Выбрать главу

Надзея заўважыла Алесяву раздражнёнасць, але паспрабавала прадоўжыць тэму, скіраваўшы яе ў іншы бок:

— І што такога значнага ёсць у тых камянёх, дзіўна. Але ж нечым прывабліваюць...

Алесь адгукнуўся адразу ж:

— Ну, па-першае, для краіны, дзе няма гораў, вялікі камень — дзіва. Моц, якую нішто не можа зруйнаваць, зрушыць з месца. Таму перадусім гэта можна было лічыць нейкай адзнакай мясцовасці, я думаю. Усё мяняецца: дрэва ўпадзе, рака зменіць рэчышча, а камень будзе ляжаць. Таму яны і набылі значнасць. Ад часоў паганства камяні маюць сваю, выбітную ролю. Нават хрысціянства, колькі ні змагалася з шанаваннем камянёў, мусіла змірыцца. Альбо пайсці на хітрасць: у камянях-следавіках сталі знаходзіць след ці то Міколы, ці то Маці Божай. Шмат на якіх выбівалі крыжы. А іншыя называлі Чортавымі — каб хоць неяк ды адвучыць людзей ад ушаноўвання іх. Сотні пакаленняў жылі побач з камянямі, у кожнага — свая легенда. Дык нашая сённяшняя павага да камянёў — на роўні геннай памяці.

— Як проста расклаў, — Надзея незадаволена хмыкнула. — Дык тады — хай будуць могілкі? Падумаеш, нейкая генная памяць ад дзікунскіх часоў...

— Ты не так зразумела, — спакойна адрэагаваў Алесь. — Так, генная памяць. Але хто мы без яе? Што вёска без сваёй легенды, якой і быў, адвеку лежачы за ваколіцай, валун? Валуны — частка культуры, і сцягваць іх у адну крушню — як пазбіраць, прыкладам, абразы ад ўсіх вернікаў і знесці ў нейкі музей. У музеі рэчы страчваюць сваю сакральнасць, яна там, дзе чалавек можа стыкацца з прадметам праз дзеянне, абрад: ці то абраз, ці то камень. Так што сад камянёў насамрэч — гэта могілкі сакральнасці, гэта могілкі часткі культуры многіх паселішчаў. Вось што гэта такое! — Алесь не заўважыў, як усхваляваўся і сканчваў, усё адно як Надзея была супраць таго, што ён гаворыць, хацеў не проста пераканаць, а паставіць кропку ў даўнай спрэчцы.

— Ціха-ціха, Алесік, — з усмешкай спыніла яго Надзея. — Ты не на кафедры, мне нічога не трэба даводзіць. Але вось скажы, — яна пільна зірнула ў вочы брату: — Чаму гэта было зроблена, і супраць ніхто слова не сказаў? Не, чаму менавіта ты! Не выступіў хоць сёння з артыкулам у якой газеце, чаму не ўзняў гоману, чаму не абараніў тыя вёскі? Сёння чаму не выступаеш?

— Таму! У іх забіралі іх камяні — дык няхай бы баранілі! А калі ім не трэба — навошта мне? — разнерваваўся Алесь.

— А, вось як? — ужо з'едліва адказала Надзея. — Значыццца, імпэту стае мне на кухні даводзіць? Як і ўсё іншае, так?

— Кожны павінен займацца сваёй справай! — палічыў за разумнае адступіцца Алесь, сцішыў голас. — І не забывайся, колькі мне тады было гадоў.

— О, так — мужчыны заўсёды займаюцца сваімі справамі: адзін піша навуковыя дысертацыі, другі стварае могілкі камянёў. А бараніць камяні — няма каму, — не стала трываць Надзея.

— Ёсць каму і бараніць — самыя людзі! Гэта іхная гісторыя!

— Ты зараз з такой... з такой амаль грэблівасцю сказаў “людзі”... быццам там нейкія чужыя людзі, а не тыя, сярод якіх расла і наша мама, — з горыччу заўважыла Надзея.

