Выбрать главу

На Генадзя глядзелі не проста дапытліва: ён адчуў, што праверка працягваецца, што ён зараз павінен здаць яшчэ адзін экзамен. Дзіўна, але хвалявання не было. Ён быў пэўны, што дасць рады. Адначасна Генадзь адчуваў, што ён стаіць на парозе нейкага вялікага будынка, куды яму трэба трапіць, калі хоча стаць некім, куды трапляюць вартыя. І цяпер яго правяраюць, бо будынак ахоўваюць надта пільна ад людзей выпадковых. Генадзь нават усміхнуўся сам сабе: пра Каляды была ў яго адна думка.

— Каляды... Для пачатку трэба было б раскрыць існасць Дзеда Мароза, Снягуркі і навагодняй ялінкі...

— Чакайце, якую існасць вы хацелі б раскрыць? — хутка перапыніў Алег Барысавіч.

— У паганцаў Дзед Мароз — той самы сапраўдны мароз, злы і неміласэрны. Каб улагодзіць дух марозу, каб не памерзла гавяда, сеіва і самыя людзі, паселішча прыносіла ахвяру прыроднай стыхіі: выбіралася прыгожая дзяўчына-цнатліўка, прывязвалася да адмыслова пастаўленага для падобных мэтаў слупа. Калі раніцай цела яе замярзала да цвёрдага стану — мароз узяў сабе ахвяру. Адсюль Дзед Мароз і яго ўнучка Снягурка, — тлумачыў Генадзь і ўважліва сачыў за тварам суразмоўцы.

Але той заставаўся вонкава непранікальным: адно ўважным.

— Цікава, далей. Што з ялінкай?

— Навагодняя ялінка — таксама водгулле дзікіх звычаяў ахвяравання. Сама ялінка праз яе форму вылучалася паганцамі ў асобную групу дрэў, якія па-рознаму скарыстоўвалі. Ялінка прызначалася для ахвяравання. Ёсць думка, на падставе ўрыўкаў запісаў і сюжэтаў малюнкаў, што на ялінку навешваліся вантробы ахвяры. Мабыць, і наадварот, вельмі імаверна, што і чалавечай. Такім парадкам, шары ды стужкі — правобраз колішніх кішак, пячонкі, сэрца ды нырак, — Генадзь не ўтрымаўся, усміхнуўся.

Усміхнуўся прыязна і Алег Барысавіч, падліў каньяку ў кілішкі.

— Вясёла, вядома ж. Але... ёсць указ імператара Русі Пятра пра абавязак ставіць дрэвы яловыя, хваёвыя ды аздабляць іх на Новы год. Я з Вамі спрачаюся як просты, больш-менш дасведчаны чытач. Чым адкажаце?

— Смехам. Пётр ведаў пра звычаі паганцаў, яму важна было скіраваць звычай у цывілізаванае рэчышча. Дый царква імкнулася даць паганскім святам сваю хрысціянскую вопратку. Нічога ў нас новага, апрача дня кастрычніцкай рэвалюцыі ды дня Перамогі, прыдумана не было. Усё — ад паганскага дзікунства.

— Добра, але ж — Каляды... — Алег Барысавіч прыўзняў кілішак, адпіў, пачакаў, пакуль тое ж зробіць Генадзь. — Што з казой ды іншымі?

— Першае: казаць пра казу як сімвал урадлівасці (іншым разам так тлумачаць жывёліну ў ватазе) — глупства з разраду ідыёцтва, — пасмялеў Генадзь. — Якое з казы малако? І хіба яна коціцца дзесяццю казлянятамі, як свіння парсючкамі? Другое: яе атачэнне, ваўкі ды мядзведзі, кажуць пра іх сяброўства. Выходзіць, рагатае стварэнне зусім не каза, а іншы рагаты звер. Д'ябал, чорт. Далей: добраахвотнае адорванне каляднікоў найсмачнейшым адбываецца напярэдадні сённяшняга Новага года, перад вялікімі маразамі. Значыцца, можна меркаваць, што тыя ж самыя пасланцы злога духа марозу збіраюць аброк. Казаў бы, малая ахвяра. Да таго ж, кампанія не просіць, а вымагае, пагражае, што адлюстроўваецца ў тэкстах.

— Пакуль што лагічна, — кіўнуў Алег Барысавіч. — Бачу, вы цудоўна зразумелі кірунак думак што да па-ганскіх святаў: гэта толькі дзікунства, вычварнае, настоенае на страху, прымхах і чалавечых ахвярах. Тады — працуйце. Па Калядах — два артыкулы, у першым акцэнтуйце ўвагу на ахвяраванні марозу, у другім — ахвяраванні ваўчынай кодле... Яшчэ момант: калядная зорка.

— Думаю, хітрасць паганцаў: абрады ж былі забароненыя царквой пасля прыняцця хрысціянства, то паганцы насілі з сабой быццам правобраз той зоркі, якая, паводле Бібліі, узышла ў гадзіну нараджэння Хрыста. Страхаваліся, карацей.

— Неблагі ход... Але трэба развіць.

— У Калядных тэкстах сустракаюцца ўжо даўно вітанні нараджэння Хрыста...

— Цікава, дзякуй. З Купаллем, разумею, вам будзе прасцей?

— Ды тут жа ўсё на паверхні, — пацепнуў плячыма Генадзь, здаволены тым, што ў яго запыталіся і пра гэтае свята. — І запісы розныя, і малюнкі знойдзеныя кажуць пра тое, што быў звычайны дзікунскі шабаш: ненажэрлівасць і сэкс “без правілаў”. Можна правесці аналогію са Стоунхенджам: як цяпер высветлілі, у тым месцы збіраліся раз на год, пілі, елі і з імпэтам рабілі дзяцей. Масавае запладненне саміц, звычайная дзікунская оргія. Прадыктавана гэта было элементарнай практычнасцю, якая, сваім парадкам, абумоўлівалася сельскагаспадарчым годам: Купалле — найлепшы час для такога шабашу. Жанчына, якая зацяжарыла ў купальскую ноч, увосень здольная выконваць работу практычна без абмежаванняў, бо тэрмін цяжарнасці маленькі. Узімку, калі ёй трэба шанаваць плод і ашчаджаць сябе ў працы, яна болей сядзела за ткацтвам ды шыццём. Нараджэнне дзіцяці прыпадае на пачатак вясны, таксама ніякіх цяжкіх работ не вялося. Да таго, як выйсці ў поле, дзіця можна было браць з сабой і пакідаць у баразне на дзень.