— Не забудзьце істотнага моманту: у самым слове “купалле” чуецца “купа” — значыць, куча, гурт разам. Адсюль праводзіцца паралель з “савакупленнем”, — заўважыў Алег Барысавіч так, рыхтык Генадзь атрымаў заданне пісаць на тэму Купалля, і працягнуў тым самым загадным тонам: — Гэта будзе першая частка артыкула, пажадана зрабіць яго дасканала, са спасылкамі на патрэбныя тэксты вядомых купальскіх песень, дзе вы знойдзеце, што гаворыцца менавіта пра мажлівасць такога спарвання. Другая частка: паказаць ролю тагачаснага шамана, валхва, старэйшыны племені. Зразумела, што дзікунскі народ з асаблівай прагаю чакаў менавіта такога свята, як ночы рэалізацыі сваіх жывёльных інстынктаў. У той час адзінкі навучыліся прымітыўнаму адсочванню часу, так што той шаман быў адзіным, хто мог зрабіць “адмашку”. Варта пашукаць і скарыстаць дадзеныя пра хмельныя напоі. Дым ад спальвання ў вогнішчах той самай каноплі мае дурманлівы эфект, што падагравала дзею. Пашукайце такіх момантаў.
Генадзь моўчкі кіўнуў, потым нясмела запярэчыў:
— Але ж у “купаллі” чуецца і “купаць”...
— Мы мусім самыя пачуць і прымусіць слухаць іншых тое, што трэба нам, — мякка, але настойліва адказаў Алег Барысавіч. — Пагатаў, падставы менавіта так пачуць ёсць. Згодныя?
— Вядома, згодны, — паспяшыў Генадзь.
— Вось і выдатна, — даравальна кіўнуў Алег Барысавіч. — Як бачыце, — ён крыху развёў рукамі ў бакі, — ужо цяпер вам трэба напісаць чатыры артыкулы. Далей — будзе яшчэ. І па Купаллі будзе не два, і не тры, а дзесяць і больш, у розных варыянтах, акцэнтуючы розныя моманты ў рознай ступені. Пісаць будзеце шмат і рознага, будзеце працаваць у сеціве — я скажу рэсурсы, гэта паважныя электронныя выданні, якія патрабуюць вашага ўмення ставіць пад сумнеў высновы аўтараў. Калі казаць каротка — мы зможам забяспечыць вас работай пры вашым жаданні і выкананні вамі нашых умоў на працяглы час і плаціць так, каб прадпрыемства не засціла сабой даляглядаў, — скончыў Алег Барысавіч з усмешкай. — Яшчэ ёсць пытанні? Пытайцеся, я ж ведаю, што ёсць... — усміхнуўся зычліва.
— Ведаеце, бо самыя справакавалі мяне думаць? — усміхнуўся і Генадзь. — Можа, пытанне “не па тэме”, але ж вы і самыя не раз сказалі пра “нас”, вось і цяпер... Ці магу я спытацца, хто гэта — “мы”? І, шчыра кажучы, няўжо так важна цяпер займацца калупаннем у струхлелым мінулым, выцягваць косткі паганцаў ды іх прымхі, спрачацца... Не разумею...
Генадзь падняў вочы, зірнуў на Алега Барысавіча і сустрэў пранізлівы позірк шэраватых вачэй.
— Калупацца, як вы кажаце, важна. Нам важна. Хто мы? Гэта не так важна... Вы ведаеце, за што не любілі вашу бабулю? — Алег Барысавіч запытаў хутка, рэзка, здалося — нават крыху падаўся наперад, упіўся вачыма ў Генадзяў твар.
Генадзь уздрыгнуў. Ён думаў, што быў гатовы да ўсяго. Але ж не да такога пытання.
— Не ведаю... Я ўспомніў... невялікія шматкі. Як яна памірала. Як жанчыны казалі пра яе.
— Яна ж клікала вас перад смерцю? — перапыніў Алег Барысавіч.
— Так, — разгубіўся Генадзь. — А адкуль вы ведаеце?
— Я не ведаю, я пытаюся... А як патрапіў да вас яе абярэг?
— Абярэг? А... Вы пра той талісман... Я нядаўна ездзіў туды... Вёскі ўжо няма. І знайшоў. Там, пад ложкам. Яна перад смерцю, я ўспомніў... казала, каб я забраў.
— Усё вельмі проста, — Алег Барысавіч нібыта супакойваў. Ён павярнуўся, пашукаў вачыма кельнерку, тая адразу з’явілася ля століка: — Каву, калі ласка.
Генадзь сядзеў, разгублены тым, што ён гэтулькі сказаў пра сябе амаль невядомаму чалавеку. Але адначасна яму стала лягчэй, быццам ён сам і невядомы мужчына перайшлі праз умоўную рысу і цяпер сталі бліжэй адзін да аднаго. Алег Барысавіч усё рос і рос у Генадзевых вачох: ён адчуваў у ім сілу, значнасць. Але якую сілу? Што за значнасць? У Генадзя ўсё больш расла ўпэўненасць у тым, што яму трэба пільнавацца гэтага чалавека, што ён для яго — як старэйшы настаўнік. Як... бацька амаль.
Нешта казытала, свярбела на грудзях. Аж карцела пачухацца, але ж не станеш тут, у кавярні перад такім чалавекам.