— Хто цябе зацугляў? — спытала Алена, вачыма паказала Уладзіміру на грудзі, і ён, перавёўшы свае вочы за яе позіркам, зразумеў, што цеплыня ідзе якраз ад дзіўнай кветкі ў яго на грудзях.
— Сам зацугляўся, — памарудзіўшы, адказаў Уладзімір, дакрануўся да кветкі і ўпэўніўся, што яна сапраўды цёплая, бадай што гарачая. З чаго яна так угрэлася? Дзіўна... — Гэта маё... — дадаў ён, — ну, накшталт спадчыны. Знайшлося.
— Во як... Табе памагчы што? — перавяла размову на іншае Алена.
— Не трэба... Ты ідзі, — мякка папрасіў Уладзімір. — Я прыеду... Але пазаўтра паеду... Мне на сесію. І адпачынак у мяне. Грошы ёсць... Я вось на моры ніколі не быў... Не ведаю. Не ведаю пакуль што, — адставіў слоік з бульбай убок, крануў рукой кветку на грудзях, глядзеў на яе, толькі каб не сустракацца з Аленінымі вачыма.
— Дык і добра, з'ездзі на мора, — сказала, як супакойвала малое капрызлівае дзіця, Алена, і твар яе, шыракаваты, скуласты, з загарэлым і таму на выгляд велікаватым носам, быў цяпер такі, усё адно як яна і папраўдзе схілялася над калыскай з дзіцём. Потым усё схавала хмарка злой наважлівасці: — Толькі ведаеш... Ты дзеля шкадавання да мяне не прыходзь. Хочацца табе са мной — дзверы адчыню. А шкадаваць мяне не трэба, — скончыла Алена цвёрда.
— Нічога я не шкадую, — буркнуў Уладзімір. — Што ты ад мяне хочаш? Каб я сказаў табе, што добра мне з табой?
— Што ты ў зямлю гаворыш? — упікнула Алена. — Хачу... хачу каб ты паводле свайго хацення рабіў...
— Ды не ведаю, не ведаю я, што я хачу, разумееш? — нечакана для сябе самога раптам вырваліся ў Уладзіміра словы, і ён спужаўся свайго незапланаванага прызнання, са страхам зірнуў на Алену — навошта ёй такое ведаць? Зразумее яна?
Алена маўчала, сарвала і пакусвала травінку.
— Слухай, я тыя палянякі пазношу да калодкі... А ты парэжаш пакуль што. Хутчэй пашчапаеш... — прапанавала, адвёўшы вочы.
— Добра, — устаў з травы Уладзімір. — Можа, застанецца назаўтра толькі прыбраць збольшага...
Працавалі яны да цёмнага, і праўда, зрабілі шмат. Ужо ўначы ў лазенцы мыліся разам — каб хутчэй.
За дзень Уладзімір сеў на рэйсавы аўтобус — да райцэнтра, каб адтуль ехаць далей. Ён ніяк не чакаў, што будзе пакідаць Аленін дом і яе саму не са шкадаваннем, не з болем, не з надзеяй, а з палёгкай. Яму было прыкра за сябе, ён хацеў думаць пра Алену з удзячнасцю і жалем, але нічога не выходзіла — сапраўды было ўсцешна, лёгка на душы менавіта вось у гэтым бляшаным нутры аўтобуса, які вёз яго ўпрочкі. Калі аўтобус загдзеў, зрушыўся, успыхнула яшчэ адно пачуццё — сораму. Быццам Уладзімір украў нешта, важкае, каштоўнае ўкраў — у яе, Алены. І яна бачыла, яна ведае, што ён — злодзей.
Аўтобус развярнуўся ў цэнтры сядзібы, дзе мясціліся клуб, магазіны і кавярня, прыпыніўся, каб забраць тут пасажыраў, якія сабраліся пад навесам новага прыпынку. Уладзімір не хацеў паварочваць галавы ўправа — ён баяўся праз шыбу акна пабачыць Алену, якая, вядома ж, у кавярні, і магла выйсці, можа, каб махнуць яму рукой на развітанне.
І не ўтрымаўся — зірнуў.
Алена, апранутая ў доўгі, вельмі доўгі, блакітны халат, мыла звонку вялікае акно кавярні. Дакладней, мыла раней, а цяпер стаяла на шырокім уступе, упіраючыся адной рукой у сцяну каля праёму, трымаючы ў другой белую анучу. Ануча выслізнула з рукі, ўпала на зямлю. Высакавата... Жанчыне трэба было скочыць долу. Яна ўперлася другой рукой у супраціўны бок акна і застыла на імгненне.
Уладзіміра працяла нечаканая выява. Алена з раскінутымі рукамі ў доўгім блакітным халаце вымалёўвалася на цёмным праёме акна. Рама за яе спінай выгладала крыжом, і яна стаяла укрыжаваная...
2
“Папаўся!” Гарачая хваля ўдэрыла ў твар, імгненна напаўняючы сабой усё цела аж да канчукоў пальцаў, і яны ўмомант узмакрэлі ад поту, вокладка пашпарта ледзь не выпала з рук. Уладзімір Жабрун асцярожна паклаў пашпарт і запоўнены квіток каля акенца, стрымана выдыхнуў. Павольна павярнуўся, разгледзеўся.
Звычайны пакой пашпартнага стала, цёмна-блакітныя сцены ў плакатах і стэндах. Ля суседняга акна стаіць жанчына, спінай, то не відаць, колькі ёй гадоў, толькі шлейкі станіка пад цеснай кофтай упіваюцца ў тоўстыя бакі. А нагавіцы тонкія і вузкія і шчыльна сядзяць на такім самым тоўстым азадку — сёння падобныя носяць ад падлетка да пенсіянера. Дзве кабеты за акенцамі, адна яшчэ маладая — ля той жанчыны.
Насупраць Уладзіміра за акенцам жанчына гадоў сарака, хударлявая, з кароткай, нават вельмі кароткай, стрыжкай, нервовым тварам, хвіліну таму ўзняла вочы на яго і сказала: