Выбрать главу

— Ды... Не магу я сказаць, — са шчырым сумам прызнаўся Уладзімір. — Мне, праўда, дужа блага было, спаць не мог, рознае мроілася. Думаў, звар’яцею. Бабуля... не здолела мяне вылечыць, сказала да яго ехаць, сказала куды. Але ён загадаў мне потым, каб я нікому пра яго не казаў. Ні дзе жыве, ні імя... выбачайце... Ды я паеду да яго, то запытаю наконт ручніка, а калі што, дык сфатаграфую якасна... каб усё было відаць.

Лобач з лёгкім здзіўленнем глядзеў на Уладзіміра, быццам вагаўся: верыць студэнтавым словам ці не?

— Эх, шкада, — з жалем заўважыў ён. — Здымак адно, ручнікі — яны як жывыя, у іх душа працаўніцы ўкладалася, кожны сваю мелодыю мае. Патрымаць бы яго ў руках... Паспрабуйце дамовіцца наконт продажу. Вядзьмак ён ці не, але тутэйшыя ведзьмакі сала і мяса дакладна елі, грошай не цураліся. І запытайце дазволу да яго прыехаць, калі не згодзіцца прадаць. Добра?

— Добра, — паабяцаў Уладзімір.

— І, прашу прабачэння, вашы ланцужок і кветка пакуль што ў мяне, я паказаў фотаздымак калегу свайму, ён з іншага горада, надта ж прасіў, каб самому ў руках патрымаць. Вучоныя ж як дзеці, — з лёгкай вінаватасцю ўсміхнуўся Лобач. — То нічога, калі яшчэ дні тры пабудзе ў мяне ваша кветка?

— Ды вядома, — паспяшаўся згадзіцца Ўладзімір. — Мне яна без патрэбы... — сказаў, і адчуў, што падмануў самога сябе: ён, здаецца, і не ўспамінаў пра кветку гэтымі днямі, але ж вось цяпер, у гэтую мінуту, адчуў сапраўдную тугу па ёй. Аднекуль з'явілася ўпэўненасць, што каб была з ім ягоная кветка, ён шмат непрыемнага змог бы ўнікнуць...

4

Уладзімір у адзін дзень развязаў бадай што ўсе справы ў універсітэце — у яго засталася адна пераздача — Лобачу. Але ў ёй Уладзімір быў упэўнены. Не так складана было вывучыць тое, што належала. Дый, шчыра кажучы, стаўленне яго да яшчэ колькі дзён таму непатрэбных ведаў змянілася. Уладзімір не тое, каб упэўніся ў іх патрэбнасці, а проста паверыў Лобачу, як давяраюць чалавеку, якога паважаюць, якога ўважаюць за свайго аднадумца.

У горадзе Уладзімір пачуваўся цяпер зусім няўтульна. Амаль подбегам ён мінаў тую кавярню, у якой сустрэўся з Ірынай. Ён мог бы праходзіць і іншым шляхам ад праспекта да свайго дома, але нейкая невядомая сіла цягнула яго менавіта гэтай вуліцай. Уладзімір разумеў: як ён баіцца сустрэцца з Ірынай, колькі жудасці выклікае ў яго адно думка пра яе, так ён і прагне яе пабачыць. Пабачыць хоць бы з-за спіны. Крадком пабачыць, так, каб яна не заўважыла, не адчула, яе твар. І ўпэўніцца, што тады, у тую ноч на яго найшло насланнё. Ён цяпер даволі спакойна ўспамінаў тыя вечар і ноч і са страхам думаў, як жа было самой Ірыне? Так усё ішло добра і спакойна, шчасліва, даверліва і цёпла — і раптам ён падскоквае нібы вар’ят, калоціцца, кляпае кнопкай тэлевізара, дрыжыць... Што яна падумала? Ну так, вар’ят...

Але жылі ў свядомасці, не згасалі, а ўтрымвалі ад жадання зайсці ў знаёмае месца, прысесці пры тым століку тыя хвіліны, калі ён захлынаўся ванітамі на Уладзявым надворку. Калі ўсяго толькі думка пра тую ноч выклікала балючыя спазмы ў жываце. Хто яна, Ірына? Калі яна чужая яму, ён бы запытаўся: за што і як? Чаму так адбываецца? Чаму пры сустрэчы з ёй з'явілася ў яго адчуванне, што ён пад нечым пільным вокам? Ён жа памятае: “Папаўся!” Пытанні, пытанні... Іх было так шмат тут, у горадзе, іх хацелася пазбыцца, пайсці і самастойна разабрацца. Да той самай цёткі ў пашпартным стале: чаму яна так на яго глядзела? Знайсці Ірыну, пацікаваць каля яе дома (ён жа ведае, дзе яна жыве!) і запытаць: што адбылося? Чаму яна раптам стала з ім страшыдлам? Чаму ён яе такой пабачыў? Але было страшна. Проста страшна, нібы ён збіраўся ісці ў невядомае балота адзін, без анічога ў руках.

Аднаго дня Уладзімір не ўтрымаўся, зайшоў у кавярню. Прысеў за “свой” столік. Калі падышла кельнерка, ён замёр у шчымлівым чаканні: раптам яна перадасць яму ліст? Але нічога не адбылося. Кельнерка не праявіла да Уладзіміра ні імгнення цікавасці больш, чым тое трэба было ёй для таго, каб прыняць заказ. Выпіўшы хутка каву, Уладзімір разлічыўся і выйшаў надзіва заспакоены. Цяпер ён быў пэўны, што калі б сустрэўся з Ірынай сам-насам, зусім не захваляваўся б. Але той кубачак кавы адначасна які паставіў і другую кропку ў ягоных жаданнях: болей яго не цягнула нешта вышукваць і патрабаваць адказаў.

Затое пацягнула ў вёску. Моцна, аж мроілася яму, як ён басанож ходзіць па надворку старога Уладзі.

І яшчэ двойчы запар прысніўся той Чортаў камень. Вялікі, цёплы, ён вырастаў з цемры, набліжаўся, рос, пакуль Уладзімір не пачынаў распазнаваць на камені постаць. Дзявочую ці жаночую. У тым самым паглыбленні, дзе Уладзімір заўважыў валошкі. У сне ямінка было ўжо вялікай і глыбокай. Як магіла, ляжала тая постаць. І Уладзімір разумеў, што яна — не жывая. Але было не страшна, адно так шкада, што сэрца сціскалася ад смутку.