І яшчэ адно Генадзь адчуў: вакол яго ўзнікла нейкая, як бы сказалі на якім эзатэрычным форуме, аўра. Першая неспадзяванка: рэцэнзент, які дагэтуль толькі крывіўся пры сустрэчы, і Генадзь ужо змірыўся з тым, што ў яго будуць тут пэўныя праблемы з дыпломам, раптам стаў іншым. Ветлым, зычлівым. Тую ж зычлівасць Генадзь стаў адчуваць у крамах і барах. Не зычлівасць нават — павагу, сапраўдную, не найграную. Цяпер і сам Генадзь на вуліцы, у памяшканнях пры сустрэчы з рознымі людзьмі найперш звяртаў увагу на твары людзей, на іх вочы — ён хацеў адгадваць, пра што думаюць людзі, на што яны здольныя ў сваіх дзеяннях тут і цяпер. Вывучэнне людзей для самога Генадзя нібы паставіла дзіўным парадкам шкляную сцяну між ім і іншымі. І нават не сцяну... Генадзь глядзеў на навакольных як на... рыбак у акварыуме: ён ведаў, быў пэўны ці здагадваўся пра іх будзённыя справы, іх намеры, адгадваў іх рэакцыі. Гэта весяліла, прыносіла сапраўднае задавальненне ад той самай яго, Генадзевай, незалежнасці ад усіх астатніх. Ягоная незалежнасць заўважалася іншымі, Генадзь бачыў гэта: ён выглядаў для сустрэчных куды больш значным, чым раней.
З дыпломам справа рухалася быццам сама сабой: Генадзь заказаў (заробленае напісаннем артыкулаў дазваляла) графічную частку нейкаму студэнту. Кансультант забяспечыў матэрыяламі. Людміла і тут прапанавала Генадзю сваю дапамогу: “Ты ж, Генік, бачу, заняты зусім іншым... Мне няцяжка набраць... Я разумею, што мяняць трэба істотна, я змагу”. Генадзь быў крыху расчулены прапановай ад Людмілы і сказаў, што заплаціць ёй. Людміла, было відаць, крыху засмуцілася. Генадзь заўважыў, але нічога не сказаў. Ён падумаў... І калі дыплом быў гатовы, павёў Людмілу ў ювелірны шапік.
— Ты неяк прызналася, што любіш золата. Не спрачайся са мной, калі ласка. Выберы сама сабе тое, што даспадобы. У абсягах ста пяцідзесяці даляраў. Не пярэч.
У той момант, калі ён казаў свае словы, а Людміла глядзела на яго, ён зразумеў, што зрабіў слушна: не змусіў сілком узяць грошы (а такая думка была), а прывёў у краму. Ніколі раней з такой адданай цеплынёй, з такім абагаўленнем Людміла не глядзела на яго па-за межамі кватэры. І яна не стрымалася, пацягнулася, пяшчотна і лёгка пацалавала яго ў вусны пры ўсіх у краме.
За апошні месяц, як Генадзь пачаў пісаць артыкулы для Алега Барысавіча, ягоныя дачыненні з Людмілай набылі важкасць і адначасна лёгкасць. Генадзь усё часцей лавіў сябе на думцы, што яму хочацца аддзячыць Людміле за тую ўтульнасць і бесклапотнасць, якія яна стварае для яго. Ён колькі разоў браў Людмілу з сабой на вадасховішча, былі яны па вечарох у кавярні, выходзілі пагуляць, заходзілі ў які бар пасядзець, дазвалялі сабе па келіху віна. Гэтым Генадзь і сабе прыносіў нямала прыемных хвілін: на ягоную Людмілу ўзіраліся мужыкі ўсякага веку, ад дзяўчыны, здавалася, біла хваля пачуццёвасці, яна не магла не хваляваць. Было прыемна ўсведамляць, што Людміла — ягоная жанчына, што кожнае ягонае слова будзе выканана ёю без аніякага супраціву. Толькі пра адно яна будзе прасіцца — калі Генадзь надумае яе выкінуць за дзверы.
Адзін дзень Людміла, вінавацячыся, запытала:
— Генік, нам разам спаць, я ж адчуваю, цесна на канапе, нязручна... Я падумала, хачу ў цябе спытаць: а чаму б не набыць вялікі ложак? Табе і аднаму будзе зручна, нават калі ты... захочаш застацца... без мяне...
Сказала і сцялася ўся, як у чаканні ўдару.
Генадзь усміхнуўся — не мог не ўсміхнуцца: думка пра вялікі новы ложак яму ўжо прыходзіла ў голаў, і той факт, што першая пра яго загаварыла Людміла, выбаўляў ад патрэбы казаць ці рабіць тое самому, што магло быць расцэнена як прызнанне Генадзя ў нейкіх выдуманых пачуццях ці планах.
— Займіся гэтым сама. Колькі будзе каштаваць?
— Але калі табе не спадабаецца?
— Мне павінен падабацца не ложак, а ты ў ложку, — дазволіў сабе такое прызнанне Генадзь, і Людміла ўдзячна, з абяцаннем, усміхнулася. — Нешта стылёвае, без усякіх там аздобаў...
— Добра, я пастараюся...
Мінула тры ці чатыры дні. Мабыць, Людміла чакала патрэбнага моманту. У той дзень Генадзь паехаў да рэцэнзента, потым у яго былі яшчэ справы ва ўніверсітэце. Калі прыехаў, па паху ў вітальні адчуў: нешта новае ёсць у кватэры. Так заўсёды пахне новая мэбля.
Людміла сустрэла яго ў новым халаціку. У ім яна была ўся як нейкі сэксуальны выклік ці заклік, вось цяпер, стаўшы з загадкавай усмешкай перад Генадзем, яна проста правакавала яго на дзеянні эратычнага характару.
— Ну, з якога ляку квітнееш, як ружа?
— Паўзірайся, што ў нашай спальні, — гулліва прыкусіла вусны Людміла.
Генадзь прапусціў міма вушэй яе "ў нашай спальні” — няхай сабе лічыць "нашай”, цешыцца. Ён скінуў туфлі, прайшоў у пакой і, праўда, уражаны, застыў на парозе: амаль усю прастору займаў вялізны ложак. Дзве падушкі, дзве коўдры. "Гэта выдатна, што дзве коўдры”, — міжволі падумаў Генадзь. Бялізна была незвычайнага для Генадзя колеру: чырвона-чорная з белым. Ложак невыказна вабіў да сябе абяцаннем прыемнага адпачынку. Але ён сам, ды яшчэ з новай бялізнай насычаных колераў здаваўся тут чужым — сцены пакоя шматкроць павялічылі несучаснасць і беднасць шпалераў.