Выбрать главу

— А... хто яна? — усхвалявана глытнуў сліну Генадзь — ён ніяк не чакаў атрымаць падобнага задання. Гэта і хвалявала, і надавала прыемнай упэўненасці на далёкую перспектыву: яму ніколі не будзе сумна, ён будзе заняты самым розным і цікавым. А жанчына, маладая... Хіба ж так складана: заваяваць яе ўвагу і сяброўства?

— Яна не простая жанчына, не разлічвай на хуткую справу, — нібыта падслухаў ягоныя думкі Алег Барысавіч. — Галоўнае: ты павінен выклікаць у яе максімальны давер. Знойдзеш яе ў сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі”. Падумай добра, з чаго пачаць.

Генадзь згодліва кіўнуў, злавіў сябе на думцы, што Алег Барысавіч так і не адказаў: што за жанчына? Падумаў: перапытаць ці не? Ведаў, ”шэф” ніколі не забываўся на пытанне, перапытваць — лічы праявіць нахабства. Але чамусьці цяпер Генадзь здумаў, што мае права ведаць: ён не нейкі там бомж, які за пляшку “чарніла” падпальвае стары дом. Ён — у камандзе.

— Дык хто ж яна такая? — спытаў нібыта абыяка-ва, замёр.

Алег Барысавіч пільна зірнуў на Генадзя. Усміх-нуўся вачыма. Адказаў:

— Яна — асаблівая. У яе ёсць тая рэч, якая нам патрэбная. Проста так забраць рэч мы не зможам. Мы не ведаем, дзе яна. Гэта ты і даведаешся. Пазней патлумачу далейшыя дзеянні. Калі не выйдзе — будзе іншы варыянт... Яшчэ ёсць пытанні?

— Не, няма...

— Выдатна. За месяц я хачу бачыць цябе добрым знаёмым Ганны Мікуліч, чалавекам, якому яна давярае. І запомні вось што: калі яна даведаецца, хто ты ёсць, то пры выпадку... яна заб'е цябе без усякага жалю. Калі яна пабачыць твой абярэг.

Генадзь уздрыгнуў.

— Я... зраблю.

— Добра, пачынай... Пазней мы пагутарым яшчэ не раз пра яе. Ты шмат пра што даведаешся. Абяцаю: будзе цікава. Але, вельмі сур’ёна. Так, што адзін не дасі рады. За маёй спінай, за два столікі ад нас сядзяць двое хлопцаў, трохі старэйшыя за цябе. Гэта твае памочнікі. Пазнаёміцеся пазней.

Генадзь ніяк не чакаў такога павароту, разгублена зірнуў за спіну Алега Барысавіча. Там сапраўды сядзела двое маладых мужчын. Адзін быў нейкі невыразны, які б першым згубіўся ў натоўпе, бо нішто, ні ў паставе, ні ў твары, ні ў адзенні, не вылучала яго. Другі быў хударлявы, невысокага росту. Падносіў бакал піва да рота, і Генадзь скрывіўся: сярэдні палец рукі — карацейшы за ўказальны, з нейкай сіня-чорнай плямай на канцы. Генадзя заўсёды брыдзіла ад калецтва. Хлопец, мабыць адчуўшы позірк, ўзняў на Генадзя твар. Ягоныя вочы былі крыху пукатыя, чырвоныя, быццам ён толькі што моцна плакаў.

— Ды ён жа... наркот, — разгубіўся ад сваёй зда-гадкі Генадзь.

— Нам трэба розныя людзі, — халодна спыніў яго Алег Барысавіч. — Ад яго ёсць карысць, і яшчэ будзе... Цяпер слухай уважліва, — у голасе загучалі сапраўдныя сталёвыя ноткі. — Час тваёй праверкі для прыняцця цябе фактычна скончыўся. Ты ад сёння — у нас. І гэта, апрача іншага, значыць, што як мы працуем на цябе, так ты працуеш на нас. Заданне, якое ты атрымаў, не аплочваецца. Бо яно сярод нашых жыццёвых інтарэсаў. Нашых супольных. Маю пэўнасць, ты разумееш, што грошы, якія мы плацілі табе раней, зусім не аплата тых артыкулаў. Так, яны каштуюць, але каштуюць у разы меней. Слухай, не перабівай. У цябе будуць яшчэ заказы на артыкулы, але кірунак будзе зменены. І цэны будуць рэальнымі...

— Вы куплялі мяне? — не ўтрымаўся, з крыўдай у голасе выдыхнуў Генадзь.

— Мы правяралі цябе, — свідруючы яго вачыма, адказаў Алег Барысавіч, а пагляд ягоных вачэй загадваў сядзець, не рухацца, не пярэчыць. — Ты не дзіця.

І раптам усміхнуўся амаль ветла, як старэйшы малодшаму, падбадзёрваючы:

— Ты застаешся з намі — і ў цябе ўсё будзе добра. Вельмі добра.

Развіталіся.

Прыкрасці ў Генадзевай душы не было. Можа таму, што Генадзь за гэты час зразумеў: Алег Барысавіч — гэта невядомая, жорсткая сістэма, якая мае ўладу і моц. Такую ўладу і такую моц, што можа чыніць суд над жыццямі людзей. І каб быць унутры яе, трэба нечым ахвяраваць. Генадзь цяпер мусіць падпарадкоўвацца? Гэта з якога боку паглядзець. Ён не падпарадкоўваецца, ён працуе ў сістэме, ён цяпер — яе паўнаварты сябра. І яшчэ яму сказалі, што ён будзе некалі на больш высокім месцы...

Падпал школы і смерць старога настаўніка ўвачавідкі дзялілі Генадзева жыццё на «да» і «потым». Ён не проста разумеў, што назад яму дарогі няма, а адчуваў змены ў самым сабе, у сваім стаўленні да людзей. Яму адкрылася неверагоднае: забраць у чалавека жыццё можна, і можна пасля гэтага жыць так, быццам нічога не адбылося. Вось ён спрычыніўся да чужой смерці — і з ім нічога не адбылося. І не адбудзецца. Пакуль ён у сістэме, у коле, якое яго прыняло...