Алесь ніколі не ўпікаў сястру. Некалі разам з маці ён адгаворваў Надзею ад замуства са Славай — той не спадабаўся ні маці, ні Алесю. Бацька маўчаў — не хацеў ніяк утыкацца, ні па добраму, на па злому. Але... было запозна. Потым Надзея прызнаецца маці: яна пасварылася са сваім мужчынам, ён з'ехаў некуды ў Расію, і Слава, як кажуць, падвярнуўся пад руку: уважлівы, упэўнены ў сабе, толькі што вярнуўся аднекуль з Еўропы, куды вазіў дзяцей на спаборніцтвы. Тры месяцы сустрэч: перш ад болю расстання з былым, потым — звыклася, а далей ёй здалося, што яна калі і не кахае, дык усё адно бачыць сябе з цяперашнім мужчынам шчаслівай. Справілі невялічкае вяселле, вечарыну, Надзея нават не ў белай сукенцы была, і вэлюм нявесты, зразумела, не адзявала. Яна была цяжарная, але (калі глядзець наперад), Бог злітаваўся: яна выкінула на трэцім месяцы. А ў астатнім першы год Надзеінага сямейнага жыцця быў амаль шчаслівым: Слава атрымаў урэшце кватэру, маці дапамагла Надзеі з мэбляй. Адзінае, што замінала Надзеі бачыць сваю сям’ю зусім удалай (апрача нястачы дзяцей), — частыя накіраванні Славы за межы краіны. Ён тлумачыў, што змяніў работу, працуе кансультантам. Потым яна даведаецца, што за накіраванні гэта былі і за якую мяжу: на другі год сямейнага існавання ў мужа сфармавалася другое, патаемнае жыццё, дзе баль правілі сябры, дарагі алкаголь, танныя жанчыны і, галоўнае, наркотыкі. І якое ён хаваў ад жонкі як мог: ілгаў, выкручваўся, адмоўчваўся, скандаліў. У адзін дзень ёй стане зразумела, што муж ужо два гады як нідзе не працуе, а тая нібыта зарплата — рэшткі грошай, якія доўгія гады адкладвала ягоная маці і потым аддала свайму сыну як падарунак на вяселле. Гэтыя грошы Слава схаваў ад жонкі, на іх і мацавалася другое ягонае жыццё. Калі б яшчэ не Надзеіна праца ў школе настаўніцай, якая забірала яе час ад раніцы да вечара, можа, і не так склалася б, можа, яна заўважыла б раней, змагла б уратаваць...
Пасля пахавання мужа і рамонту кватэры, дзе Надзея змяніла ўсё — падлогу, столь, сцены, мэблю — яна сказала Алесю: “Усё. Як адрэзала кавалак жыцця. І ты не ўспамінай. Яго не было: ні Славы, ні трох гадоў замуства...”
Надзея скінула туфлі ў вітальні, прысела, выцягнула стомлена ногі, памацала-пагладзіла свае лыткі:
— Што, бедненькія, за дурной галавой натаміліся?..
— І куды яны цябе насілі? — пацікавіўся Алесь.
— Ат, сяброўка прыехала з правінцыі, разам некалі сканчвалі, у Кантакце знайшла. Тое пакажы, гэтае пакажы. Потым у сад камянёў зацягнула... Ну што, суп гатаваць? — прайшла на кухню, начапіла фартушок.
— Не, лепей наша фірмовае: паўкурыцы на дваіх, я там набыў, як ведаў.
— Ну, добра, я бульбу абіраю, ты разрэж яе пакуль што...
— І чаго ж ты такая сумная? Стаміла сяброўка? — стаў пытацца Лобач, разразаючы тушку курыцы.
— Дзе там... сяброўка не стаміла. Здаецца, усё было добра: і паўспаміналі, і пасядзелі, кавы папілі, нават віна пакаштавалі... А потым пайшлі ў сад камянёў. Вось колькі ён у нас — а я там была толькі два разы. Ну, пайшлі, — казала Надзея, абразаючы бульбу. — І от ведаеш, ходзім мы там — і настрой, ну проста з кожным крокам — мяняецца. Нібыта нехта выцягвае з нас весялосць і бестурботнасць. Гаварыць пачалі на паўголаса. І во цяпер яшчэ нешта не адпускае, як не ў садзе пабыла, а...
— А на могілках, — упэўнена кончыў Алесь. — А што ж ты хацела: гэтакзваны сад і праўда — могілкі. Бо камяні жылі там, адкуль іх забралі. Некалі ляжаў вось такі валун ля вёскі — яго ведалі, у яго было сваё імя, да яго нехта звяртаўся, з ім загаворвалі. Яго выдралі адтуль і прывезлі сюды. Гэта як людзі: кожны паасобку ў сваёй хаце — жывы і розны. А на могілках усе падобныя, бо ўсе мёртвыя. І таму гаварыць не будзеш гучна, таму выцягвае з цябе весялосць: бо клодаўе.
— Але ж навошта?
— Што навошта? — Алесь адклаў нож убок, памыў і выцер рукі, прысеў за стол і закурыў. — Сабралі камяні навошта? Ну, некаму вось даспадобы прыйшлася такая ідэя — сад валуноў краіны. Дзіўлюся, як яшчэ тыя не пасцягвалі, якія лічацца помнікамі геалагічнымі. Мабыць, не адшукалі патрэбнай тэхнікі, а то б звезлі... Кітайцаў сёння здзіўляць ці венесуэльцаў: у нас ёсць сад камянёў!