Калі назаўтра, бліжэй да палудня, яго разбудзіла званком Людміла (так ён загадаў), усё ўчорашняе падалося прыгодніцкім сном. Увамкнуў кампутар... І няўмольна пацягнула знайсці ў сеціве хоць нешта з учорашніх падзей. Не можа быць, каб два пажары ў адной вёсцы засталіся без увагі сённяшніх сайтаў навін.
Знайшоў. Пачаў чытаць, і жывот агідна сцягнула, сціснула грудзі, што не дыхнуць: "...Маланка стала прычынай загарання старой школы. Не змог выйсці з будынка мясцовы жыхар, 75-гадовы пенсіянер, былы дырэктар школы А. Т. Апошні час ён жыў там у пакойчыку як вартаўнік, бо ў школьным музеі знаходзіліся вельмі каштоўныя з гледзішча этнаграфіі і культуры рэчы. Дарэчы, А. Т. і стварыў музей, збіраючы экспанаты пяцьдзясят гадоў. Школу закрывалі, і музей мусіў пераехаць у школу аграгарадка на наступны тыдзень”.
І амаль адразу ж заспяваў тэлефон. Нумар не вызначыўся, значыць — Алег Барысавіч.
Сустрэча была прызначана бліжэй да вечара. Генадзь ледзь стрымваў сябе. Людміла патрапіла “пад руку” — ён аблаяў яе бруднымі словамі, сказаў, каб не лезла ў вочы і ў душу. Тая сцялася, было чуваць, як плакала ў лазенцы. Генадзь паехаў на сустрэчу тралейбусам, бо ў полудзень ён не стрымаўся і крыху выпіў джыну з бара, што збірала Людміла.
Сустрэліся ў кавярні. Алег Барысавіч ужо чакаў, хоць Генадзь падышоў за пяць хвілін. На стале стаялі талеркі з закускамі, графінчык з гарэлкай.
— Там... Там быў чалавек. Вы мяне не папярэдзілі... — Генадзь казаў з крыўдай, ніяк не мог супакоіць свайго хвалявання.
— Выпі і закусі. І яшчэ раз выпі. Цяпер закуры і слухай, — спакойна адрэагаваў Алег Барысавіч. — Там быў не чалавек, а пенсіянер, — казаў ён не жорстка, але пераканаўча. — Стары слімак, які ледзь соўгаўся па зямлі. Ніхто не ведаў, што ён там застанецца начаваць. Хто ён табе? Ніхто. І ўсе табе ніхто. І мне ніхто. Вунь, бачыш за акном пайшла цётка. Вось зараз яна ўпадзе і памрэ — табе будзе яе шкада? От бачыш.
— Але ж тут...
— Ты стаўся прычынай яго смерці? Ты забіў? Няхай і так. Ты чытаў у навінах пра старога?
— Чытаў... Ён стварыў той музей, — адказаў Генадзь з сапраўднымі ноткамі сентыментальнасці — выпіты раней джын і цяпер дзве чаркі гарэлкі добра-такі сп’янілі яго.
— Ён з тых, каго мы выкарчоўваем. Ён — жрэц, чужы і нікому не патрэбны. Шкодны нам, — жорстка адказаў Алег Барысавіч і дадаў: — Не думай пра яго, Генадзь.
Ён вельмі даўно не звяртаўся да Генадзя па імені. Вельмі даўно. І гэты факт амаль расчуліў таго (хоць былі тут прычынай і выпітае, і хваляванне).
— А вось скажыце... Там яшчэ пажар здарыўся, сенасховішча загарэлася — ці выпадкова?
Алег Барысавіч скрывіўся, як ад кіслага.
— Генадзь, годзе быць маленькім хлопчыкам. Я ж казаў табе: нічога не бывае выпадковага там, дзе мы. Я казаў табе, што колькі ты будзеш працаваць, столькі цябе будуць правяраць.
— І цяпер правяралі? Але як? Навошта?
— Правяралі, — нібыта са скрухай цярпліва адказаў Алег Барысавіч. — Бо я не хацеў бы пабачыць, што ля школы стаіць нейкі бомж, які за літроўку выконвае за цябе адказную работу.
— І... што вы пабачылі? — страх праслізнуў Генадзю ў жывот, як і раніцай, падняўся да грудзей.
— Пабачыў тое, што мяне здаволіла: невялічкі відэафільм, які цалкам пацвярджае тваю шчырасць у справе і тое, што я не памыліўся, і мне не трэба адказваць за цябе... так, Генадзь, мяне таксама правяраюць. І з мяне таксама пытаюць. Некалі ты станеш на маё месца, ты пабачыш, колькі дадзена табе ўлады і за колькі ты адказваеш. Такі наш кон...
Вэрхал думак круціўся ў Генадзевай галаве. Яго цяпер ужо не проста купілі. Недзе асобна ад ягонай галавы, воблакам над ёй, вілася думка пра тое, што Генадзю няма дарогі назад. Што ў кожны патрэбны момант тое відэа можа патрапіць... Куды трэба, туды і патрапіць. І ўсё пойдзе марна.
— На кручок мяне злавілі, — праз сілу ўсміхнуўся ён, разумеючы, што нельга казаць такія словы, нельга проста ў твар вінаваціць такога чалавека. Гэта гарэлка надала смеласці і безразважнасці.
— Мы ніколі не здаем сваіх. Пакуль яны з намі.
Генадзь пільна зірнуў ў твар свайму “шэфу” і пабачыў... стому ў вачох. Выпіў чарговы наліты шкалік, пацягнуў да сябе і засунуў у капэрту з грашыма, расчулена-п’яна і, як яму здавалася, пранікнёна сказаў:
— Я цяпер з вамі... назаўсёды.
— Тады сустрэнемся заўтра.
Алег Барысавіч зрабіў ледзь улоўны жэст рукой, і Генадзь зразумеў, што яму трэба ісці.
Назаўтра ён прыехаў на дамоўленае месца, сцяты страхам: думаў, што ягоныя ўчорашнія паводзіны не спадабаліся ягонаму “шэфу”. Ён меўся адразу павініцца, але Алег Барысавіч пачаў гутарку сам, справавіта, як і не было ўчорашняй размовы.
— Работа, якую ты зараз атрымаеш, не мае пэўнага часу выканання. Але і зацягваць нельга. Імя — Ганна. Прозвішча — Мікуліч. Выпускніца медвучэльні. Працуе акушэркай у медпункце. Вось вёска... Яна трохі старэйшая за цябе, але з выгляду амаль роўня. Табе трэба зблізіцца з ёй. Так, каб яна табе давярала. Не спяшайся. Простым заляцаннем яе не абдурыш: яна не з тых. Галоўнае запомні цвёрда: пры сустрэчы з ёй на табе ні ў якім разе не павінна быць твайго амулета. Ні ў якім разе.