Выбрать главу

Падыходзіў да знаёмых дзвярэй пад зыркай рэкламай са зразумелым хваляваннем. А раптам Ірына сядзіць цяпер за столікам? Гэта шмат пра што сведчыла б.

Але Ірыны не было. Кавярня амаль пустая, толькі за двума столікамі сядзелі наведвальнікі. Панядзелак — не пятніца, нават у вялікім горадзе.

Уладзімір прысеў, і да яго ўмомант падышла кельнерка, паклала на столік складзены ўдвая аркушык, прытрымала яго пальцамі:

— Вы, здаецца, збіраецеся чакаць тут адну жанчыну?

— Так, — разгубіўся Уладзімір. — А што здарылася?

— Вам прасілі перадаць, — кельнерка прыбрала пальцы з аркушыка і пасунула яго бліжэй да Уладзіміра.

“Выбачайце мне, калі ласка! Ішла побач удзень, не магла не завітаць, каб як Вас папярэдзіць. Мяне сёння не будзе ў горадзе. Чакаю вас заўтра. Ірына”.

Уладзімір прачытаў перш увесь тэкст, потым перачытваў яго асобнымі сказамі. Тая невялікая прыкрасць, што Ірына не прыйдзе, зараз згладзілася яе такімі цёплымі словамі ў цыдулцы: бач, завітала папярэдзіць, абяцае чакаць.

Калі склаў запіску, кельнерка падышла зноў, і хоць Уладзімір не хацеў кавы, але надумаўся зрабіць заказ — няхай і ёй, афіцыянтцы, будзе прыемна. Пасля сустрэчы з Ірынай ён, нечакана для сябе, прыняў як факт тую думку, што кельнерка мусіць радавацца кожнаму наведвальніку, кожнаму заказу — гэта ж яе грошы, урэшце. Калі разлічваўся, пакінуў дзве тысячы ў той вокладцы з нататніка: за дадатковую паслугу — перадачу ліста.

Прыцемкі яго вуліцы, а потым і густая цемра старога сада, у глыбіні якой шэрай плямай свяціўся дом, неяк аж узварушылі валасы на галаве. Уладзімір мусіў прызнацца сабе, што баіцца заходзіць у дом. Зрэшты, ён зойдзе. Але не зможа вымкнуць святла і заснуць.

Яму было сорамна прызнавацца ў сваім страху, нават самому сабе. Уладзімір вярнуўся на сваю “кропку”, выпіў. На гэты раз ужо гарэлкі, узяў бутэльку з сабой, кавалак каўбасы — раптам так захацелася есці, дык успомніў, што ад абеду толькі каву піў.

У вітальні, якая пераходзіла ў доўгі калідор, запаліў святло. Потым — у вялікім пакоі, у сваім, на кухні. Увамкнуў ноўтбук, запусціў прайгравальнік. Абы не было цішыні.

Сядзеў, выпіваў і закусваў. Курыў. Пакуль думкі ў галаве не сталі блытацца.

Прынёс ноўтбук у свой пакой, скрозь павымыкаў святло, толькі ў сваім пакоі пакінуў гарэць лямпачку пад столлю. Распранацца не стаў. І заснуў, як праваліўся.

3

Калі Уладзімір расплюшчыў вочы, было светла, але не ад лямпачкі — ад акна. Зірнуў на мабільнік: палова на дзясятую. Званок, які зазвычай стаяў на сем гадзін, быў вымкнены. Галава цяжкая, у роце перасохла. Устаў, прайшоў на кухню. Пабачыў на стале паўбутэлькі гарэлкі, высахлы скрылёк каўбасы, і яго перасмыкнула, ледзь не званітавала. Даўно ён гэтулькі не піў. Вельмі даўно...

Доўга чакаў, пакуль сцячэ цёплая вада з-пад крана. Сквапна выпіў першую шклянку, набраў яшчэ, гэтая была яшчэ халаднейшая.

Адразу зашумела ў галаве, Уладзіміра захістала. “Пайду, яшчэ пасплю. Сёння няма куды... спяшацца”.

Ён не ведаў, колькі праспаў і ці быў гэта сон. Вярнула яго да свядомасці адчуванне, што ў пакоі зноў нехта ёсць. Ці нешта. Нешта страшна варожае, яно не існавала асобым целам, яно проста запоўніла сабой увесь пакой і душыла, ціснула так, што нельга было не тое што павярнуцца — паварушыць хоць пальцам. Уладзімір глядзеў у адну кропку — над дзвярыма, туды, дзе сходзіліся сцяна і столь, і не мог нікуды больш перавесці пагляду. Здавалася, менавіта там былі невідомыя страшныя вочы, адтуль выходзіла самая жуда. Жах скаваў мозг, заставалася вольнай адна-адзіная думка: “Я сплю! Я сплю! Трэба закрыць вочы, закрыць, потым адкрыць, і я прачнуся. Гэта сон, нікога няма, гэта сон”. Уладзімір амаль лямантаваў. Самым жудасным было тое, што вакол было светла — сонца ўжо стала зазіраць у акно пакоя.

Вочы ўдалося заплюшчыць. Хоць, мабыць з нейкай чужой волі векі прыпалі адна да адной. Ці Уладзімір іх расплюшчыў праз імгненне, ці мінула колькі хвілін, ці гадзіна — ён не разумеў.

Усё было нармальна. Сэрца тахкала ўстрывожана, аднак дзённае святло, яркія пляміны сонца на сцяне збоку заспакойвалі. Паступова ў пакой стаў даносіцца далёкі гоман гарадскога жыцця.

Уладзімір рыўком падняўся і ледзь не ўскрыкнуў.

Ля ног у яго сядзеў кот.

Ужо не напружаны, прыпаўшы на лапы, а спакойны, упэўнены, ён не адводзіў сваіх жоўтых вачэй ад Уладзіміравых.

— Пс-с-і-і-к!!! Зараза!

Адным рыўком Уладзімір выхапіў з-пад сябе скамечаную падушку, але кідаць яе не стаў — кот у адно імгненне шмыгнуў праз калідор на кухню, скокнуў на стол, адтуль — у фортку.

Пакаціўся па стале кубачак. Утрымаўся на самым беразе.

Уладзімір паглядзеў на фортку — тая марля, якую ён сам “пад кантролем” гаспадыні мацаваў невялікімі цвічкамі з круглымі чырвонымі галоўкамі, была адарваная ўздоўж з аднаго боку.