Выбрать главу

— Як? Што спраўдзілі? — шчыра зацікавіўся Лобач.

— Вершы спраўдзіў. Я пабудаваў графікі... Кожны радок — гэта нейкая крывая, дзе пікі — значэнне частаты гукаў. Ну, вось і выйшла: у сапраўднага верша пікі аднаго радка складаюцца з пікамі другога, трэцяга, чацвертага, выходзіць прыгожая такая карціна. Кожны радок — частотная паслядоўнасць. Вось...

Уладзімір разгарнуў перад Лобачам раздрукава-ныя графікі.

— Цікава... раней гармонію правяралі алгебрай, а вы надумалі тое самае зрабіць фізікай... Цудоўна выйшла. — Лобач паглядзеў адзін ліст, другі... — А пра камсамольца чаму такі графік непрыгожы? Не спрацавала сістэма?

— Дык яшчэ як спрацавала, я сам не чакаў! — загарэўся Уладзімір. — Наўмысна ўзяў гэты верш, бо ён... несапраўдны, не паэзія, на заказ напісана. Вось і графік тое сцвярджае. А потым адшукаў замову, сам разбіў яе на радкі — глядзіце, які графік выйшаў — суцэльнае хараство.

— Згодзен, хораша. Значыць, — Лобач пільней зірнуў на Уладзіміра: — Вы вынайшлі спосаб вышукваць графаманаў! — і ўсміхнуўся.

— Ат, тое мне не трэба, — пацепнуў плячыма Уладзімір. — Я папрасіў, мне зрабілі праграму. Алгарытм даследуе напісанае, шукае паслядоўнасці, вось, як на гэтым графіку, прыкладам, пакуль яны не супадуць. Супалі — першая паслядоўнасць занатоўваецца як радок, другая — другі радок, лічыцца далей. Работы праграме на хвіліну.

— Вельмі нечакана, — шчыра ўхваліў Лобач. — І якую выснову зробім, апрача атрыманага выніку?

— Тут — код, відавочна ж!

— Пры жаданні ў незразумелым можна такое знайсці! Лічбы — страшная штука. Саму Біблію ці не дзясяткі галоў раскладалі на ўсе мажлівыя спосабы. І знаходзілі! Нехта — лік Пі, нехта — падвойны інтэграл з формулай развязання квадратнага раўнання. А нехта і геном чалавека знайшоў... — стрымваючы свой скепсіс, заўважыў Лобач.

— Каб замовы былі такімі простымі... Калі б вершы былі такімі простымі — чаму ж тут прыгожы і роўны графік, а тут — пэцканіна ў канцы? — не здаваўся Уладзімір. — Калі не дадзена табе пісаць, хоць якія законы ведай, хоць праграму прыдумай, а паэзіі не будзе. І замовы не прыдумаеце.

— Нехта, можа, і прыдумае, — усміхнуўся Лобач. — Але, не будзем спрачацца — я мушу прызнаць, што якім бы нечаканым, неправераным, ненавуковым, нават авантурысцкім ні быў ваш падыход да развязання задання, вы яго з годнасцю выканалі. І нават болей: калі нехта раней бачыў у замовах сапраўдную народную паэзію і казаў пра тое асцярожна, то вы гэта давялі надзвычай пераканаўча незвычайным спосабам. Так, замовы найперш — паэзія... У мяне ў планах напісанне артыкула для навуковага часопіса на тэму замоў. Вы не будзеце супраць, калі я згадаю вашу работу, зразумела, з вашым імем? Цікавы факт...

— Не, вядома не супраць, — крыху засаромеўся Уладзімір.

— Вось і выдатна. вы зрабілі не маленькую працу. Зрабілі выдатна. Прызнаю і выказваю вам сваё захапленне, — Лобач працягнуў Уладзіміру руку.

Уладзімір разгубіўся, сумеўся нават, слізгануў сваёй рукой сабе па баку, падаў і адчуў шчыры моцны поціск.

— То я крыху пазней апрацую рэшту тэкстаў, парасстаўляю знакі прыпынку, памылкі ж, якія ёсць, не трэба выпраўляць? І прывязу потым.

— Так, не трэба выпраўляць, там аўтэнтычны тэкст... мяне, мажліва, не заўсёды тут заспееце, то вось вам мой мабільны, тэлефануйце, — Лобач дастаў і паклаў перад студэнтам сваю візітоўку.

— Яшчэ сказаць хацеў... Я тут... у справе адной быў, — заспяшаўся адразу Уладзімір. — У ведзьмака. Сапраўднага, не смейцеся. У яго вось такія ручнікі вісяць на абразох, — Уладзімір дастаў яшчэ адзін аркуш паперы з фотаздымкам ручніка і паклаў перад выкладнікам. — Я неяк знайшоў быў у сеціве адну табліцу, там свастыкі былі, па-рознаму намаляваныя. Ну, дзе хвасток які, дзе закручана... Дык там у табліцы паказана было, якая свастыка мела дачыненне да якога бога ці багіні. Кажу пра тое дзеду, а ён смяецца: кажа, то ж бабы ткалі, вышывалі, самыя выдумлялі.

— Разумны дзед, вельмі разумны... У сеціве сёння гэтулькі панапісвана... я казаў вам ужо, асцярожней трэба з “артыкуламі акадэмікаў”, — Лобач разглядаў здымак ручніка і не мог схаваць хвалявання. — Слухайце, вы зрабілі здымак унікальнага ручніка!

— Чым ён унікальны? — стрымана ўсцешыўся Уладзімір — яму было прыемна, што не памыліўся з ручніком, ён па-сапраўднаму зацікавіў выкладніка.

— Па-першае, адзінкі ручнікоў засталіся з сонцаваротам. А галоўнае, шэраг вышытых чорных узораў. У мяне ёсць толькі адзін здымак падобнага ручніка, на жаль, самога ручніка не захавалі — згарэў школьны музей у час пажару... У вышытым узоры няма сістэмы, амаль усе вышываныя разеткі розныя. І вельмі розняцца ад агульнага тону ручніка. Так, дзе вы ручнік знайшлі? Мне абавязкова трэба туды патрапіць і калі ўдасца, дык выкупіць яго. Яму сёння цаны няма. Дык дзе ваш вядзьмак жыве? — Лобач запытальна ўскінуў вочы на Уладзіміра.