Уладзімір надумаў ехаць да Уладзі — той жа казаў: як пачне што сніцца незразумелае, ці так рабіцца, дык трэба ехаць.
Ён ішоў знаёмай дарогай, потым сцежкай, і ўсё то выглядваў наперад, то азіраўся — яму так карцела зноў сустрэць на сцяжынцы Ганну. Не раздумваючы, павярнуў да каменя. Пабачыў крыху прывялы, але не сухі букецік рамонкаў. Усміхнуўся, рады, як вельмі добраму знаку: усё добра ў нас, мы чакаем цябе.
Папляскаў па камені, як жывога каня па шыі, міжволі павітаўся ў думках: “Здароў, камянюка! Бач, халера, яна да цябе штодня заходзіць, кветкі носіць. Ляжыш сабе, шчаслівы...”
Уладзя сустрэў яго на надворку, быццам Уладзімір во толькі выйшаў на гадзіну якую, у краму збегаў у аграгарадок. Яно і праўда — Уладзімір нёс за плячыма ёмкі пляцак, які яшчэ ў горадзе наладаваў хлебам, каўбасой рознай, мясам ды іншым, што звычайна сам спажываў. Ну, і ноўтбук свой. Парукаліся, як даўно знаёмыя.
— Заходзь, спачні, — адчыніў Уладзя дзверы ў сенцы. — Цяпер сама горача, а ў хаце халадок. Зараз кваску прынясу... Не, не бойся, я па табе бачу, пакуль што ўсё добра. Цябе без мяне ёсць чаму лячыць.
— Гэта як? — здзвівіўся Уладзімір. — Што мяне лечыць?
— А ты хіба не адчуваеш, дзе табе цёпла і зручна? Вунь, хоць да абразоў падыдзі...
Уладзімір паслухаўся, падышоў да покуці, дзе пад абразамі стаяў тэлевізар. Але не стаў глядзець на выяву нейкага святога, зноў разглядаў ручнікі.
— Можа, прадасце ручнік? — Уладзімір павярнуўся ад покуці да старога, які з прыхаванай усмешкай назіраў за ім. — У вас жа пенсія малая...
— А нашто мне грошы? — прымружыўся стары. — Мяне лес ды гарод кормяць...
— Каўбаса на хвоях не расце, — сур’ёзна адказаў Уладзімір, потым уздыхнуў, дадаў: — Дык, дазволіце майму выкладніку хоць прыехаць, патрымацца за ручнік? Просіць надта.
— Што за выкладнік у цябе такі, што хоча за ручнік патрымацца, як маладзён за цыцку?
— Ды... апантаны ён, праўда.
— І чым апантаны?
— Я не ведаю дакладна, але дзіўны, — Уладзімір шчыра пацепнуў плячыма. — Дакладна ведаю, што такіх мала засталося. Я вось першага сустрэў. Збірае ён усё... нашае.
— Нашто збірае? — нечакана пасур’ёзнеў стары Уладзя.
— Захаваць хоча... Каб ведалі: былі такія песні, казкі, паданні, легенды. Што во так жылі, так весяліліся, так святы спраўлялі. Мне вунь гаспадыня расказвала пра Купалле, там момант адзін незвычайны быў, дык ён так зарадаваўся!
— Захаваць, кажаш... Ну, няхай прыязджае, — нібыта прыняўшы важную пастанову, адказаў гаспадар.
Уладзімір адарваў вочы ад ручніка над абразом, дакрануўся да тэлевізара, укрытага накідкай.
— Цікава, у вас, ведзьмака — тэлевізар... Глядзіце калі?
— Жывы чалавек пра жывое думаць мусіць, пра жывых ведаць. Што праўда — хоць не глядзі. Страшны час стаў.
— Чым страшны? — пацікавіўся Уладзімір.
— Тым і страшны... Раней цемра блізка да ўлады стаяла, а цяпер — ва ўладзе варушыцца. Раней нішчылі тое, што на вачох было, а цяпер руйнуюць тое, што ў душах і сэрцах. Наступ ідзе...
— Не разумею, — разгубіўся Уладзімір. — Вы пра які такі наступ?
— Ты цяпер людзей ужо чуеш, табе дадзена... Праўда, чуць іх можаш тады, калі проста перад сабой пабачыш. А я, хлопец, іх чую і бачу, калі яны во праз тэлевізар кажуць нешта ці робяць. Колькі вашываму не таіцца, вош на лоб выпаўзе... Потым, пазней будзем пра ўсё гаварыць. Ты адно памятай: ёсць святло, ёсць і цемра. Ты да святла выйшаў — нехта ў цемру зайшоў. Мы ў свет — доля ўслед...
Калі сонца схавалася за страхой хлява, узяліся шчапаць дровы. Уладзімір казаў, каб стары толькі зносіў, але Уладзя заўпарціўся:
— Ну, я табе не зломак яшчэ. Досыць на двух такой гары.
З-за хлява, з лугу ў нізіне за гародамі пацягнула свежасцю, калі насупраць двара прыпыніўся аўтамабіль. Уладзімір скоса глянуў і свіснуў у думках: нішто сабе госцейкі ездзяць да дзеда: гэта была не проста іншамарка, а дарагі чорны ўсюдыход.
— Што, спадар Уладзіслаў сабе парабка знайшоў? — гучна, з усмешкай, казаў каржакаваты, гадоў сарака мужчына, які вылез з аўтамабіля і цяпер заходзіў у двор.
Што адразу кідалася ў вочы — ягоная ўпэўненасць. Ён ішоў надворкам, нібы гэта быў яго асабісты дом, але ў той жа самы час не пашыбаваў травой, а рушыў пратаптанай сцяжынкай. Ростам ён, калі падышоў бліжэй, выявілася, быў вышэй за сярэдні, гэта шырокія плечы рабілі яго ніжэйшым. Але быў падцягнуты, без аніякага тлушчу на жываце. Светла-шэрыя лёгкія нагавіцы, такая ж кашуля з кароткімі рукавамі навыпуск. Крыху прыкамечанае ўсё, але чыстае. Падстрыжаны каротка, валасы цямнявыя, частымі серабрынкамі. Шырокі скуласты твар без расліннасці паспеў добра загарэць, прымружаныя вочы глядзелі пільна, хоць і ўсміхаліся, простыя чорныя бровы амаль сходіліся на пераноссі.