Выбрать главу

— Рамонт трэба рабіць, — пакрывіўся Генадзь, азірнуўся на Людмілу: — Колькі каштуе?

— Мне... мама дала на ложак, — ціха прызналася Людміла.

Яе тварык выглядаў няшчасным — быццам яна несла нешта дарагое для Генадзя, ды тое сапсавалася на апошніх кроках, і замест шчаслівага моманту выйшла прыкрая нягегласць.

— Табе... недаспадобы ложак? — усё ж наважылася спытаць Людміла.

Генадзь падумаў пашкадаваць яе, адказаў з усмешкай:

— Зараз апаласнуся і паглядзім, ці зручны ён!

Менавіта ложак надаў іх дачыненням важкасці.

У Генадзевай кватэры з’явілася першая самавітая рэч, якая сведчыла пра яго як чалавека сямейнага. Ён і не быў супраць той рэчы. Больш таго, пасля першай жа ночы пашкадаваў, што не здзейсніў задумы раней: спаць было куды прыемней, зручней, чым на той канапе, якая цяпер стаяла ў зале, а разам з яшчэ адной выйшаў амаль што мяккі куток. Людміла прапанавала: цяпер ёсць майстэрні, якія з дзвюх канап зробяць адну: вялікую, зручную. Генадзь пагадзіўся — і канапы зніклі на тыдзень, а потым у зале з’явілася адна, зусім іншага колеру і выгляду, вялікая кутняя канапа. Так зручна было на ёй чытаць, глядзець тэлевізар..

А потым здарылася і зусім нечаканае для Генадзя. Яму ў голаў не прыходзіла, што некалі такое будзе мажліва. Ён успрымаў Людмілу як цалкам самадастатковую адзінку, для яго не існавала яе мінулага, гісторыі яе жыцця. Ён прымаў толькі сучаснасць існавання, і то менавіта яе. Калі з нейкіх прычынаў Людміла ўзгадвала сваіх маці і бацьку, яны заставаліся для Генадзя схематычнымі кропкамі на мапе, не болей, прычынай для з’яўлення грошай, скажам. Вось як з новым ложкам: Людміліна маці настаяла на тым, каб дачка ўзяла грошы і на іх купіла нешта ў кватэру. Людміла пераконвала Генадзя, што маці ведае ўсю праўду пра іх стасункі: што яна сама жыве тут толькі праз дабрыню і дазвол Генадзяў, што ў іх ніякі не шлюб. Так, маці нешта была пачала ёй выгаворваць пра цноту ды пазашлюбнае жыццё з мужчынам, але Людмілін бацька як адрэзаў: дачка даўно самастойны чалавек, разбярэцца сама лепей за маці. Тым больш, што час змяніўся. Гэта Генадзю казала Людміла, калі ён неяк у ложку, будучы ў добрым гуморы, спытаўся ў яе пра хатніх. Так ён даведаўся, што Людміла, як і ён, адзіная ў сям’і.

І вось Людміла папрасіла дазволу прыняць хоць на паўгадзіны маці — вельмі хоча пабачыць, як жыве дачка. Бо недзе глыбока ў душы хавае найстрашнейшыя думкі пра яе сапраўднае становішча. Ёй усё здаецца, што жыве Людміла не ў добрай кватэры, не сапраўднай гаспадыняй, не з разумным маладым чалавекам, а недзе ў страшным вычварным прытоне...

Генадзь на хвіліну разгубіўся, скрывіўся ад з’яўлення такіх вось гасцей у хаце. Падумаў і пагадзіўся, хай прыязджае маці, паглядзіць — нічога страшнага тут няма. На гадзіну-другую ён проста з'ездзіць куды-кольвек. Але не болей. А потым падумаў, і самому стала смешна: а чаго ён будзе ўцякаць са сваёй кватэры? Ён гаспадар тут! Так і адказаў Людміле: няхай прыязджае маці. Можа і пераначаваць. Але трэба ведаць ёй і разумець, што праз тыдзень абарона дыпломаў...

Людміла прыціснулася да яго ўсім сваім гнуткім целам, горача абцалавала і твар, і грудзі, і плечы.

Генадзь потым не пашкадаваў, што і дазволіў, і сам не ўцёк з хаты. Людміліна маці была невысокага росту жанчынай сталага веку, з дробнымі рысамі твару, ахайненькая, хоць бедна адзетая.

Генадзь выйшаў з пакоя павітацца. Ён падумаў, што Людміла будзе яшчэ больш абавязанай яму за ягоную праяву ветласці.

Выцвілыя вочы жанчыны, глыбока запалыя ў маршчыністы твар, глядзелі на Генадзя з такой, сапраўды сабачай, адданасцю, што ў першы момант Генадзю стала няёмка. Але няёмкасць адразу мінула: Генадзь разумеў прычыны і падставы для такога пагляду: ён зрабіў будучыню для яе дачкі. Вось цяпер, у гэты момант, калі перад вачыма была сапраўдная кватэра, якую яе дачка адамкнула сваім ключом, калі яна пабачыла чысціню тут, парадак і хатнюю ўтульнасць, яна паверыла ў той цуд, пра які расказвала ёй дачка: яна няхай і вось так, без вяселля, але выйшла замуж, яна жыве з няхай і несапраўдным, але з "законным” мужам у гарадской кватэры, яна стала прыгожа адзявацца, яна добра выглядае, яна знайшла сабе месца працы пасля ўніверсітэта ў горадзе... Што яшчэ трэба маці? Да таго ж, пакуль што гэты несапраўдны муж нікуды і не думае выганяць яе дачку, яму добра з ёй, а далей што ж... Звычка — яна такая, яна мацней за нейкія там пачуцці. Тыя ўспыхнулі ды пыхнулі, а потым нясцерпна гарачага захочацца таго, што раней было цёплым...