Выбрать главу

Лобач кіўнуў, жэстам папрасіў пачакаць, перачытаў яшчэ раз уважліва тэкст.

— Я не думаю, што тут шмат загадкавага. Але сапраўды — вельмі аўтэнтычны тэкст, чым і прываблівае. Што да фрагмента з адсячэннем пальца і абразом... Гэта паказвае на ўплыў хрысціянства. Своеасаблівая забарона, заклён на распаўсюджаную легенду. Адна справа сумнявацца ў тым, ёсць Хрыстос ці не, маліцца нейкаму свайму богу, і зусім іншая — выканаць такія дзеянні: не словам адмовіцца ад Хрыста, што ўжо для чалавека тае пары было страшным, а дзеяннем, прытым, заўважце, такім, якое нельга схаваць: ты ж навек застаешся з пакалечаным пальцам, цябе імгненна пазнаюць. Адлучаць ад царквы — што было страшнейшае? Хоць, згаджуся, словы пра тое, што Папараць-кветка — смерць для рознай чартаўні, мне незразумелыя...

— Дык трэба шукаць... — уставіў Жабрун.

— Шукаць трэба, — з усмешкай згадзіўся Лобач. — Але шукаць яшчэ такія самыя запісы, мноства запісаў, параўноўваць іх, аналізаваць — і потым рабіць нейкую выснову, уносіць нешта новае ў разуменне свята і самой легенды. Але нельга такое рабіць паводле аднаго аповеду адной бабулькі з адной вёскі. Разумееце?

— Зразумела... — крыху расчаравана адказаў Уладзімір. — А дзе шукаць?

— Вось гэтаму і вучыць універсітэт, — стомлена прагаварыў Лобач. — існуе практыка палявых работ: мы ходзім са студэнтамі па вызначаным маршруце, занатоўваем усё цікавае. Потым аналізуем...

— Вазьміце мяне, — адразу папрасіўся Жабрун.

Ён хвіліну таму не думаў, што папросіцца, але тут яму падалося, што ў такіх шуканнях ён абавязкова нешта знойдзе, што гэта — яго сапраўдная работа, якую ён шукаў, тое месца, дзе ён знойдзе адказы на свае пытанні.

— Не магу цяпер... Усё не так проста: спісы складзеныя, фінансаванне, планы, — Лобач ізноў вярнуўся ў думках да прыкрай навіны і амаль што скрыгатнуў зубамі. — Можаце самыя... Проста быць з намі, але я не змагу адказваць за вас: ні за начлег, ні за ежу. У вас адпачынак такі вялікі?

— Так... Дамоў... у вёску я не вярнуся пакуль што, напэўна. Бо няма куды. У мяне адпачынак амаль тры месяцы, летась не браў. Жыву ў бабулькі, думаю, знайду тут работу... А вы казалі, што для мяне праца ёсць? — нагадаў Уладзімір выкладніку пра размову на экзамене.

— Так, ёсць... У Вас, бачу, ноўтбук, то вось вам флэшка, скіньце файл. Вялікі, тэкставы. Тое — запісы са сшытка, які знайшлі ў адной вёсцы. Аўтар занатаваў, на жаль, быццам не ведаў правілаў пунктуацыі, ці адмыслова ігнараваў іх, але там ні косак, ні кропак, ні вялікіх літар, ні абзацаў — усё ўпадбор ідзе. Як мы зразумелі, там — замовы. Ведаеце, што такое?

— Ведаю, — паспяшаўся адказаць Уладзімір, запускаючы свой ноўтбук.

— Вось... Звычайна, каб прывесці ў парадак такія запісы, трэба браць падобныя тэксты, якія запісаныя нармальна, шукаць аднолькавыя выразы, словазлучэнні. Словам, вялікая работа. Там жа ёсць спіс літаратуры. У тых кнігах падаюцца прыклады розных замоў, іх параўнанне. Але, я так зразумеў, Вы хочаце прапанаваць і паспрабаваць нейкі свой метад? Ну, тады — працуйце. Запішыце мой тэлефон... Яшчэ два тыдні я ў горадзе, ну, а далей як складзецца. Але на экзамен не забывайцеся, — скончыў Лобач такім тонам, каб студэнт зразумеў: ён дае яму заданне як прыклад, навуку, яму, Уладзіміру, што без сапраўдных ведаў, без досведу нельга брацца за развязванне хоць нейкіх заданняў.

— Ага, дзякуй... Я паспрабую. У мяне ёсць адна думка. Яшчэ... Памятаеце, я казаў Вам пра Купалле як ініцыяцыю, ну і што Царква сёння кажа пра яго, як пра свята распусты. Там вось мая гаспадыня вельмі цікава кажа пра тое, што на Купалле не лічылася грахом дзяўчыне... аддацца каханаму, калі наперадзе не планавалася вяселля з нейкай прычыны. Я не чытаў раней такога пра Купалле нідзе.

— Так, я звярнуў увагу, — кіўнуў Лобач. — Над тэкстам трэба добра пасядзець, выбраць моманты. Працуйце, тэлефануйце. Калі не выйдзе па-вашаму — бярыце літаратуру, спрабуйце так, як робім мы. Хоць будзеце ведаць, ці лёгка — шукаць...

Развіталіся. Лобач прыхапіў аркушы з Уладзіміравымі нататкамі аповеду Марыі Фамічны, пайшоў на кафедру.

Уладзімір паспяшаўся шукаць аўдыторыю — здаваць залік. Яму карцела хутчэй адкрыць файл, хоць краем вока зірнуць на тыя невядомыя словы. Не можа быць, каб ён не здолеў упарадкаваць іх. Што тут такога можа быць складанага? Эх, навукоўцы, усё паводле шаблону, з аглядкай на вядомае, асцярожненька, каб не памыліцца, каб яшчэ дваццаць аўтарытэтных крыніц паказаць... А той факт, што тыя аўтарытэты даўно маглі састарэць — нікога не хвалюе? Ды каб сёння людзі азіраліся назад у сваім вынаходніцтве, што прыдумалі б? Да гэтага б часу ўважалі, што Сонца вакол Зямлі круціцца...