Выбрать главу

— Ага, пра справу... Духоўку запалі...

Надзея прысела пры стале, паглядзела ўважліва на брата.

— Жаніцца не збіраешся?

— Не, пакуль што няма падобных да цябе.

— Як з грашыма? Ты зусім абнасіўся. На выходныя сходзім, нагледзім што табе. Увесь гардэроб мяняць трэба. Адны чаравікі на ўсе святы!

— Ды... здаецца і добра, — нясмела запярэчыў Алесь.

Ён заўсёды згаджаўся з сястрой, калі справа датычыла гаспадарчых момантаў — можа, сам так і не змог навучыцца, можа ў нейкі момант падумаў, што можна такі абавязак — сачыць за сабой, што да адзення — перакласці на яе. Мыў і прасаваў сабе ўсё сам, а вось набывала рэчы Надзея. Проста прыходзіла ў нейкі дзень з новымі сарочкамі, нагавіцамі, бялізнай — і Алесь не спрачаўся. У яе быў добры густ, яна ўмела выбраць гарнітур, сарочку, гальштук.

— Ага, бачу я тую дабрату.

Надзея ўставіла бляху з бульбай і кускамі курыцы ў духоўку, павярнулася да Алеся.

— Гэта і ёсць справа? — нагадаў Алесь.

— І тое таксама, — кіўнула Надзея. — У адпачынак хачу, нармальны, з'ездзіць. І табе варта. Годзе ўжо тут сядзець, на рыбу і там набегаешся. Машыну табе мяняць трэба, штомесяца рамантуеш, грошай ідзе колькі.

— О, дык ты прынесла мне нешта зарабіць? — усміхнуўся Алесь. — Ці, можа, ты надумала рыхтаваць абітурыентаў у матэматыцы для паступлення?

— Сам ведаеш, колькі рэпетытарства можа даць з маім да яго стаўленнем, — адмахнулася Надзея. — Слухай... ты жаніцца не збіраешся, я тут у цябе двойчы на тыдзень бываю. У цябе тры пакоі...

— Дагаворвай, чаго замаўчала, — заўсміхаўся Алесь. — Разам жыць, а тваю двухпакаёўку здаваць?

— А маю здаваць, — пацвердзіла Надзея. — Амаль цэнтр, можна больш за 200 у. а. у месяц браць. У меншы пакой зачыню сваё дабро, большы здаём.

— Добры варыянт... А колькі мне з цябе за пакой браць?

— Не болей, чым я з цябе буду браць як хатняя работніца. Гарантую полудні... раз на два дні, вячэры — больш-менш рэгулярна. Памыю, адпрасую.

— Ага, а на кафедры зірнуць на табой адпрасаваную кашулю, умомант скажуць, што Лобач зноў нейкую прывёў.

— Хай кажуць, абы не ведалі праўды, каб не звінаваціць у інцэсце.

— Даведаюцца... Здаецца, што ў горадзе людзей шмат і можна нешта схаваць, — усміхнуўся Лобач нейкім сваім думкам. — Калі збіраешся?

— Ды хоць заўтра, — адказала Надзея. — А чаго адкладаць?

— Добра... Тады, пакуль тут будзе курыца гатавацца, хадзем, глянем: што выкінуць, што паставіць табе...

— Хадзем...

Наступныя два дні Надзея цалкам прысвяціла свайму пераезду да брата. Увечары трэцяга дня яны разам сядзелі на кухні, пілі гарбату — было нешта сумна абаім.

— Як некалі... Помніш, колькі мы тут з табой вячэралі разам? І як мама гатавала, — выказаў уголас свае думкі Алесь.

— Помню... Да бацькі калі паедзем?

— На выходныя...

Па смерці маці іх бацька, былы журналіст, раптам, за лічаныя дні, зблажэў: ледзь хадзіў па кватэры, кратаў рукой рэчы — і так цэлы дзень. Глядзець было невыносна. Потым злёг. Пасля бальніцы — інсульт. Надзея карміла яго з лыжачкі, даглядала, умомант адшукаўшы ў сваёй душы здольнасць адрынуць роднае і прыдбаць прафесійнае сястрынскае. Праз месяц бацька падняўся, але тое, якім ён падняўся, было страшным для дачкі і сына — бацька не пазнаваў іх, не пазнаваў сябе. Яны пакідалі яго ўдома, не ведаючы, што іх будзе чакаць па вяртанні. Аднаго разу Алесь прыспеў бацьку з нажом у руках — той разадраў на дробныя шматкі ўсю бялізну на сваім ложку, здзіравіў матрац... Потым здарыўся прыступ агрэсіі, і грузная фельчарка з сумнымі вачыма закурыла ў іх на кухні і прапанавала, як старым знаёмым, блізкім: “Не дагледзіце вы за бацькам. Ды... бацька ён вам чыста фізічна. Пакуль ёсць мажлівасць, афармляйце куды трэба”.