— Да пабачэння, камянюка! — сказаў вясёла ўголас і пайшоў лёгка, бестурботна.
За спінай хаваўся барвовы дыск сонца, апошняе яго святло наперадзе ад Уладзіміра лягло мяккім чырвоным ззяннем на знаёмую постаць, і прыемна адгукнулася нешта ўсярэдзіне: глядзі, зноў сустрэліся!
— Нешта мы не дамовіліся ніяк: я да вас — вы ад мяне, я за вамі — вы дадому, — няўклюдна паспрабаваў пажартаваць Уладзімір, прыпыніўся, спадзеючыся, што і жанчына спыніцца. Яна і праўда стала, з дакорам схіліла галаву і строга загаварыла:
— А вось хлусіць незнаёмым — непрыгожа. Ішоў не да мяне і цяпер не па мяне. Але яшчэ сустрэнемся, — адразу ўсміхнулася і хутка абагнула Уладзіміра, пайшла.
Уладзімір стаяў, разгубленая ўсмешка блукала па ягоным твары, ён дакараў сябе за сваю штучную спробу пажартаваць. А як яшчэ было з ёй загаварыць, з гэтай недзе некалі дакладна сустраканай жанчынай, якая — ну, чуе ён — родная яму нечым. Як сястра...
Стаяў, глядзеў ёй услед, спадзяваўся — азірнецца. Не азіралася, прайшла і забылася, што нехта ёй трапіўся.
Уладзімір закурыў, павярнуўся ісці, як нечакана быццам што ў спіну таўханула. Ён крутануўся — яна стаяла далёка наперадзе, глядзела на яго. Потым падняла руку і развітальна памахала. Здалося, што і ўсміхнулася.
Уладзімір разгубіўся на нейкі момант, лыпнуў вачыма, а калі паспешліва ўскінуў сваю руку ў адказ — яна павярнулася. І так хацелася крыкнуць ёй услед: “Ганна!”, але стрымаў сябе: не трэба. Не трэба крычаць і бегчы за ёй — гэта будзе не па-сапраўднаму, не ад сэрца. А ад сэрца — вось, цеплыня без слоў, жаданне ісці далей — каб ехаць у горад, дзе, ён быў пэўны, будзе ўсё добра, дзе яго чакае цікавая работа над тэкстам, якая сёння абавязкова пойдзе, дзе кава пры стале і сподачак за попельніцу.
А калі прыйдзе той шэры кот... Уладзімір налье яму малака. Малако ён набудзе. Возьме ў гаспадыні яшчэ адзін сподачак, стары які-кольвек, і будзе каціная талерка.
Калі Уладзімір збочыў за рог і пабачыў свой ганак, шэры кот сядзеў ля дзвярэй веранды. Ён павольна павярнуў галаву да Уладзіміра і бязгучна мяўкнуў.
— Я табе малака прынёс, Шэры! — гучна сказаў Уладзімір.
Кот ступіў убок і стаў чакаць, больш не рухаючыся з месца. Да малака ён падышоў потым, нібы толькі дзеля таго, каб не крыўдзіць Уладзіміра: няспешна, паважна.
Уладзімір прыгатаваў каву, прынёс прынтар і ноўтбук, памыў сподачак пад попельніцу. Піў, курыў і паглядаў у акно, з якога выцягнуты прастакутнік святла падаў на ганак веранды — там шэры кот скруціўся ля самых дзвярэй у колца. Быццам спаў, але калі Уладзімір лёгка пастукаў у шыбіну, у шэрага клубка імгненна з’явілася галава, бліснула сваімі жоўтымі вачыма.
Уладзімір раздрукаваў здымак ручнікоў з Уладзявай хаты — пакажа заўтра выкладніку, раптам яму будзе цікава?
Потым запусціў праграму, скапіяваў і ўставіў тэкст, націснуў “выканаць”. Калі на старонцы замест тэксту з’явіліся кароткія радкі — мноства кароткіх радкоў, асаблівых эмоцыяў у Уладзіміра не было: ён проста быў стоадсоткава пэўны, што так і мусіць быць, не магло быць іначай, бо слова ад самога пачатку свету галоўнае для чалавека. Бо слова стварыла яго. Калі чалавек стаў карыстацца мовай — тады ён стаў чалавекам.
Уладзімір чытаў, адчуваючы асаблівы рытм, добра ўлоўную музычнасць старой замовы:
Не я ўгаворваю Маці наша ўгаворвае
Усе святыя памочнікі ўгаворваюць
Як мерцвяку з зямлі не ўстаць
Так злому духу сатане-д'яблу не бываць
Не я ўгаворваю Маці наша ўгаворвае
Чорным макам-самасеем абсявае
Свячой асвячае
На чатыры бакі ўрага не дапускае
Маці наша і памочнікі
Я вас упрашаю
Сагнаць з чорнарабай каровы
Усякую няверную сілу
Ад дуру-блуду
Як маку не падабраць,
Так злому духу сатане-д'яблу не бываць
Жалезным тынам загараджу
Чугуннай накрыўкай закрыю
Жалезным гваздом заб'ю
Карову макам абсыплю
Як гэтага маку не падабраць
Так у мае кароўкі малака не адабраць
Ні ведзьмакам ні ведзьмам ні злым людзям...
3
Ад ранку настрою не было, нешта казытала, вярэдзіла. Лобач разумеў: гэта звязана з сястрой. Не, не прапанова жыць разам і зарабіць колькі грошай, здаючы кватэру, і перспектыва парушыць сваю самоту была прычынай. Надзея і так заязджала штотыдня. Дый што яму тая самота? Надзея не перашкодзіць працаваць, а болей... А на большае яму ягоная кватэра пакуль што і не трэба. Пасля Антаніны ні адна з жанчын, апрача сястры, не пераступала парога ягонай кватэры, хоць, зразумела, Лобач святым не заставаўся: меўся на ягоным рахунку і кароткі курортны раман, былі і так сустрэчы... без наступстваў і абавязкаў для абоіх.