2
Уладзімір вярнуўся з універсітэта ў добрым гуморы — залік здаў, да абеду яшчэ далёка. Пах падлы ў вітальні трохі паменшаў, але быў па-ранейшаму густы, насычаны з прычыны зачыненых фортак акон, і першае, што пасля іх адчынення зрабіў Уладзімір — адкінуў ходнік і ўзняў вечку невялікага падмосця: бачыў, што тут гаспадыня ставіць на зіму свае шклянкі з гуркамі і ўсякім іншым.
Чакаў, што ў нос шыбане смурод, ужо і дыханне затрымаў. Але не было смуроду з падмосця. Неглыбокая яміна з адзіным літровым слоікам шчаўя на роўным пясчаным дне. Усюды было чысценька і суха. Уладзімір апусціўся на калені, зазірнуў у яму, прынюхаўся. Тут ніякай падлай зусім не пахла. Выцягнуў з кішэні запальнічку, у якой быў невялікі дыёдавы ліхтарык, увамкнуў. Сіняваты снапок святла асвятліў прастору між зямлёй і падлогай. Чыста ўсё. Нідзе нічога. Хоць калі тут мыш за якім слупком здохла, яе не пабачыш адразу. Скокнуў у яму, прысеў, счакаў. Не, не патыхае нічым. Чыстае паветра. Аднекуль далёка, ад сцяны лезла ў падмосце дзённае святло — праз адмысловыя дзіркі для праветрывання. Прыгледзеўся: дзіркі, хоць і не маленькія, але затуленыя шчыльнай сеткай.
“Значыць, нешта ў хаце”.
Найперш прылёг аж ля дзвярэй бабульчынага пакоя, падставіў ноздры пад шчыліну між дзвярыма і парогам. Не, не было тут паху.
Што ж, значыць — вялікая прыборка!
За дзве гадзіны ён дамыў сходы на ганку, выпаласкаў і выкруціў анучу, кінуў на плот сушыцца. Выліў брудную ваду. Зайшоў у дом, у якім цяпер пахла свежасцю і трохі сырасцю. Усе форткі былі парасчыняныя, разнасцежаныя ўсе дзверы, па доме гуляў добры скразняк. Пах, здаецца, знік.
Уладзімір быў здаволены зробленым: у доме пачысцела і пасвяжэла. А то хто ведае: раптам (ну, а раптам!) такое здарыцца, што сёння (ці заўтра) тут будзе Ірына...
Зайшоў на веранду, глянуў у кут, дзе стаяла паліца з абуткам: галёшы, невялікія боты, пантофлі. Неяк яе абмінуў, толькі абмыў. Трэба, мабыць, адсунуць яе, добра працерці драўляную, з дошак, сцяну за ёй, абутак гэты бабулін памыць. Зноў набраў вады, прыхапіў анучу. Сцяна за паліцай і праўда была ў шматкох павуціння і пылу. Дошкі сцяны былі набітыя такім спосабам, што паміж дзвюма заставалася шчыліна, якая з вонкавага боку накрывалася трэцяй дошкай. І вось у такой шчыліне Уладзімір пабачыў тронак і частку ляза нажа.
“Мабыць, паклала бабуля, на палічку, ён упаў так, што каўзануўся ў шчыліну. І не ўгледзіш”, — думаў Уладзімір, выцягваючы нож. Нож, з усяго відаць, быў стары і самаробны: тронак драўляны, лязо шырокае і доўгае, паедзенае іржой.
“Пашарую, навастру... Мабыць жа, шкадуе, што згубіла”.
Лязо нажа шараваў на кавалку чырвонай цагліны, якую знайшоў пад плотам у садку. Дабяла лязо не адчысцілася, але стала куды прывабнейшым. Такім ужо можна рэзаць хлеб...
Схадзіў, папалуднаваў у кавярні. Было вялікае жаданне прылегчы на паўгадзіны, але пакуль дайшоў да дому, санлівы настрой знік.
Кухня мясцілася на ўсходнім баку дома, дзверы яе былі насупраць, праз калідорчык ад Уладзіміравага пакоя. І калі цяпер ягоны адчынены пакой запоўнены сонечным святлом і там горача, дык на кухні проста выдатна сядзець пры стале з ноўтбукам. Замест попельніцы Уладзімір узяў адзін бабульчын сподачак — падумаў, што цяпер не будзе ніякага страху, калі ён будзе курыць у доме. Форткі адчыненыя...
Ноўтбук па цэнтры стала, праваруч — попельніца, цыгарэта і кубак з гарачай кавай. Уладзімір адчуў лёгкае хваляванне: усе ягоныя дзеянні былі падобныя да рытуалу, акту рыхтавання да вялікага і велічнага. Прыкурыў цыгарэціну, зацягнуўся, выпусціў дым у фортку, адпіў глыток кавы. Пстрыкнуў па значку перададзенага выкладнікам файла.
“Гара-гара стала ясна сонца косы распусціла дзеўка абярніся шэрай ваўчыцай зямліца-парадзіха...”
Уладзімір прачытаў першы радок, пацепнуў плячыма. Як быццам, нічога складанага... Не, чорт, хто тут косы распусціў? Дзеўка ці сонца? Не заўважыў, як дагарэла ў попельніцы цыгарэта, закурыў новую. Кава астыла. Падхапіўся, наліў вады ў чайнік, паставіў і зноў прысеў за экран ноўтбука. Уладзімір чытаў далей, выхапляў са старонак асобныя радкі і паступова на яго находзіла роспач: не выйдзе! Не выйдзе вось так, з наскоку прывесці ў парадак запісы. Падумаў, што варта спрабаваць прамаўляць сказы ўголас, з рознай інтанацыяй, робячы прыпынкі ў розных месцах.
Чайнік засвістаў, Уладзімір вымкнуў яго, не запарваючы кавы. Мінула гадзіна ці болей. Бясконцыя спробы з асобных слоў складаць сказы, прамаўляць іх безліч разоў для вытрымвання нутранога рытму перасталі быць лёгкай цікавай гульнёй. Казаў у голас, падбіраў варыянты прыпынкаў асобных словазлучэнняў, паўтараў паасобку, потым па пяць-шэсць радкоў... І тут Уладзімір глянуў на сябе збоку: малады, здаровы мужчына нешта мармыча, з паўтары гадзіны сыпле дзіўнымі словамі, як які звар’яцелы кніжнік. Хто так занатоўваў тэкст? Дзе тут коска, дзе кропка, дзе пачатак, дзе канец?