Выбрать главу

Адамкнуў дзверы сваім ключом і здзівіўся: гучна працаваў тэлевізар, а Людміла не з'явілася ў вітальні, як заўсёды, не зазірнула запытальна-аддана ў вочы.

Скінуў чаравікі, зазірнуў у вялікі пакой і замёр ад убачанага: Людміла сядзела на канапе, склаўшы рукі на жываце, і глядзела на экран. Яна нават не павярнула да яго галавы!

Ён маўчаў, уражаны, не знаходзячы тлумачэння яе паводзінам. Хваля злосці стала імкліва ўздымацца ў ім, запаўняючы першыя імгненні разгубленасці.

Можа, Людміла адчула яго стан, павярнула галаву, але на яе твары Генадзь не пабачыў ні ценю страху, ні пакоры.

— Есці хочаш? — спытала Людміла.

Што праўда, у голасе была заклапочанасць і ўвага, але Генадзя яе пытанне, яе смелы, так — смелы — позірк амаль знямілі.

— Я плоў зрабіла, разагравай у мікрахвалёўцы, — дакончыла Людміла і адвярнулася ад Генадзя.

— Ты... ты забылася, хто тут гаспадар? — Выціснуў з сябе Генадзь, стрымваючыся, каб адразу не сарвацца на крык (потым, потым ён крыкне гучна: «Вымятайся!», перш трэба ціха...)

— У мяне цяпер другі гаспадар, — з загадкавай усмешкай павярнулася да яго Людміла і выразна пагладзіла свой жывот. — Вось тут мой цяперашні гаспадар...

— Ты... ты заляцела? — выдыхнуў Генадзь, яшчэ не да канца ўсведамляючы існасць Людміліных слоў.

— Мы заляцелі, — мякка паправіла яна і, не даючы часу на адказ, на абдумванне, дадала адначасна з лёгкай таямнічасцю і радасцю: — Дзядзька Алег сказаў, каб мы з табой нараджалі шмат дзяцей...

— Які... дзядзька? — толькі і змог выдавіць з сябе Генадзь, прачуваючы перад сабой страшэнную прорву, няўхільнасць нечага страшнага, што вось-вось абрынецца на яго.

— Дзядзька Алег Барысавіч. Ён сказаў, што ведае цябе...

Генадзю здалося, што ён пахіснуўся, таму спешна павярнуўся, каб яна не пабачыла яго стану. Пайшоў на кухню, крутнуў кран і стаў чакаць, пакуль сцячэ вада, каб набраць у кубак халоднай. Хоць ведаў, што ў лядоўні ёсць ахалоджаная мінералка...

ЧАСТКА 6

1

Сястра патэлефанавала не ў лепшы момант — Лобач якраз сфармуляваў у галаве апошні абзац для артыкула, цяпер хутка запісваў, асцярожна трымаючы думкі, не акцэнтуючы асаблівай увагі ні на адной асобна, каб не засціла іншыя і кожная з іх мела свой шанец быць заўважанай, легчы радкамі літар на маніторы. Таму не адказваў, і Надзея не стала настойваць, адлучылася сама. Ведала: калі Алеся патурбаваць не ў той час, пачне псіхаваць.

Лобач запісаў апошні сказ, смачна паставіў кропку, перачытаў — канец удаўся. Узяў мабільны і патэлефанаваў сястры.

— Мабыць, я зноў не ў час, — выбачалася Надзея. — Ты ўдома? Заеду, трэба перагаварыць...

— Што, замуж выходзіш?

— Ага, во тут знайшла аднаго за каменем, дык яго і вязу, — без усмешкі адказала Надзея. — Дык як — будзе час ці заняты?

— Не, не заняты, хацеў гатаваць вячэру, дык ты акурат і згатуеш.

— Добра, заеду ў краму... Што набыць?

— Усё ёсць, чакаю...

За паўгадзіны Надзея прыехала — нейкая трохі засмучаная, задуманая. Маючы амаль сорак, яна выглядала нашмат маладзей: чысты круглявы твар, невысокага росту — у маці пайшла, зграбная постаць. Адным словам, прывабная: Алесь ведаў пра яе дабрыню і гатовасць да ахвяравання сваім асабістым дзеля нечага чужога. Ён ніколі не ўлазіў у прыватнае сестрыно жыццё, аднак ведаў, што Надзея не мае мужчыны. Як развялася пасля трох гадоў замуства з трэнерам-наркаманам, так болей ні з кім і не сходзілася, нават на кароткі час. Наўрад ці хавала б яна ад брата якія стасункі, калі б яны былі — яна даўно не ўспрымала Алеся як малодшага, наадварот, шмат у чым раілася з ім. Тым больш, што ўсякае жытло рана ці позна патрабуе мужчынскіх рук. У Надзеінай кватэры, якая ёй засталася як спадчына ад яе няўдалага сямейнага жыцця, і дзякуй, што хоць такая. А якіх дзяцей мог пакінуць ёй мужчына, што апошні год літаральна “сядзеў на голцы”! Алесь сам рабіў вялікі рамонт пасля смерці Надзеінага мужа. Часам сястра клікала памагчы ў дробязях.

Надзея не тужыла з самога факту мужавай смерці — ён для яе памёр раней, у тыя дні, калі перад ёй разгарнулася сапраўды бездань — бездань таго жыцця, у якім жыў яе Слава і якое старанна хаваў. Яна апантана кінулася была яго ратаваць — і ўмомант адляцела назад, усё адно як кінуўшыся абдымаць сустрэчную электрычку. У тыя дні на яе скронях з’явіліся першыя сівыя валасы. Муж, калі ўсё высветлілася, стаў прыводзіць да сябе сябрукоў. Яна супраціўлялася як магла той навале, што лезла ў яе хату, але аднаго дня Слава, у галаве і цягліцах якога яшчэ не зусім атрафавалася памяць пра самба, кінуў яе, як вялікую ляльку на падлогу, а потым скруціў і выпхнуў за дзверы. Яна не плакала, апынуўшыся ў Алесявай кватэры, усё расказала — і як скамянела: “Я яго пахавала. Славы больш няма. Тая істота — не мой муж”. І як вынесла прысуд — праз паўгода Слава ўцячэ з вар’ятні, уколе проста за плотам (яго будуць чакаць там) нейкую мярзоту ў вену і адыдзе назаўсёды ў свет мрояў, без якіх не мог жыць на волі.