Паўсухі і скрыўлены кавалачак каўбасы застаўся нечапаным, быццам гэта была атрута для ката, а не ўдалая знаходка.
Згатаваў каву, амаль без думак сядзеў, курыў на кухні. Было ўсё абыякава. Незачынены ноўтбук ушчуваў плямамі і слядамі ад пальцаў на сваім маніторы.
Уладзімір раззлаваўся — яго заўсёды выводзіла з сябе неахайнасць і бруд там, дзе яго быць ні ў якім разе не павінна. Схапіў са шафкі шматок ваты, намачыў гарэлкай і стаў хутка, ці не апантана церці манітор. Гэта супакоіла.
Драла ў горле. Уладзімір нейкі час глядзеў на бутэльку з гарэлкай, потым наліў сабе ў шклянку — трохі больш за палавіну. Выпіў, скрывіўся, але той самы сухі скрылёк каўбасы чапаць не стаў: адшчыкнуў кавалачак хлеба з мяшэчка. Помніў ад бабы: нельга есці тое, што кот панюхаў. Можа, і гэты нюхаў.
Гарэлка паступова вяртала яго ў рэчаіснасць. Уладзімір распланоўваў рэшткі свайго дня, як прывык. А было ўжо амаль дванаццаць. Потым памыўся, папрасаваў штаны ды сарочку і паехаў у горад.
Вярнуўся гадзіны праз дзве, цягнучы невялікую каробку з прынтарам (узяў што таннейшае) і рамку з нейкай таннай рэпрадукцыяй. Зварыў пяльменяў, паеў.
Зайшоў у Сеціва і неўзабаве знайшоў той малюнак, што стаяў у яго вачох з таго моманту, як знік кот за акном. Гэта была выява Хрыста, напісана, што зробленая яна паводле плашчаніцы амерыканскімі вучонымі пры дапамозе найсучаснейшай ЭВМ. Твар Хрыста быў строгім, а пагляд — сумным. Уладзімір раздрукаваў здымак на паперу пад пэўны памер. Хрыстос глядзеў проста ў вочы, як ні стаўляй выяву.
Стаў разбіраць рамку з нейкім пейзажам. Сам не зразумеў, як рамка апынулася на падлозе і тонкае шкло высыпалася аскялепкамі. Нават у думках не мацюкнуўся. Вызваліў рамку ад кавалкаў шкла, змёў і выкінуў аскялепкі. Акуратна абрэзаў раздрукаваны здымак Хрыста, уставіў, прымацаваўшы яго скотчам проста паўзверх таго пейзажыка.
Панёс партрэт у свой пакой, там над ложкам ён бачыў цвічок, можа, тыя кватаранты ўбілі. Пачапіў на яго рамку. Адышоўся, зірнуў на Хрыста. Чамусьці цяпер Хрыстос глядзеў не на Уладзіміра, а нібыта праз яго. Было жаданне перахрысціцца, але махнуў рукой: хіба ж існасць у знешнасці?
І неяк адразу стала спакайней на душы — ён зрабіў усё, што трэба.
“Верыш ці не, а на Бога не плюй”, — казала яму некалі яго родная бабуля. І дадавала: “Як ён ёсць — пакарае, а няма — рот высушыш. Усё адно табе горай”.
“Чорт яе ведаю, бабульку маю, — думаў Уладзімір пра гэты дом і сваю гаспадыню Марыю Фамічну, гатуючы каву, потым палячы на кухні. — Тут абразоў няма, у яе пакойчыку два разы быў — куток нечым завешаны, быццам і стаіць там ікона. Якім яна тут багам моліцца, што пакінула пасля сябе... Ну, лечыць, варожыць... дык жа і іншае што рабіць умее, гэта ж натуральна. Так пажывеш, і страха паедзе. Ці можа, піць кожны вечар...”
Але сёння піць не будзеш — сёння яго будзе чакаць Ірына.
На ўсе форткі ў вокнах замест шэрай марлі, якую паздзіраў, купіў пластыкавай густой сеткі — будзе надзейна.
Пайшоў з ноўтбукам у свой пакойчык, сеў на ложак, абапёршыся спінай аб сцяну, каб сонца не падала на манітор.
Уладзімір надумаў пачынаць з іншага боку. Чым ёсць замова, разважаў ён. Словы. Самыя простыя словы, якія стаўляюцца ў шэраг паводле вызначанага кімсьці правіла. Пакінем пакуль што ў спакоі тое правіла. Важна іншае: якім спосабам словы пачынаюць уплываць? А чаму ўплывае на малое дзіця калыханка? Спакойная мелодыя, няспешны рытм. Не, гэта не тое... У замовах няма рытму і мелодыі... Ці ёсць? Ага, каб спраўдзіць. Хоць едзь да той бабулі ды падслухай, як яна прамаўляе якую замову. Дарэчы, цікавы момант: словы ж прамаўляюцца. Не ў думках бабуля гаворыць, а шэпча над хворым. Вось як над хлопчыкам. Хоць там звычайная псіхалогія, аднак — яна шэпча. Значыць, важнымі будуць гукі. Не проста словы, а гукі...
Не, не адзін гук, а чаргаванне гукаў у пэўнай паслядоўнасці. Паслядоўнасць... Чаргаванне...
Цікава, дзе яшчэ можна сустрэць падобнае? Вершы? Чаму адны вершаваныя радкі — паэзія, чаму чапляюць, чаму хвалююць, і чаму іншыя праходзяць міма душы, нават не страпянуўшы паверхні? А калі праверыць? У вершах дакладна вытрыманы рытм, ёсць радкі... Можна ўмоўна палічыць адзін радок як адзінкавую паслядоўнасць. Тады чаргаванне такіх паслядоўнасцяў... што павінна рабіць?
Ёсць радкі, возьмем хаця б вось гэтыя, Максіма Багдановіча: “Цямнее край зубчаты бору...” У радкох ёсць словы, якія ўтрымваюць гукі. Для нас важныя толькі галосныя гукі — бо гэта нейкая фізічная частата. Усе зычныя — гэта шум, гэта нават перашкода. Гук, фізічная частата нясуць нейкую энергію, яна ўплывае на чалавека, гэта пэўна. Калі інфрагук можа наагул забіць ці абрынуць чалавека ў вар’яцтва, а ультрагук на сваёй мяжы можа выклікаць болевы шок — то хто вывучаў, як уплывае на чалавечы мозг ўсякая іншая паслядоўнасць, ды яшчэ шматкроць паўтораная?