Выбрать главу

Надзея адмовілася наадрэз. Аформіла дапамогу, сама навучылася калоць упырскі, магла пры нагодзе і прыціснуць ужо слабое цела старога, прывязаць рукі, калі ў час не заўважала і не паспявала ўпырскам патушыць пачатак бацькавага агрэсіўнага стану. Па вечарох з бацькам заставаўся Алесь, а Надзея бегла да сваіх вучаніц — яна знайшла падпрацоўку рэпетытарствам. І так цэлыя месяцы, невыносна доўгія, цяжкія, прапахлыя лекамі, бруднай бялізнай, тугой і маўчаннем. У тыя дні ў кватэры больш гаварыў тэлевізар — бацька іншым разам надоўга сціхаў перад каляровым экранам, мог гадзінамі глядзець і слухаць.

У Алеся тады быў апошні курс. І рыхтык пачвара нейкая пасялілася ў бацьку: як толькі ён бачыў Алеся, пачынаў крычаць, нешта невыразнае, бясконцае. Надзея здалася, і праз паўтары месяцы бацьку завезлі ў дыспансер.

Колькі гадоў мінула, а бацька жыве. Ён не пазнае нікога, не ведае нічога з мінулага, і, можа, якраз страчаная памяць дала моцы састарэламу целу. Доктар дыспансера сказаў катэгарычна: памяць у такіх выпадках практычна не вяртаецца. Але раз на месяц Алесь і Надзея ехалі да бацькі: ссохлы стары заставаўся ім родным, і жыло ў дзецях спадзяванне, што за якую гадзіну да смерці бацька ўспомніць...

2

Аўтобус быў хоць і новы, але трэсла ў ім адчувальна — надта ж мулкія былі сядзенні. Праўда, гэта зусім не раздражняла Уладзіміра — той настрой, з якім ён вярнуўся на прыпынак ад Уладзі, запоўніў яго спрэс цёплай хваляй упэўненасці: усё будзе добра. І ўжо цяпер пачало рабіцца добра: Уладзімір адчуў, што ён асабіста некаму патрэбны, і не проста некаму, а паважнаму і сталаму чалавеку, Уладзю.

І хоць Уладзімір не разумеў дарэшты, што, як і чаму, ён і не хацеў разумець. Было важна ўсведамляць, засяроджвацца на думцы: ён патрэбен.

Там, каля каменя, калі Уладзя сказаў, што ён даўно чакае яго, Уладзімір для сябе пастанавіў: нічога не пытаць, няхай ідзе як ідзе, рана ці позна ён знойдзе ўсе адказы на ўсе пытанні. Абавязкова знойдзе. А ў той момант ён проста стаміўся шукаць.

І таму без ніякіх пытанняў пайшоў за маўклівым Уладзем у ягоную Карчаваху, вёску з дзесяці двароў, дзе хаты прыціскаліся да зямлі, абкружаныя магутнымі ліпамі і бярозамі. Уладзімір здзівіўся: у іхнай вёсцы ля хат мала хто садзіў такія дрэвы — больш яблыні, грушы. А што карысці з тых ліп ці бяроз? Соку — лес блізка, а ліпавага цвету нарваць дык і адной досыць...

Уладзяў дом выглядаў яшчэ моцным, надворак быў дагледжаны: трава пакошаная, нідзе нічога не вісіць, не боўтаецца. Пасярод двара — вялізная куча парэзаных дроў, побач калодка і сякера ў ёй. А пашчапаных не відаць, затое пры сцяне хлява, што стаяў супраць хаты, пашчапаныя дровы былі акуратна паскладваныя. “Шчапае і складае адразу. Парадак любіць...”

Уладзя вынес папіць — вялікі пластыкавы кубак бярозавіку, што брадзіў недзе ў яго каморы — халоднага, з вострым пахам хлеба.

Але сядаць не запрасіў, наадварот, кінуў: “Пачакай” і пайшоў. Прынёс тры нерассечаныя палены. Паставіў адно.

— Сядай так, асцярожна. Глыні і ўспамінай.

Уладзімір сеў. Адпіў глыток. Успомніў акно і страшны твар у ім. Успомніў ката. Малюнак Хрыста ў чырвона-чорным шуме. Ірыну, яе цела...

І раптам рвануўся з палена, не паспеў зрабіць і кроку ўбок, як яго званітавала.

— Нічога, нічога, — супакоіў яго Ўладзя. — Пі далей, успамінай... Сюды во сядай, — і прыставіў да Уладзіміра другое палена.

Уладзімір аддыхаўся, прысеў. Паленца было тонкім, сукаватым, сядзець было нязручна. Глынуў. Успомнілася раптам, як піў каву ў кавярні, зноў, хоць і не хацеў, а ўспомнілася Ірына, іх ноч, усплыў у памяці той момант, калі ён замест яе твару пабачыў страшэнную маску. Замёр, чакаючы прыступу ванітаў, але нічога не было.

— Успамінай, усё ўспамінай, ад самага пачатку, — ціха падказаў Уладзя.

Універсітэт... лекцыі... выкладнік з яго настойлівым упіканнем: “Навошта ты паступаў?” Першая сустрэча летам з гаспадыняй дома. Іх гутарка на кухні, як Уладзімір доўга расказваў пра сябе і свае планы застацца ў горадзе, знайсці працу. Дамова аб рэгістрацыі. Рэгістрацыя...

Уладзіміра зноў да болю ў жываце скруціў спазм, яго званітавала чарговы раз, а Уладзя трымаў у руках трэцяе палена. Уладзімір разумеў, што трэба рабіць — сеў і стаў успамінаць далей, а нічога болей і не ўзгадвалася, не ішло ў галаву, адно той найстрашнейшы момант ягонага адчування “Папаўся!”, вочы рэгістратаркі, як дзве чорныя глыбокія дзіркі на твары...