Выбрать главу

І не праз бацьку. Утоены боль быў заўсёдны, да яго прызвычаіліся і ён, Алесь, і Надзея. Калі бацьку забралі, Алесь думаў, што сястра заплача, але і гэтым разам яе твар заставаўся сухім, вочы — безуважнымі. Алесь разумеў: Надзея прымае бяду аднойчы, прымае напоўніцу і потым моўчкі жыве з бядой, як людзі жывуць з тонкімі, гукапранікальнымі сценамі кватэр ці з ранішняй таўханінай у метро. Яго толькі палохала, што Надзея не плача — гэтулькі ўсяго ператрывала, а не заплакала ніколі...

Тут іншае: Надзея адзін на адзін не шкадавала свайго брата, хоць пры людзях, знаёмых ці незнаёмых, яна не дазваляла сабе ўпікаць Алеся, цвяліць ягонае самалюбства. І катэгарычна бараніла ад іншых. А вось у вочы... У вочы наадварот магла назваць баязліўцам. Зусім нездарма яна загаварыла пра камяні — ведала, што яны цікавяць Алеся, некалі ён свой адпачынак прысвяціў менавіта камяням: аб'ездзіў найвядомейшыя, фатаграфаваў, складаў сваю картатэку... Надзея не прапусціць выпадку ўпікнуць Алеся ў ягоным маўчанні. Але ж ён — не публіцыст, чаму яна не хоча разумець? Ён — навуковец, што вымагае яго трымацца наўзбоч ад палітычных перыпетый.

І ўсё ж было прыкра.

У другой палове дня Лобача паклікалі, з глыбіні пакоя ён пабачыў у дзвярах кафедры Уладзіміра Жабруна, што прыемна казытнула: сапраўды, па-добраму цвердалобы трапіўся малады чалавек. Мабыць, нешта зрабіў сваім асаблівым, ім вынайдзеным спосабам — бач, які заспакоены і ўпэўнены твар...

Лобач адшукаў непадалёк пустую аўдыторыю, прапанаваў сесці.

— Ну, ёсць што расказаць? — бадзёра запрасіў Жабруна да размовы.

Уладзімір дастаў з торбы файлы з лістамі раздруковак, стаў раскладаць на стале.

— Выбачайце... тут у мяне ўсяго гэтулькі...

— Дык добра, — супакоіў яго Лобач. — У нас ёсць каля гадзіны часу. Досыць нам?

— Досыць, я хутка, — заспяшаўся Уладзімір, адчуваючы ніякаватасць — вось, на яго марнуюць час.

— Не спяшайцеся, — папярэдзіў Лобач. — Пра ўсё падрабязна, калі ў вас выйшла нешта незвычайнае і такое, чаго не было раней.

— Такога, думаю, не было, — усміхнуўся Уладзімір. — Тэкст апрацаваны... Праўда, учора я паспеў толькі трохі, усяго тры тэксты, але, галоўнае, на радкі тэкст разбіты, і як па-дзеля мяне, дык усё слушна выйшла. Далей нескладана.

— На якія радкі? — здзівіўся Лобач.

— Вось, — Уладзімір падпаў яму раздрукаваны тэкст некалькіх замоў. — Прыгожа выйшла, праўда?

— Прыгожа, праўда, — Лобач разглядаў тэкст, вочы пабеглі па радкох.

Ён не мог не прызнаць адчування рытму. І значыцца, у студэнта сапраўды выйшла. Што ж, цікава, якім спосабам ён так зрабіў...

— Дарэчы, хараство — галоўная, бадай што, прыкмета сапраўднасці, моцы. Ведаеце? — спытаў Лобач, пабачыў сцявярджальны Уладзіміраў кіў у адказ, падахвоціў: — Ну, тады расказвайце, як у вас выйшла?

— Праграма зрабіла, — сціпла адказаў Уладзімір.

— Праграма? Цікава... і паводле якога алгарытму?

— Тут доўга казаць трэба...

— Кажыце, кажыце. Я ж сказаў: час у нас ёсць.

— Добра... Адно... Ну, не крыўдуйце, калі скажу якое глупства надта пераканаўчым тонам.

— Галоўнае — мець што сказаць. Кажыце, я паспрачаюся, — усміхнуўся Лобач. Яму і праўда было вельмі цікава: што за алгарытм і як ён працуе.

— Тут фізіка простая: галосны гук мае частату, — пачаў Уладзімір, і адразу ж ягоны голас набыў упэўненасць, ён быццам скінуў з сябе вясковую фуфайку, якая не давала яму трымацца годна сам-насам з гарадскім адукаваным чалавекам, а цяпер во сядзіць у лёгкім, цалкам сучасным адзенні, і пачуваецца годна. — Частата мае свае фізічныя паказнікі і ступені ўздзеяння. Значыцца, чым болей гукаў галосных — тым энергетычнейшая мова, кажучы сённяшнімі тэрмінамі.

— Стоп! — перапыніў Лобач. — Калянавуковыя спекуляцыі, ніякіх сапраўдных работ нідзе не чытаў. Сёння з гэтак званай “энергетыкай” носяцца розныя групоўкі кшталту “славянскага адзінства”, кожны цягне моўную коўдру на сябе. Я згодны з тым, што мова — код, ключ да ўсведамлення існасці і навакольнага свету, але лепей без “энергетык”.

— Мне здалося, што... — засмуціўся на хвіліну Уладзімір, зноў пачаў тлумачыць, спачатку павольна, потым з запалам: — Я падумаў, што замова ўплывае на чалавека таму, што там гукі падабраныя ў пэўным парадку. Як вершы. Вершы таксама ж маюць уплыў на чалавека: адны большы, іншыя — ніякага. Ну, і спраўдзіў.