Выбрать главу

— Кожны нявольнік, які здольны быць адно нявольнікам, імкнецца прыдумаць для сябе бога. Ён стварае сабе бога і думае, што бог — над усімі. І тым апраўдвае сваё нявольніцтва. Калі такі бог — нейкі дух, ці камень, дрэва, сонца — гэта нармальна. Няхай сабе моліцца, няхай забівае сабе падобных і ахвяруе свайму богу. Усё вядома і зразумела. Але калі купа рабоў прыдумляе сабе бога, які аб’ядноўвае ў сабе дрэва, камень, сонца, мову, мінулае і будучыню — вось што кантраляваць практычна нельга. Такі бог незразумелы, бо такім задуманы. Ён — непазнавальны апрыёры. Вось такіх багоў быць не павінна. Бо разам з такім богам нявольнік стварае сабе такую рэч як сакральнасць. А калі нявольнік мае сакральнасць, ён не хоча быць нявольнікам. Ён адчувае ў сабе мажлі-васць змяніцца. І мяняецца. Няхай не за адно пака-ленне, але мяняецца. Цяпер уявіце: у краіне кожны ад нараджэння ўмее таленавіта пісаць вершы, складаць музыку, маляваць. Мастацтвы страчваюць сэнс. Тым больш страшна, калі сэнс страціць незалежнасць — усе становяцца зноў нявольнікамі. Згодныя?

— Згодзен, — упэўнена адказаў Генадзь. — Усё, што ёсць на зямлі, мае сэнс толькі тады, калі ёсць ягоны антыпод, — смела выказаў ён сваю думку.

— От і добра.

Алег Барысавіч запытальна паглядзеў на Генадзя, маўляў, што цябе яшчэ цікавіць. І Генадзь адважыўся задаць яшчэ адно пытанне:

— Выбачайце... Але ж вось вы — не нейкая дзяржаўная ўлада?

— Вядома, не, — адразу ж адказаў Алег Барысавіч. — Не варта блытаць сапраўдную ўладу з дзяржаўнай. Кожны дзяржаўны чыноўнік таксама нешта чытае і нешта слухае. У яго ёсць сябры, начальнікі, падначаленыя. І чыноўніку таксама можна і трэба іншым разам падказаць: як думаць і пра што. Памятаеце, пра што я казаў? Вы застаяцеся незалежным ад людзей тады, калі ведаеце іх думкі. А каб ведаць — трэба прымусіць думаць так, а не іначай. Каб вы не задавалі апошняга пытання, адкажу адразу: зразумела, наша гутарка мусіць застацца між намі. Вельмі прашу памятаць. У вас, бачу, няма больш пытанняў? Вы падумалі? Берацеся за работу?

— Так, бяруся... — Генадзь пракаўтнуў, дробна задрыжалі пальцы, калі душыў у попельніцы недакурак.

— Добра, — Алег Барысавіч неяк зусім незаўважна, лёгкім рухам, дастаў з нутраной кішэні пінжака невялікую капэрту. — Аванс. Праз два тыдні чакаю чатыры артыкулы. У капэрце тэлефон, паталефануйце. Сустрэнемся тутака ж. Хачу папярэдзіць: ваша дзейнасць можа быць звязаная не толькі з напісаннем артыкулаў. У нас шмат работы.

У Генадзя ў падсвядомасці мільганула кволенькая думка: ён патрапіў зараз у моцную, адмысловую сетку. Але адмахнуўся — быў перакананы, што ўсё робіць слушна. Бо бабуля казала яму менавіта пра гэта: ён будзе над людзьмі.

Генадзь, імкнучыся паказаць сваю годнасць і другаснасць для яго грошай у такі момант, амаль абыякава ўзяў капэрту і, не зазірнуўшы ў яе, перагнуў, паклаў у заднюю кішэню джынсаў.

— Дзякуй, я ўсё зраблю.

— Тады да пабачэння, — Алег Барысавіч падаў сваю руку цераз столік, злёгку паціснуў і прытрымаў Генадзеву руку: — Ты ж адчуваў увесь час, як нешта казыча цябе, так? — нязмушана перайшоўшы на “ты”, дапытліва запытаўся ён. — Чаго было саромецца? Трэба было б проста пакласці сваю руку на грудзі. На абярэг...

Ён усміхнуўся — неспадзявана амаль драпежна, і Генадзь разгублена прыўзняўся з крэсла:

— Да пабачэння.

Алег Барысавіч застаўся сядзець пры століку, Генадзь зразумеў, што выходзіць ім трэба паасобку. Ён выйшаў, заўважаўшы трохі разгублены кельнерчын пагляд. “Я ведаю, што ты думаеш” — вясёла падумаў ён пра дзяўчыну ў доўгай чорнай спадніцы з глыбокім разрэзам збоку і белым нягеглым фартушком наперадзе.

Толькі на вуліцы Генадзь асцярожна прыклаў далонь да грудзей — на абярэг. Злёгку прыціснуў і ледзь не войкнуў — як апякло. Адвярнуўся да сцяны будынка, расшпіліў два гузікі на сарочцы і пабачыў на грудзях невялікія белыя сляды апёкаў. Асцярожна крануў абярэг (так, ягоны абярэг!). Той быў гарачы. Генадзь асцярожна сціснуў двума пальцамі срэбны кружок, стрываў, адчуўшы, як цяпло кружка імкліва губляецца ў скуры пальцаў. І стала лёгка.

3

Генадзь спазнаў асалоду ад жыцця. Урэшце кожны ягоны дзень быў запоўнены працай, якая яму падабалася. Ён і не думаў, што для яго так шмат значыць асабіста рабіць тое, што даспадобы, ды яшчэ і атрымваць за гэта грошы. Ён пісаў артыкулы, браў удзел у дыскусіях на нейкіх рэсурсах, то некага на загад падтрымваючы, то разбіваючы. Спасылкі і заданні знаходзіў у сваёй паштовай скрыні. Жыццё не тое каб набыло сэнс, а стала ўпарадкаваным, цякло ў спакойным, прыемным рэчышчы. Яно не стамляла, не надакучала.