Выбрать главу

Уладзіміра ванітавала так, што, здавалася, сам страўнік выварочваўся вонкі.

— Пі! Яшчэ пі! — загадваў Уладзя, але калі Уладзімір рабіў глыток, усё вырывалася выбуховай патокай вон.

— Пі! Яшчэ пі, хлопец! — чуў Уладзімір голас старога і глытаў, глытаў рэзкі бярозавік, хоць розум штосілы супраціўляўся, бо Уладзіміраў страўнік рэагаваў на бярозавік балючым, аж да пацямнення ў вачох спазмам.

Ён не памятаў, колькі ён выпіў, колькі зрабіў глыткоў — упаў у знямозе ў траву, ледзь не ў свае ваніты.

Уладзя дапамог яму сесці на лаўку пры хаце, даў у рукі невялікі кубак з нечым халодным, халаднейшым за бярозавік.

— Пі, гэта вада простая, не бойся...

Потым Уладзімір сёк тыя тры палены, на якіх сядзеў — так сказаў Уладзя.

І толькі потым Уладзімір змог зняць запэцканую саколку, памыцца. Спаласнуў і саколку.

— Тут во павесь, яна праз гадзіну сухой будзе, — суцешыў яго Ўладзя. — Пашлі, дам табе чаго паесці.

У доме было два пакоі, як у большасці вясковых дамоў: пярэдні, які быў прахадным, і другі, вялікі. На покуце вялікага пакоя — абразы. Уладзімір яшчэ ад парога заўважыў у малюнку ручніка ўзор свастыкі і не мог утрымацца, каб не запытаць:

— А можна паглядзець на ручнікі?

Уладзя моўчкі кіўнуў.

Ручнікі былі старыя, гэта было знаць па шараватым ільняным палатне і па вышыўцы, нескладанай, простай, якая месцамі абтрапалася. Тры колеры: шэры, чорны і чырвоны. Цэнтральны малюнак тканы. Фігуры свастык розныя.

— Што цікавага пабачыў? — падышоў Уладзя.

— Ды вось... Гляджу: свастыкі ў розныя бакі закручаныя промнямі. А вось, вышытая — знак Грамавіцы, так? А гэта — Сварога.

— Чаму так? — хмыкнуў Уладзя.

— Ды я бачыў, там... карацей, складзеная цэлая бібліятэка, дзе свастыка ў залежнасці ад таго, у коле яна ці з нейкімі завіткамі, абазначае таго ці іншага бога. Толькі не разумею, чаму тут у адзін бок прамяні закручаныя, а тут — у другі. Няправільна...

— Няправільна, кажаш? Сварога? Эх, хлопча, тое ж баба ткала, разумееш? Ёй адно каб харашэй зрабіць, каб не так, як у іншых, каб на яе работу дзівіліся. Што ж за майстрыхі будуць, калі ў кожнай той самы ўзор будзе? А кола, ці свастыка, як ты кажаш, коціцца яно — вось што галоўнае. Куды промні баба закруціла — туды і коціцца.

— Дык... А Грамавіца як жа? Я вось... такую бачыў, там напісана было, што яе знак...

— Хадзем есці... Каб усе ручнікі сабраць, што некалі бабы ткалі, дык усіх тваіх сварогаў з грамавіцамі будзе замала. Глупства ўсё. Бабы некалі прыдумлялі, ткалі, а вы цяпер, як дзеці малыя, загадкі тут шукаеце.

Калі пад'елі халоднай смажанай рачной рыбы з хлебам, Уладзімір спытаў:

— Што мне далей рабіць?

— Жыць. Асцерагацца. Да мяне за колькі дзён прыедзеш, сам адчуеш. Яшчэ двойчы трэба... Глядзі пільна. Пра мяне не кажы нікому, не трэба. Ты іх ужо чуеш, а яны цябе чуюць даўно і куды лепей.

— Хто — яны? Чаму мяне? Як я чую?

— Потым сам усё даведаешся. Нельга пакуль што нічога табе тлумачыць. Галоўнае ведай: ёсць цемра і ёсць святло. Цемра і ўнутры цябе ёсць. Выпусціць цемру вонкі нескладана, толькі дазволь. А святло каб упусціць — душу адкрыць трэба...

Уладзімір гатовы быў у тыя гадзіны паверыць ува ўсё, што б яму ні казалі. Бо яму стала спакойна. Утульна так на надворку ў старога, які стаў раптам блізкім.

— А калі я раней прыеду, тут жа блізка, ды дровы вам пашчапаю? І я не спытаў — колькі з мяне?

— От дровы пашчапаеш, і будзе разлік, — усміхнуўся ў белыя вусы Уладзя. — Прыязджай, адно каб не пазней...

Уладзімір яшчэ раз азірнуўся на ручнік, успомніў пра выкладніка і папрасіў:

— А можна мне мабільнікам сфатаграфаваць узор на ручніку? Там... ва ўніверсітэце адзін выкладнік ёсць... Ён... шануе дужа ўсё такое, збірае, цікавіцца. Навуковец ён.

— Ну, калі навукоўцу, дык сфатаграфуй...

Да таго часу, калі мусіў ісці аўтобус з аграгарадка, Уладзімір шчапаў дровы. Сухія хваёвыя палены, сукаватыя, няроўныя, шчапаць было няпроста. Але работа падабалася. Некалі яны з братам вось так працавалі, навыперадкі. А рэзаць не любілі. Шчапаць заўсёды цікава: адзін раз стукнуў — і маеш вынік працы. А пілаваць... Шморгаеш-шморгаеш тую пілу, рука аж заные, а лясіна ніяк не канчаецца, а іх вунь колькі ляжыць, як падумаеш — страшна робіцца. Іншая рэч шчапаць: лясь — і гатова.

Адыходзіў ад Карчавахі, ішоў уздоўж нечага жытнёвага лапіка, заўважыў валошкі і не ўтрымаўся, хутка падбег, сарваў колькі штук. Пакуль дайшоў да Чортавага каменя ў ляску, скруціў некалькімі сцяблінкамі іншыя, каб выйшла прыгожа. Сапраўдны букецік. Ішоў, усміхаўся сваім думкам. Паклаў кветкі на камень побач з тымі, што ўжо прывялі.