— Ты мяне ведаеш! І ведаеш маё меркаванне: нельга абараніць чалавека, калі ён сам не хоча быць абароненым! Нельга! Што ім да камянёў і гісторыі іх вёсак? Што сёння тая вёска? Хаты без сувязяў. Уся сувязь — толькі ў краме ды на “Дажынках”. Я магу сто артыкулаў напісаць, але ж хто іх чытае? Яны чытаюць пра свае надоі, пра падвышэнне пенсіяў і зарплат, і ўсё для іх добра! Ім — добра!

— Уй, разышоўся, — зазлавала і Надзея. — А не ты казаў, што народ, якім бы ён ні быў, не можа сам абіраць сабе культурныя прыярытэты ці то праз галасавання, ці то яшчэ як? Ты! Ты казаў, што ўсякую духоўную каштоўнасць народ прадасць двойчы на год запар, калі паўстае пытанне фізічнага выжывання і калі продаж адбываецца не кожным асабіста, а ўсімі адразу, калі віна ці ўдзел кожнага ўпаасобку рассычаецца ў масе? Дык хто, па-твойму, можа ўтрымаць няшчаснага мужыка, якому паабяцалі палку каўбасы і пляшку гарэлкі, адно каб памог валун ускаціць?

— Я нічога пісаць не буду. Я раблю сваю справу, — зусім ціха сказаў Лобач. — Я збіраю тое, што магу. А ты мяне зрабіла вінаватым у тым, што на рэферэндуме людзі адракліся ад гістарычнага герба, сцяга, ад мовы...

— Бо з інтэлігенцыі, з навукоўцаў будуць пытаць нашчадкі. А не з простых людзей, — ціха дакончыла і Надзея. — І ўсё адно баліць... Могілкі валуноў краіны.

— Ніхто не ведаў дакладна да апошняга, як там будзе і што. Калі афіцыйна абвясцілі, запозна было выступаць у друку — ужо механізм быў запушчаны, супраць нічога не скажаш. Якія гэта былі гады? Хто мог выступіць супраць партыі? Як і каму было даводзіць, што найстарэйшы і найвядомейшы ў сталіцы валун “Дзед” нельга прыбіраць са старога капішча, што само капішча трэба захаваць як адзін з цэнтраў тутэйшай сакральнасці? І потым... не хацелася казаць, бо сам не веру ў тое, што тое існавала ў планах уладаў, так усё вычварна, так падобна на існаванне сапраўднай змовы супраць усяго сакральнага. Мой... знаёмы адзін, цяпер на пенсіі, казаў, што стварэнне музея валуноў насамрэч іх ратаванне. Так, хоць на могілках, але ратаванне. Навукоўцамі быў прыдуманы такі план — музей валуноў, а каб ён прыйшоўся даспадобы кіраўніцтву, гэты музей зрабілі вось такім: уся краіна з яе рэльефам... І быў уратаваны ад знішчэння “Дзед”, яшчэ многія значныя валуны, да якіх сапраўды падбіраліся. Давялося і іншыя валуны забіраць ад вёсак... — палічыў, што трэба расказаць, Лобач. — А ў наш час... Нядаўна быў падрыхтаваны артыкул, у навуковы часопіс. Там не крытыкавалася нават, там проста выносіліся свае меркаванні (на што навуковец мае права) на стварэнне вось такіх музеяў валуноў, бо ў розных месцах ёсць спробы парабіць такія самыя, местачковыя. Артыкул вярнулі на дапрацоўку, аўтара выклікалі і мякка папярэдзілі, каб не лез у палітыку. Калі ён здзіўлена заўважыў, што камяні — не палітыка, яму адказалі: усё, да чаго дакрануўся прэзідэнт, робіцца палітыкай... Добра, з камянямі разабраліся. Давай пра справу.