арыгінальны і цікавы для выкладніка.

Лобач хацеў раззлавацца, але потым усміхнуўся:

— Вас, мабыць, не перарабіць. Хто ж ведае, чаму так было і навошта рабілася? Шукаць трэба, шукаць.

— А я падумаў...

Уладзімір стрымваў сваё хваляванне, яго распірала ад радасці: ага, не памыліўся, выкладніка таксама зацікавілі агні! Яшчэ першы раз праслухоўваючы запіс, пасля гаспадыніных слоў пра тое, як запальвалі вогнішча, ён у нейкае імгненне быццам пабачыў усё з вышыні: вось, недзе пачынаецца — і запальваюцца адной лініяй агняныя кропкі на зямлі. І — пайшло, далей, далей імкліва бяжыць ужо не лінія — паласа, а ззаду ад яе ззяе Купальскімі агнямі зямля. І раптам асвятляецца яна, нібы ўзыходзіць сонца сярод ночы, нібы аднекуль адтуль, з глыбінь космасу, ўпаў на краіну гаючы прамень чарадзейнага святла — і круціцца зямля, паступова падстаўляе яму ўсю Беларусь ад канца да пачатку, ад усходу на захад.

Ён і не спяшаўся апавядаць выкладніку пра свае здагадкі, чакаў: а ці зверне ён увагі, бо калі не зверне — то нічога і дзіўнага няма, шараговы выпадак, так заўжды было, тады і хваляванне тое, і разлікі Уладзіміравы нічога не вартыя.

— І пра што падумалі? — скептычна перабіў Лобач. — Не-не, кажыце, мне проста цікава, вось пра што можна падумаць, сустрэўшы такі факт? Чым патлумачыць? А Вы ж, пэўна што, маеце і нейкае тлумачэнне, я так зразумеў?

— Дзе там, патлумачыць не магу, — раптам асмялеў Жабрун. — Я прачытаў пра спосаб запальвання і потым надумаў палічыць...

— Што палічыць? — уразіўся Лобач болей таму, што Жабрун усё ж звярнуў увагу на той самы факт.

— Знайшоў мапу той мясцовасці, дзе жыла гаспадыня, ну, аўтар гісторыі. Старую мапу. Паглядзеў адлегласці між вёскамі з усходу на захад. Падлічыў прыблізны час, які патрэбны, каб агонь жыгнуў і яго стала добра відаць з суседняга паселішча. У выніку выйшла... Вось, паглядзіце, — Уладзімір дастаў яшчэ аркуш з сумкі, падаў Лобачу. — Карацей, у выніку выйшла, што ўсе вогнішчы, калі запальваліся паводле такога правіла, загараліся адначасова. То бок, я хацеў сказаць — у адзін астранамічны час. Калі ўлічыць, што жэрдзе нашмараванае дзёгцем, успыхвала добра... Уяўны прамень сонца пры яго ўзыходзе бяжыць праз усю цяперашнюю краіну з усходу на захад і прабягае яе за крыху больш за трыццаць хвілін. Вось калі б усе вогнішчы запальваліся такім спосабам, як апісвае мая гаспадыня, то і хваля з агнёў бегла б з той самай хуткасцю... Вось. Я толькі не разумею, дзеля чаго людзі так рабілі. Думаю, для людзей было галоўнае менавіта ў адзін астранамічны час. Яны ж разумелі, што зямля круціцца.

— Таго яны не разумелі, — механічна заўважыў Лобач, уражаны кірункам Жабруновых думак: ён прыняў бабуліны словы як даведзены факт, як дадзенасць, і не раздумваючы — навошта, з якой прычыны, надумаў правяраць агнёвую хвалю на хуткасць. І не памыліўся — цікавыя лічбы. Што гэта? Інтуіцыя?..

— Няблага выходныя прайшлі, нядрэнна папрацавалі, — мусіў пахваліць ён Жабруна. — Пакуль што можна папярэдне меркаваць, што хваля імітавала сабой узыход сонца. Не забываймася, Купалле звязанае перадусім з сонцам.

— Я вось толькі ў той частцы пра Папараць-кветку не зразумеў, — працягнуў Уладзімір, унутрана цешачыся ад слушнасці сваёй здагадкі (недарэмна ж лічыў!) і радуючыся таму, што настрой выкладніка змяніўся. — Як зразумець: каб перамагчы Богавых ворагаў, трэба ад Бога адмовіцца?