Людміла дзеля матчынага прыезду набыла сабе новы халат — каб быў ніжэй каленяў. Генадзь толькі пасміхнуўся з яе невялікай хітрасці. Правяла маці па кватэры, потым яны пайшлі на кухню. Праз паўгадзіны Людміла асцярожна прыадчыніла дзверы, пацікавілася: можа, ён хоча разам паесці, там маці прывезла вясковых прысмакаў?
Генадзь адмовіўся — гэта было залішне для яго. Не ставала яшчэ сядзець за сталом з чужой жанчынай, чаркацца з ёй і чакаць, калі ў яе з языка сарвецца "зяцёчак” ці яшчэ што кшталту "ты яе не крыўдзі, яна ж харошая, яна ж даглядзіць...” Ён бачыў пагляд, і годзе.
— То я сюды табе прынясу, добра? — з адчувальнай палёгкай прапанавала Людміла. Яна разумела, што цяпер павінна паводзіць сябе максімальна асцярожна: Генадзь і думкі не павінен дапусціць, што яго нейкім спосабам збіраюцца прывязаць і што матчын візіт — адно з агніваў таго невідочнага ланцуга.
Генадзь моўчкі кіўнуў, потым дадаў:
— І кавы звары мне.
Людміла паспяшалася на кухню.
Людміліна маці доўга не затрымалася — мо гадзіны з дзве прабыла яна ў кватэры, потым дачка сказала, што яны пойдуць у горад, адтуль — на вакзал. І што есці нагатавана. Увечары ў ложку Людміла была яшчэ ласкавейшая, адданейшая, чым тады, калі яны распісаліся і яна пакінула яго галодным на дзень.
І новы шырокі ложак, і прыезд Людмілінай маці надалі лёгкасці стасункам: усё стала неяк прасцей, быццам было прамоўленае апошняе недагаворанае, і яны прынялі ўсе правілы стаўлення адно да аднаго. Людміла пачала паводзіцца ў кватэры вальней: не перапытвала лішні раз, ці можна ўмыкаць музыку, прыбірала тады, калі мела час. Амаль увесь дзень у кватэры працаваў тэлевізар на музычным канале. Але яна заставалася нязменна ўважнай і паважнай да Генадзя. Ён быў яе богам — гэтак успрымаў Генадзь Людміліна стаўленне да сябе. І ведаў, што мае права такім быць. Бо таго, што ён даў і дае цяпер Людміле, іншыя жанчыны не маюць усё жыццё: элементарнага жаночага шчасця — кахаць і быць патрэбнай каханаму.
Ды адно вярэдзіла думкі гадзіну ці дзве новым адчуваннем. На другі дзень пасля прыезду-ад’езду Людмілінай маці, калі Генадзь сядзеў у ванне, а Людміла шаравала яму спіну, ён, глянуўшы на яе голыя грудзі, што калыхаліся мерна перад тварам, падумаў: а Людміла ж некалі стане як маці. Вялікія, цяпер пругкія, грудзі стануць адвіслымі, нечым напалову запоўненымі брыдкімі скуранымі торбамі, адрузне скура на паўнаватых лытках, з’явіцца тоўсты жывот; зморшчыны ўкрыюць твар, высахнуць вусны, пачарнеюць зубы; вочы паменшацца, уцягнуцца ў чэрап, выцвітуць іх зрэнкі... І такую жанчыну можна будзе любіць у ложку? Цалаваць пляскатыя цыцкі са зморшчанымі смочкамі? Не... такога не будзе. Як будзе — потым і вызначым. Але так не будзе...
Прапанова ад Алега Барысавіча сустрэцца была для Генадзя не зусім прыемнай: той не сказаў пра мэту, а ў голасе прагучалі металічныя ноткі, якія трохі драпанулі самалюбства. Аднак Генадзь адчуў прыемнае хваляванне радасці: яму закарцела зноў апынуцца побач з гэтым уладарным чалавекам.
4
Сустрэча гэтым разам праходзіла не ў кавярні, а ў машыне Алега Барысавіча. Сваю машыну Генадзь пакінуў, перасеў да “шэфа”, як стаў у думках з адценнем павагі называць мужчыну.
— Тут грошы за работу і апошні артыкул.
Генадзь узяў капэрту, падзякаваў.
— Твой рэцэнзент цябе не крыўдзіць? — Алег Барысавіч павярнуў галаву да Генадзя, і таму раптам стала зразумела: у вачох ягонага “шэфа” была па-сяброўску змоўніцкая ўсмешка.
— Не, не крыўдзіць... Я і не чакаў...
— Што ён так зменіць сваё стаўленне да цябе? Я казаў: мы дапамагаем адзін аднаму. Дарэчы, табе трэба вучыцца далей. Наша прапанова: ты паступаеш на завочнае і цяпер ідзеш працаваць у інстытут мовы і літаратуры.
— Дык... Я ж — тэхнар... Інстытут мовы? Паступаць вучыцца? Хіба на гістарычны... Мяне зацікавіла паганства, — Генадзь казаў асобныя сказы, цалкам разгублены ад агучанай перспектывы.
— У нас даволі сяброў сярод гісторыкаў, — быццам з сапраўдным болем ад гэтых слоў сказаў праз зубы Алег Барысавіч, і Генадзь зразумеў: гэта не простая прапанова падумаць, гэта новае яго жыццё. І ён мусіць цяпер прыняць гэты варыянт, ці... ці ўсё скончыцца.
— Але што мне рабіць з маёй адукацыяй у інстытуце мовы?
— Ты добра валодаеш камп’ютарам... Умееш пісаць, пачнеш вучыцца — мажлівасці пашырацца. Праца нескладаная, будзе часу і на напісанне артыкулаў.