Запарваў сабе каву некалькі разоў, выкідаў попел і недакуркі, мыў сподачак, спадзеючыся ўпотай, што яго простыя дзеянні дапамогуць ачысціць сам розум, каб туды пратачыўся нейкі ўніверсальны ключ разумення. Не выходзіла.
У пакоі патроху шарэла. Ужо надвячоркам Уладзімір выйшаў з-за стала і амаль фізічна адчуў, як паветра пакоя загусцела, замяшанае на дыме цыгарэт і показках-заклёнах (ці што там яшчэ было). У вялікай пустой хаце зрабілася вусцішна, яму не хацелася прыслухоўвацца да розных гукаў дома — ён баяўся пачуць рэха сваіх слоў, што недзе заблудзіла там. Здавалася, што голас ягоны цягнула ўвесь час, як дым ад цыгарэт скразняком, туды — у вялікі пакой, а з яго — пад замкнёныя дзверы бабульчынага пакойчыка.
Першы раз, калі такая думка гэта з’явілася ў ягонай галаве, уявіліся самыя словы — такія... празрыстыя струмені, што павольна набліжаліся да дзвярэй, апускаліся ніжэй і потым імкліва, як хто іх адтуль магутна засмоктваў, знікалі пад дзвярыма. Ён здрыгануўся тады, скура на галаве сціснулася. І потым не мог дакладна сказаць: падумаў пра струмені і прымроіў іх, ці пабачыў, а потым падумаў...
Было палова на дзясятую вечара, сонца села, гарачыня спала. Досыць на сёння... Вымкнуў ноўтбук, зачыніў тэчку з рукапісам і ажно нібы праяснела ў галаве — як у той шэрай кухні пасвятлела. Ад кавы і цыгарэт ужо злёгку ванітавала. За гадзіну... так, за гадзіну, трэба быць у кавярні — там сёння мусіла быць Ірына.
На верандзе, у бабульчынай каморцы быў душ, з электрычным награвальнікам вады на сцяне. Уладзімір абліваў сябе халоднай вадой, знікалі млявасць у целе і тлум у галаве. Няспешна, адцягваючы момант сустрэчы з халадком вечаровай вуліцы, адзеўся ва ўсё чыстае, светлае, адчуў сябе лёгка, упэўнена. На парозе пастаяў: ці ўсё вымкнуў? Зноў узнікла прыкрае пачуццё, што ў доме нехта ёсць. І ён чакае, пакуль гаспадар пойдзе. Уладзімір міжволі здрыгануўся — такім моцным было адчуванне чужога, яшчэ раз абгледзеў калідор, пакой вялікі і свой, кухню: нікога, паўзмрок. Пстрыкнуў вымыкачом на калідоры і шпарка выйшаў. Цемра, што скокнула з вялікага пакоя, падалася варожай, амаль жывой. Не хацелася заставацца ў ёй ніводнага лішняга моманту.
Зашчапіў замок.
Ужо было амаль цёмна. Уладзімір прайшоў ля адной сцяны дома, збочыў, пайшоў уздоўж свайго пакоя. Проста над ім навісала вялікае вычварнае акно. Уладзімір заўжды лічыў вокны вясковых хат і гарадскіх дамоў вычварнымі, непрыгожымі. Але вясковыя вокны хоць і нагадвалі яму страшныя твары: лоб, вочы, шчокі, ды тыя твары былі хіба што суровымі маскамі. У вокнах бабульчынага дома Уладзімір яшчэ раней адзначыў неверагодную прапорцыю, і вокны ад яе выглядалі не мёртвымі маскамі, а тварамі жывых і злых істот.
Ён акурат параўняўся з цёмным акном. І сам потым не ведаў, чаму ён ўзняў вочы. Можа, бочным зрокам заўважыў нешта незвычайнае, ці нейкі рух.
Стаў і стаяў, халадзеючы і, здавалацца, трацячы свядомасць, глядзеў на акно.
З ягонага пакоя, прыціснуўшы твар да самай шыбы, так, што расплюшчваўся тонкі хцівы нос, вышчарыўшы жоўтыя тонкія зубы, з вар’яцкай нянавісцю глядзела на яго гаспадыня, Марыя Фамічна.
Уладзімір, бы ў сне, зрабіў крок, яшчэ крок, і пайшоў, адчуваючы, як скура на галаве сціснулася, сабралася так, што пачала ціснуць на чэрап. Сэрца нібыта спынілася.
Уладзімір прайшоўся садам, выйшаў на вуліцу і тады здолеў азірнуцца.
Было ціха і спакойна. Ніхто не гнаўся за ім. Не відаць было ніякіх рухаў у вокнах. Бабульчына акно было завешанае, як і ўдзень, фортка акна зачыненая.
“Чаго ж туды так цягнула дым?” — недарэчнае пытанне ўзнікла ў галаве, недарэчнае таму, што Уладзімір ведаў: на яго не атрымаць адказу.
Ён павярнуў да ўніверсама, зайшоў у невялікі бар. Спытаў сто грамаў каньяку, піў маленькімі каўточкамі, і нядаўная жудасць пакідала свядомасць з кожным глытком.
“Зусім запрацаваўся, — думаў Уладзімір. — Кавы кубкаў шэсць выпіў, высмаліў амаль пачак цыгарэт — так нядоўга і з глузду з'ехаць”. Але прыкра было іншае — нічога не ўдалося з тэкстам. Вядома, у яго заставалася выйсце, падказанае выкладнікам. Браць вядомыя тэксты, вышукваць падобныя звароты...
Але і пры такім раскладзе не кожны тэкст будзе перададзены на сто адсоткаў слушна! Трэба думаць... Мусіць быць нейкі асаблівы падыход, яго трэба знайсці.
Зірнуў на мабільнік — самы час кіравацца ў кавярню.